Слуцкі Траецкі манастыр
| Помнік сакральнай архітэктуры | |
Манастыр Сьвятой Тройцы | |
Трайчанскі манастыр | |
| Краіна | Беларусь |
| Места | Слуцак |
| Каардынаты | 53°00′58″ пн. ш. 27°32′41″ з. д.HGЯO |
| Дата заснаваньня | 1865 |
Манастыр Сьвятой Тройцы на мапе Беларусі Манастыр Сьвятой Тройцы | |
Манастыр Сьвятой Тройцы або Трайчанскі манастыр — помнік архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў у Слуцку. Знаходзіцца на левым беразе ракі Случы, у прадмесьці Трайчанах, на Віленскай вуліцы. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, пазьней — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры барока і клясыцызму.
Комплекс складаўся з саборнай царквы Сьвятой Тройцы, цёплай царквы Зьвеставаньня Багародзіцы, манастырскага корпуса зь цёплай царквой Яна Багаслова, будынка духоўнай сэмінарыі, гаспадарчых пабудоваў і мура з брамай. У сярэдзіне XX ст. савецкія ўлады зруйнавалі большую частку комплексу, да нашага часу захаваўся толькі будынак духоўнай сэмінарыі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першы пісьмовы ўпамін пра манастыр датуецца 1455 годам. Лічыцца, што ў 1505 годзе пры манастыры збудавалі Траецкую царкву, што аднак не пацьвярджаецца дакумэнтальна. У 1654 годзе царква была ўжо мураванай, астатнія пабудовы — драўлянымі.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспаліта (1654—1667) маскоўскія захопнікі і казакі спустошылі і зруйнавалі манастыр[1], Траецкую царкву практычна цалкам зьнішчылі. Тагачасны ўладальнік Слуцку князь Багуслаў Радзівіл у 1667 годзе фундаваў адбудову манастыра і царквы, а жыхары места (пераважна купцы і шляхта) у 1668—1669 гадох рабілі ўнёскі на мураваньне царквы.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) Траецкую царкву зноў зруйнавалі. У 1785—1788 гадох яе адбудавалі на заказ слуцкага архімандрыта Віктара Садкоўскага паводле праекту і пад кіраўніцтвам Шаі Турава, слуцкага мяшчаніна, у стылі барока. Пры манастыры дзеяла школа граматы і рамёстваў. З 1785 году на тэрыторыі комплексу разьмяшчалася духоўная сэмінарыя.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) калі Слуцак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, манастыр канчаткова перайшоў у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Тады ж тут разьмясьцілася Менская духоўная сэмінарыя.
У 1867 годзе ў манастыры збудавалі новы корпус зь цёплай царквой Сьвятога Яна Багаслова, у 1868 годзе над мураванай уваходнай брамай надбудавалі цёплую царкву Зьвеставаньня Багародзіцы.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У рэвалюцыю 1917 году бальшавікі абрабавалі манастыр, а архімандрыта Апанаса (Вячорку) выслалі. У траўні 1926 году манахі падтрымалі архіяпіскапа-абнаўленца Данііла Грамавенку, які 5 верасьня прыбыў у Слуцак. 21 лютага 1930 году савецкія ўлады зачынілі манастыр. Найбольш каштоўныя рэчы з манастыра забралі ў музэй, астатняе разрабавалі. Канчатковае зьнішчаэньне манастырскага комплексу завяршылася ў 1950-я гады.
У наш час на тэрыторыі манастыра разьмяшчаецца вайсковае мястэчка. У 1994 годзе тут паставілі памятны крыж.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Траецкая царква
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Траецкая царква — крыжова-купальная ў пляне базыліка зь дзьвюма 3-яруснымі чацьверыковымі вежамі-званіцамі на галоўным фасадзе, на паўночнай вежы быў гадзіньнік. Тарцовыя сьцены крылаў трансэпта завяршаліся фігурнымі франтонамі. Над сяродкрыжжам узвышаўся аб’ём зь вялікім купалам на чацьверыку, над ім — бэльвэдэр, увянчаны маленькім купалам на сьветлавым барабане. Перад галоўным уваходам да сьцяны далучаўся прытвор пад 2-схільным дахам.
У царкве захоўваліся цудоўны абраз Маці Божай бізантыйскага пісьма, Эвангельле 1582 году, пісанае слуцкім князем Юрыем Алелькавічам, старажытныя партрэты князёў Алелькавічаў, вырабы з срэбра і іншыя[2].
Манастыр
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Стары дом архімандрыта — драўляны будынак на мураваным падмурку, складаўся зь дзесяці пакояў. Меў прыбудовы — жылыя пакоі, поварню, лядоўню. У старых кельлях, у якіх налічвалася дзесяць пакояў, была трапэзная i памяшканьні для паслушнікаў. Побач — шэсьць пад адным дахам — стаялі манаскія кельлі.
Новы дом архімандрыта — Г-падобны ў пляне, 2-павярховы будынак, накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад выходзіў на раку, а меншае, бакавое крыло, — да Траецкай царквы. Звонку іхныя сьцены пасярэдзіне завяршаліся 3-прыступкавымі атыкамі, а ўсім пэрымэтрам праходзіў міжпавярховы паясок. Сярэдзіны фасадаў таксама аздабляліся пілястрамі, а вокны паміж імі — простымі на першым паверсе, i паўкруглымі на другім паверсе — сандрыкамі. Усярэдзіне бакавога крыла быў ўваход, ад якога да царквы вяла дарога, абсаджаная бэзам.
Апроч таго, у склад комплексу ўваходзілі мураваны «скабец» з склепам, гаспадарчыя пабудовы — адрына, стайні, бровар, студня з компасам (на драўляных слупах) і інш.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Старая графіка
- Траецкая царква. Н. Орда, 1864—1876 гг.
- Пацір. Д. Струкаў, 1864 г.
- Рэліквія. Д. Струкаў, 1864 г.
- Архіяпіскапскі дом, 1891 г.
- Траецкая царква, 1891 г.
- Царква Зьвеставаньня Багародзіцы, 1896 г.
- Надмагільле Соф'і Радзівіл, 1890 г.
- Надмагільле С. Радзівіл, 1896 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Старыя здымкі
- Надмагільле С. Радзівіл, 1894 г.
- Траецкая царква, 1904 г.
- Агульны выгляд, 1910 г.
- Агульны выгляд, каля 1910 г.
- Траецкая царква, 1914 г.
- Духоўная сэмінарыя, да 1918 г.
- Духоўная сэмінарыя, да 1918 г.
- Уваход у манастыр, да 1918 г.
- Пробашч манастыра з посахам Юрыя Алелькавіча, да 1918 г.
- 1943 г.
- 1943 г.
- 1943 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сучасны стан
- Будынак сэмінарыі
- З боку вуліцы
- Дворык
- Інтэр’ер
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Ціткоўскі І. Помнікі архітэктуры Слуцка. — Слуцак, 1997.
- ↑ Пятровіч Н. Слуцкі Троіцкі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 594.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Ціткоўскі І. Помнікі архітэктуры Слуцка. — Слуцак, 1997. ISBN 985-6219-09-4.