Устаноўчы зьезд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне»
Устаноўчы зьезд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» — мерапрыемства, пад час якога 24—25 чэрвеня 1989 году ў Вільні адбылося заснаваньне аднаго з самых уплывовых нацыянальных рухаў Беларусі канца ХХ — пачатку ХІХ стагодзьдзяў. На зьезьдзе прысутнічала каля 400 дэлегатаў. Правесьці паседжаньне ў Менску не дазволіў Прэзыдыюм Вярхоўнага савету БССР.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падрыхтоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» друкуецца артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва аб масавых расстрэлах ва ўрочышчы Курапаты. 19 чэрвеня праходзіць дэманстрацыя, у якой бяруць удзел каля 10 000 чалавек; улады вымушаныя стварыць камісію па расьсьледаваньні курапацкіх расстрэлаў.
19 кастрычніка 1988 адбываецца ўстаноўчы сход беларускага гістарычна-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі», заснавальнікамі якога выступілі Саюз пісьменьнікаў, Саюз кінэматаграфістаў, Саюз мастакоў і рэдакцыя газэты «Літаратура і мастацтва». На гэтым сходзе з прапановы З. Пазьняка ствараецца аргкамітэт БНФ «Адраджэньне», канцэптаванага як грамадзка-палітычны рух за дэмакратычнае рэфармаваньне грамадзтва і адраджэньне беларускай нацыі, у якім могуць браць удзел як асобныя грамадзяне, так і грамадзкія аб’яднаньні. У якасьці абрашчыка для БНФ бачыліся аналягічныя рухі ў прыбалтыйскіх рэспубліках СССР: Саюдзіс, Народны фронт Латвіі, Народны фронт Эстоніі.
Арганізацыйны камітэт апублікаваў праграмную заяву, у якой акрэсьліў скіраванасьць руху на дэмакратычныя рэформы, рэальны сувэрэнітэт Беларусі, нацыянальнае адраджэньне, абарону правоў чалавека. Сярод асобаў, што ўвайшлі ў склад Арганізацыйнага камітэту, былі Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Міхась Дубянецкі, Зянон Пазьняк, Міхась Ткачоў, Юры Хадыка[1] і Алесь Бяляцкі.
Плянавалася правесьці зьезд у Менску ў траўні, але пасьля стала вядома, што камуністычныя ўлады не дадуць гэта зрабіць. Таму было вырашана перанесьці яго ў Вільню ў Палац прафсаюзаў, дзе ў той час быў моцны рух «Саюдзісу». Большасьць дэлегатаў ехала ў Вільню 24 чэрвеня цягніком «Чайка». У Вільні на станцыі імі былі ўзьнятыя бел-чырвона-белыя сьцягі, лёзунгі, згуртавалася калёна.
Хада зьезду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Устаноўчы зьезд БНФ, на якім прысутнічала каля 400 дэлегатаў, адбыўся 24—25 чэрвеня 1989 у Вільні.
На пачатку мерапрыемства на сцэну выйшлі юнакі і дзяўчаты за ансамбля «Дзяньніца» і прасьпявалі «Не загіне край наш родны, покі будуць людзі». Пасьля на сцэну выйшаў Зянон Пазьняк і абвясьціў аб адкрыцьці Ўстаноўчага зьезду БНФ. У прэзыдыюм зьезду абралі Зянона Пазьняка, Юрыя Хадыку і Вінцука Вячорку.
Зьезд абраў Сойм, ухваліў Статут, праграму і пастановы аб кірунках і спосабах дзейнасьці: «Аб палітычным плюралізме», «Аб беларускай нацыянальнай сымболіцы», «Аб дзяржаўнасьці беларускай мовы», «Аб пераадоленьні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы» і «Аб праекце Канстытуцыі БССР»[1]. За савецкім часам для аблягчэньня афіцыйнага ўліку поўны назоў улучаў выраз «за перабудову» — Беларускі народны фронт за перабудову «Адраджэньне»[2].
Ва ўхваленым Статуце, у разьдзеле «Сувэрэнітэт» утрымлівалася патрабаваньне дакладных юрыдычных гарантыяў права выхаду Беларусі са складу СССР, вяршэнства законаў БССР на яе тэрыторыі, рэальнага сувэрэнітэту як найважнейшай умовы існаваньня нацыі.
На пасаду старшыні Сойму БНФ абсалютнай бальшынёй галасоў быў абраны Зянон Пазьняк. Яго намесьнікамі сталі Юрась Хадыка і Міхась Ткачоў.
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля зьезду, грамадзкая актыўнасьць давала пра сябе знаць цягам усяго 1989 году. 19 лютага аргкамітэт БНФ наладзіў першы апазыцыйны мітынг у Беларусі пад нацыянальнымі сьцягамі на менскім стадыёне «Дынама». Сорак тысячаў яго ўдзельнікаў прынялі рэзалюцыю, якая патрабавала скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіроўную ролю кампартыі. У тым жа годзе шэраг дэмакратычных кандыдатаў пры падтрымцы БНФ абіраюцца ў Вярхоўны Савет СССР.
Пасьля сябры БНФ прынялі ўдзел у выбарах у прадстаўнічыя органы ўлады БССР. Вынікам стала зьяўленьне ў беларускім парлямэнце фракцыі БНФ — 27 з 345 дэпутатаў. Гэтыя людзі склалі ядро дэмакратычнай апазыцыі, ініцыяваўшы прыняцьцё Дэклярацыі аб сувэрэнітэце і ўрэшце абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, правядзеньне палітычных і эканамічных рэформаў, вяртаньне беларускай гістарычнай сымболікі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Леанід Яўменаў, Аляксандар Дзьмітрук. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2. — С. 450—451. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
- ^ Праграма Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэньне» (1989 г.) // Беларуская лічбавая бібліятэка, 16 верасьня 2005 г. Праверана 16 кастрычніка 2014 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 30 гадоў таму ў Вільні адбыўся Ўстаноўчы зьезд БНФ, Радыё Свабода, 25—06—2019
- Устаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», успаміны Анатоля Белага