Перайсьці да зьместу

Бітва пры Пашэндэйле

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Трэцяя бітва пры Іпры»)
Бітва пры Пашэндэйле
Трэцяя бітва пры Іпры
Дата: 11 ліпеня — 10 лістапада 1917
Месца: 50°54′1″ пн. ш. 3°1′16″ у. д. / 50.90028° пн. ш. 3.02111° у. д. / 50.90028; 3.02111Каардынаты: 50°54′1″ пн. ш. 3°1′16″ у. д. / 50.90028° пн. ш. 3.02111° у. д. / 50.90028; 3.02111
Фляндрыя, Бэльгія
Вынік: Войскі Антанты ня здолелі прарваць фронт
Супернікі
Сьцяг Вялікабрытаніі Брытанская імпэрыя
Вялікабрытанія Вялікабрытанія
Канада Канада
Аўстралія Аўстралія
Новая Зэляндыя Новая Зэляндыя
Сьцяг Паўднёва-Афрыканскага саюзу (1912-1928) ПАС
Сьцяг Францыі Францыя
Сьцяг Нямеччыны (1871-1918, 1933-1935)Нямецкая імпэрыя
Камандуючыя
Сьцяг Вялікабрытаніі Дуглас ХэйгСьцяг Нямеччыны (1871-1918, 1933-1935)Эрых Людэндорф
Колькасьць
450 брытанскіх,
6 францускіх дывізій
77 дывізій +
6 дывізій ў рэзэрве
Страты
508 800 забітымі, параненымі і палоннымі348 300 забітымі, параненымі і палоннымі

Бі́тва пры Пашэндэ́йле (трэ́цяя бі́тва пры Іпры) (11 ліпеня — 10 лістапада 1917 году) — адна з найбуйнейшых бітваў Першай сусьветнай вайны паміж саюзнымі (пад брытанскім камандаваньнем) і нямецкімі войскамі. Бітва складалася з шэрагу асобных баявых апэрацыяў, якія доўжыліся зь ліпеня 1917 году да лістапада 1917 году. Бітва адбывалася на тэрыторыі Бэльгіі ў раёне вёскі Пашэндэйль, каля гораду Іпр у Заходняй Фляндрыі.

Апэрацыя пад Пашэндэйлем мела шэраг стратэгічных задачаў. Галоўнай мэтай было зьнішчэньне баз нямецкіх падводных лодак на ўзьбярэжжы Паўночнага мора і тым самым нанясеньне сур’ёзнага ўдару па пляну неабмежаванай падводнай вайны.

У ходзе наступу брытанскія войскі шмат разоў спрабавалі прарваць нямецкі фронт у раёне Пашэндэйля. Аднак у іх гэта не атрымалася. Бітва працягвалася зь ліпеня 1917 году і завяршылася 6 лістапада 1917 году, калі канадзкім войскам удалося захапіць вёску Пашэндэйль.

Бітва пры Пашэндэйле стала сымбалям жаўнерскай пакуты ў жудасных умовах. Бітвы праходзілі ў багністай мясцовасьці, да таго ж лета 1917 году выдалася халодным і дажджлівым. Войскі з абодвух бакоў фактычна «патанулі ў брудзе» Пашэндэйля. Бітва пры Пашэндэйле забрала сотні тысячаў жыцьцяў. Саюзьнікі панесьлі вялікія страты, здолеўшы прасунуцца толькі на некалькі кілямэтраў. Аднак многія гісторыкі падкрэсьліваюць значнасьць гэтай бітвы, паколькі яна ўдасканаліла наступальную тактыку саюзьнікаў і дала магчымасьць у канчатковым выніку завяршыць вайну ў 1918 годзе.

Колькасьць людзкіх стратаў выклікаюць спрэчкі да гэтага часу. Аднак вядома, што сотні тысячаў чалавек былі забітыя і параненыя з абодвух бакоў.

Перадумовы і расклад сілаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульнае становішча на фронце ў 1917 годзе

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян кампаніі на 1917 год краіны Антанты прынялі напрыканцы 1916 году, на канфэрэнцыі ў Шанційі. Гэты плян прадугледжваў адначасовы наступ саюзных войскаў на трох тэатрах ваенных дзеяньняў (Заходнім, Усходнім і Італьянскім) да канчатковы разгром войскаў Цэнтральных краін. Напачатку 1917 году на саюзнай канфэрэнцыі ў Рыме, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Лойд Джордж прапанаваў перадаць ангельска-францускую артылерыю на Італьянскі фронт, каю дамагчыся максымальнага эфэкту ад наступу ў раёне Ізонца. Аднак гэтая прапанова не была прынятая з-за нежаданьня францускага боку.

Новы галоўнакамандуючы францускай арміі генэрал Робэрт Нівэль патрабаваў рашучага наступу на Заходнім фронце. Па яго пляну рашучыя ўдары ангельска-францускіх войскаў павінны былі прывесьці да прарыву нямецкага фронту і разгрому праціўніка. Асноўныя цяжкасьці ў будучай апэрацыі ўскладаліся на францускія войскі, таму брытанскае камандаваньне пастанавіла правесьці асобную наступальную апэрацыю ў раёне Іпру.

Наступ Нівэля праваліўся, прарваць фронт не атрымалася, саюзьнікі панесьлі цяжкія страты, а сам Нівэль за правал апэрацыі быў зьняты з пасады галоўнакамандуючага францускай арміі. Да студзеня 1917 году генэрал Дуглас Хэйг пастанавіў правесьці наступальную апэрацыю ў Фляндрыі. Брытанскае камандаваньне разьлічвала прарваць фронт і зьнішчыць базы нямецкіх падводных лодак, якія праводзілі неабмежаваную падводную вайну.

Пасьля правалу францускага наступу француская армія не была гатовая праводзіць нейкія актыўныя баявыя дзеяньні, і ў гэтых умовах кабінэт міністраў Вялікабрытаніі канчаткова вырашыў прыняць палян Хэйга по наступу ў Фляндрыі.

Па пляну брытанскага камандаваньня галоўнымі мэтамі наступу быў прарыў фронту, захоп горнага сьцягу Пашэндэйль, прыбярэжных дзюн і зьнішчэньне базаў нямецкіх падводных лодак на бэльгійскім узьбярэжжы. Неабмежаваная падводная вайна наносіла вялічэзныя страты саюзьнікам, асабліва Брытанскай імпэрыі, таму гэтая задача лічылася самай знанай для войскаў саюзьнікаў у кампаніі 1917 году на Заходнім фронце.

Агульнае становішча ў раёне Іпру

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пачатковая (перад наступам) (карычневая) і канчатковая (пасьля наступу) (чырвоная) лінія фронту ў раёне Пашэндэйль.

Лінія фронту ў раёне Іпру стабілізавалася напрыканцы 1914 году, пасьля Фляндрскай бітвы. Іпр заставаўся ў руках Антанты, нямецкія войскі замацаваліся на горных сьцягах на поўдні ад гораду, на ўсходзе ўзвышшаў было менш, а з поўначы нямецкія часткі знаходзіліся на раўніне. Гэта рабіла немагчымай выведку нямецкіх пазыцыяў.

Нямецкае камандаваньне разумела, што атака ў Фляндрыі вельмі верагодная. Таму тут былі зробленыя моцныя ўмацаваныя пазыцыі. Колькасьць нямецкіх лініяў абароны даходзіла да пяці. Пазыцыі былі добра ўмацаваныя калючым дротам.

Раён Іпру быў вельмі забалочаны. Акрамя горных сьцягаў, асноўная частка тэрыторыі ляжыць ніжэй на ўзроўню мора. Забалочаныя раўніны цягнуліся на дзясяткі кілямэтраў. Балоты займалі большую частку раёну Пашэндэйль. Акрамя гэтага, лета 1917 году было не зусім зручным для баявых дзеяньняў. Часта ішлі дажджы, у ліпені і жніўні, часта з навальніцамі. Большасьць дзён былі пахмурнымі, балота зрабілася сымбалем бітвы пры Пашэндэйле.

Гэтыя складаныя ўмовы сталіся вызначальнымі фактарамі, якія не дазволілі брытанскім войскам выканаць галоўную мэту.

Пасьля прыняцьця пастановы аб настуце ў Фляндрыі, брытанскае камандаваньне пачала падрыхтоўку да апэрацыі. Па пляну галоўны ўдар па пазыцыям праціўніка наносіўся ў напрамку Іпр, Пэлькапэль, Пашэндэйль. Вучастак прарыву — 4 км. Галоўную ўдарную ролю ў гэтым прарыве ажыцьцяўляла 5-я ангельская армія, якая складалася з чатырох корпусаў (9 дывізій). 5-ю армію падтрымлівала 2-я ангельская армія, што складалася з трох корпусаў (5 дывізій), а таксама і 1-я француская армія ў складзе аднаго корпусу з двух дывізіі.

Войскі саюзьнікаў на вучастку плянаванага прарыву былі добра ўкамплектаваныя тэхнікай і разнастайным ўзбраеньнем. Толькі брытанскія войскі мелі ў сваім складзе 3594 гармат, зь якіх 1327 цяжкіх. Брытанцы мелі 548 самалётаў (зь іх 230 зьнішчальнікаў), французы — 200 самалётаў (зь іх 100 зьнішчальнікаў). Вялікая роля ў апэрацыі адводзілася танкам, у войсках саюзьнікаў іх налічвалася 216 адзінак. Іх разасяродзілі невялікімі групкамі паміж атакуючымі дывізіямі 5-й арміі.

На гэтым вучастку фронту абарону трымала 4-я нямецкая армія. Нямецкія войскі моцна саступалі войскам Антанты на гэтым адцінку фронту. Супраць 5-й ангельскай арміі, нямецкае камандаваньне выставіла 13 дывізій (5 на лініі фронту, 4 у бліжэйшым рэзэрве і 4 у стратэгічным рэзэрве). Супраць францускага корпусу немцы выставілі 2 дывізіі (адна — у рэзэрве). Нямецкія войскі мелі 1556 гармат, зь якіх 737 (345 цяжкіх) былі выстаўлены супраць 5-й ангельскай арміі. Нямецкая авіяцыя ў гэтым раёне налічвала каля 600 самалётаў.

Таксама, пасьля Мэсынскай бітвы немцы палепшылі свае абаронныя пазыцыі ў раёне Іпру. Нямецкі знаўца па абаронных збудаваньнях палкоўнік фон Лосбэрг (начальнік штабу 4-й нямецкай арміі) ўзяўся спраўна ўмацоўваць нямецкую абарону. Акрамя існуючых 4-х ліній абароны, была створаная яшчэ адна. Было значна павялічана колькасьць кулямётных кропак. Усе гэта прынесла свае вынікі ўжо хутка — пасьля пачатку саюзнымі войскамі апэрацыі ў раёне Іпру.

Макет дрэва, які выкарыстоўваўся аўстралійскімі войскамі, як назіральны пункт. Мэсынская бітва, чэрвень 1917 году

Мэсынская бітва была падрыхтоўчай апэрацыяй напярэдадні вялікага наступу каля ракі Іпр, з мэтаю зрэзаць 15-кілямэтровы выступ немцаў, які ўціснуўся ў ангельскую абарону і палепшыць сваё стратэгічнае становішча. Мэсынскі горны сьцяг мог стацца вялікай пагрозай для брытанскага наступу і раёне Пашэндэйля, таму, што з гэтых пазыцыяў немцы маглі нанесьці контрудар, таму было вырашана напярэдадні асноўнага наступу ліквідаваць нямецкія пазыцыі і раёне горнага сьцяга Мэсын. Немцы мелі ў гэтых мясьцінах усяго 5 дывізій. Мэтай ангельскай арміі быў захоп ўзвышша і лініі акопаў. У наступе таксама прымалі ўдзел каля 300 аэраплянаў і больш за 80 танкаў. Таксама ангельцы, старанна вывучылі структуры глебы атакуемых ваколіц, яшчэ ў 1916 годзе пачалі падрыхтоўчыя працы і за 15 месяцаў заклалі боль 20 вялічэзных тунэляў пад другім ўзроўнем грунтовых вод у пласьце блакітнай гліны. Гэтыя тунэлі ангельцы мініравалі, паднятую на паверхню зямлю маскіравалі, каб яе не заўважылі нямецкія аэрапляны.

Напрыканцы траўня ангельцы падарвалі закладзеную выбухоўку. Першая і другая лінія абароны была зьнішчаныя. 7 чэрвеня ў атаку пайшлі танкі і пяхота, якія прарвалі нямецкую абарону. Нямецкія жаўнеры дэмаралізаваныя выбухамі, моцна не супраціўляліся. Падчас наступу брытанцы захапілі ў палон 7200 жаўнераў і 145 афіцэраў, а таксама вялікую колькасьць кулямётаў. Апэрацыя скончылася 14 чэрвеня 1917 году. Яна значна палепшыла стратэгічнае становішча брытанскіх войскаў напярэдадні галоўнага наступу на Пашэндэйль.

У ліпені брытанскае камандаваньне распачало апэрацыю па прарыву фронту ў раёне Пашэндэйля. Дзеля гэтага ангельскае камандаваньне прызначыла галоўнай мэтай — захапіць нямецкія пазыцыі ўздоўж ракі Ізэр. У гэты раён сталі сьцягваць артылерыю. Пасьля чатырохдзённага бамбаваньня нямецкіх пазыцыяў немцы пачалі адводзіць свае войскі на больш умацаваныя рубяжы абароны, асьцерагаючыся нечаканай атакі ангельцаў.

13 ліпеня немцы ўпершыню выкарысталі іпрыт (снарады «жоўты крыж»). Гэтае рэчыва ўяўляла сабою вадкасьць, якая, трапляючы на скуру чалавека, наносіла моцную шкоду. Іпрыт, выпараючыся, ўплываў на лёгкія, вочы, што часта прыводзіла да сьмерці. Пасьля такой атакі брытанцы згубілі 2143 чалавекі, зь якіх 66 памерла. Немцы выкарыстоўвалі іпрыт да верасьня 1917 году. Страты саюзьнікаў ад новага атрутнага рэчыва ў восем разоў пераўзыходзілі страты, якія нанесьлі ўсе іншыя газы.

27 ліпеня саюзныя войскі здолелі пераадолець раку Ізэр, але нямецкія пазыцыі тут былі пустыя. Нямецкае камандаваньне лічыла вопыт іншых артабстрэлаў і адвяло свае гарматы ўглыб абароны. Гэта зрабіла іх недасяжнымі для артылерыі ангельцаў, якой было вельмі цяжка рухацца ўсьлед за наступаючай пяхотай па перааранай снарадамі мясцовасьці. Нягледзячы на вялізарныя страты, немцаў атрымалася стрымаць націск ангельцаў.

Бітва на горным сьцяге Пілкэм (31 ліпеня)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ангельскія артылерысты займаюць новыя пазыцыі, 31 ліпеня

31 ліпеня саюзныя войскі перайшлі ў атаку ў раёне горнага сьцягу Пілкэм. Наступаючыя здолелі прасунуцца на 1,8 км. Аднак ў гэтай бітве саюзьнікі панесьлі вялізныя страты — каля 32 тысячаў забітымі, параненымі, палоннымі і зьніклымі безь вестак. Вялікія страты ангельцаў сьведчылі пра паляпшэньні нямецкай абароны. Немцы наносілі адчувальныя контрудары па брытанскім войскам, якія прарываліся ўглыб. Аднак і нямецкая армія панесла вялікія страты, у асноўным ад ангельскай артылерыі.

Бітва пры Лянгэмарке (16-18 жніўня)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 16 па 18 жніўня адбывалася зацятая бітва за селішча Лянгэмарк, якое брытанцы здолелі захапіць. Умовы вядзеньня баёў у ваколіцах Пашэндэйлю былі жахлівыя. Паколькі з-за частых артабстрэлаў дрэнажныя канавы ў гэтым раёне былі зьнішчаныя, вада заліла нізіны, да таго ж ў гэты час прайшлі моцныя залевы. Усё гэтае ператварыла зону баявых дзеяньняў у шырокія плошчы з дрыгвою і кратэрамі ад снарадаў, што запаўняліся вадой.

У гэтых умовах жаўнерам даводзілася масьціць драўляныя сьцяжынкі, каб не завязнуць у балоце. Аднак часта жаўнеры, нагружаныя розным рыштаваньнем (да 45 кг), апыналіся ў балоце ці кратэрах з вадой, шмат, хто зь іх тануў. Дрэвы, з-за пастаянных абстрэлаў, ператвараліся ў голыя камлі, бэз гальля і лістоты.

Аўстралійскія жаўнеры ў Іпры, 1917 год.

Пасьля таго, як 5-я брытанская армія не атрымала значных посьпехаў на вучастку прарыву, камандуючы брытанскімі войскамі генэрал Гэйг пастанавіў перанесьці напрамак галоўнага ўдару. Брытанскае камандаваньне вырашыла нанесьці ўдар на паўднёвым усходзе, уздоўж паловы горнага сьцягу Пашэндэйль. Асноўная роля ў новым наступе ўскладалася на 2-ю брытанскую армію, пад началам генэрала Гэрбэрта Плюмэра.

Бітва пры Мэнэнскай дарозе (20-25 верасьня)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для новага наступу брытанскае камандаваньне разьмясьціла на дарозе на Мэнэн 1295 гарматаў. Пасьля магутнай артпадрыхтоўкі 20 верасьня брытанскія войскі пайшлі ў атаку. Брытанцы пасьпелі застаць зьнянацку немцаў і прасунуцца на 1,4 км. Аднак наступаючыя панесьлі вялізныя страты — 21 тысячу забітымі і параненымі.

Магутная артпадрыхтоўка і наступная атака былі поўнай нечаканасьцю для немцаў. Гэтая бітва паказала, што нават пры добра ўмацаваных пазыцыях, немцы не заўжды могуць адбіваць брытанскія атакі.

Бітва пры Шматкутным Гаю (26 верасьня — 3 кастрычніка)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля бітвы пры Мэнэнскай дарозе нямецкае камандаваньне ўнесла зьмены ў абаронную тактыку. Была павялічана колькасьць войскаў на лініях абароны. Але гэта толькі павялічвала страты немцаў пры артпадрыхтоўцы войскаў Антанты.

З 26 верасьня брытанскія войскі пачалі наступ на Шматкутны Гай (невялікі лес паміж Іпрам і Зонэбэке), дзе да 3 кастрычніка здолялі дамагчыся посьпехаў і выбіць адтуль немцаў. Падчас гэтых баёў саюзьнікі згубілі 30 тысячаў забітымі, параненымі і палоннымі. Захоп Шматкутнага Гаю патрабаваў ад брытанцаў захопу горнага сьцягу Пашэндэйль.

Тое, што пры падрыхтоўцы не былі ўлічаныя прыродныя ўмовы мясцовасьці мелі вялікія наступствы для ўсёй апэрацыі. Танкі, як новы від зброі, расчаравалі ангельскую пяхоту. Хоць асобныя машыны выдатна вялі баі, большасьць ня здолела пераадолець натуральныя перашкоды і загразла ў дрыгве, зрабіўшыся лёгкай мішэньню для нямецкай артылерыі. Балоты зрабіліся гэтак званымі «танкавымі могілкамі». Галоўнай жа памылкаю танкавага наступу было тое, што машыны былі раскіданыя паміж атакуючымі ангельскімі часткамі. Гэтым скарысталіся немцы — яны прапускалі танкі і змагаліся толькі з наступаючай пяхотай.

Няўдалы вопыт Пашэндэйля прымусіў брытанскае камандаваньне быць больш абачлівым пры падрыхтоўцы вайсковых апэрацыяў.

Бітва пры Пашэндэйле ў культуры і мастацтве

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бітва пры Пашэндэйлесховішча мультымэдыйных матэрыялаў


  • Киган Джон Первая мировая война — М.: АСТ, 2004. — 576 с — 4 000 экз. — ISBN 5-170-12437-6.
  • Зайончковский А. М. Первая мировая война — СПб.: Полигон, 2000. — 878 с — ISBN 5-89173-082-0.
  • Бэзил Лиддел Гарт 1914. Правда о Первой мировой — М.: Эксмо, 2009. — 480 с — 4 300 экз. — ISBN 978-5-699-36036-9.
  • История Первой мировой войны 1914—1918 гг. / под редакцией И. И. Ростунова — в 2-х томах. — М.: Наука, 1975. — 25 500 экз.