Сяргей Дзяргай
Сяргей Дзяргай | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 17 верасьня 1907 |
Памёр | 25 сьнежня 1980 (73 гады) |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладнік, паэт |
Гады творчасьці | з 1938 |
Жанр | лірыка і гумар[d] |
Мова | беларуская мова[1] |
Узнагароды |
Сяргей Сьцяпанавіч Дзярга́й (17 верасьня (паводле іншых зьвестак 27 верасьня) 1907, Менск — 25 сьнежня 1980, Менск) — беларускі паэт, перакладчык.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 17 верасьня (паводле іншых зьвестак 27 верасьня) 1907 году ў Менску ў сям’і чыгуначніка. У 1924 годзе скончыў Першую менскую чыгуначную сямігадовую школу, затым у 1927 годзе — трохгадовыя агульнаадукацыйныя курсы. Не вучыўся далей праз благі стан здароўя. Шмат займаўся самаадукацыяй.
У сярэдзіне 1930-х гадоў працаваў карэктарам у друкарні газэты «Звязда». Арыштаваны 15 сакавіка 1935 году ў Менску па адрасе: Міхайлаўскі завулак, д. 14, кв. 2. Асуджаны 21 чэрвеня 1935 году за «антысавецкую агітацыю» да 3 гадоў ППК і аднаго году пазбаўленьня правоў. Пасьля вызваленьня ў 1937 годзе жыў на вёсцы. У 1938 годзе ў газэце «Літаратура і мастацтва» апублікаваны першы верш С. Дзяргая. Зноў арыштаваны ў 1939 годзе, высланы ў Казахстан. Пасьля вызваленьня з 1941 году жыў у Новай Беліцы пад Гомлем. Падчас нямецка-савецкай вайны жыў у Гомлі, падтрымліваў сувязь з партызанамі, уваходзіў у падпольную антыфашысцкую групу.
З 1946 году жыў у Менску. Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР і Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1950 году. У 1951—1953 гадох працаваў загадчыкам аддзелу паэзіі часопісу «Полымя». У 1953—1967 гадох працаваў адказным сакратаром, рэдактарам аддзелу літаратуры часопісу «Вожык»[2].
Памёр 25 сьнежня 1980 году ў Менску. Пахаваны ў Менску на Паўночных могілках.
Рэабілітаваны Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь 27 сакавіка 1992 году. Асабовая справа Сяргея Дзяргая № 34633-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютаваў вершам у 1938 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Вачыма будучыні» (вершы і паэмы, 1953), «Крэмень аб крэмень» (вершы і паэмы, 1958), «Цешча» (гумарыстычныя вершы, 1959), «Чатыры стыхіі» (вершы і паэмы, 1962, дапоўненае выданьне ў 1988), «Сьвята ў будзень» (1964), «Салата з дзядоўніку» (гумарыстычныя вершы, 1967), «Выбранае» (1967), «Вершы» (1974), «На вогненнай сьцяжыне: Выбранае» (вершы і паэмы, 1977).
Асноўныя тэмы паэзіі — любоў да роднай зямлі, гераічны подзьвіг народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Для творчасьці паэта характэрныя філязофская засяроджанасьць на складаных праблемах часу, асацыятыўнасьць мастацкага мысьленьня, фальклёрна-песенная вобразнасьць, высокі ўзровень культуры вершу.
Пераклаў на беларускую мову паэмы «Гражына» А. Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю. Славацкага, «Дванаццаць» А. Блока, «На ўвесь голас» У. Маякоўскага, «Сінія гусары» М. Асеева, «Сын» П. Антакольскага, «1905 год» Б. Пастарнака, паасобныя творы М. Канапніцкай, У. Бранеўскага, Ю. Тувіма, І. Бехера, Г. Зегерс, М. Лермантава, С. Шчыпачова, Л. Украінкі, Л. Гіры і іншых.
Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік вершаў і паэмаў «Чатыры стыхіі».
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чатыры стыхіі. Менск, 1962, 1988.
- Выбранае. Менск, 1967;
- Вершы. Менск, 1974;
- На вогненнай сьцяжыне. Менск, 1977.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
- Нарадзіліся 17 верасьня
- Нарадзіліся ў 1907 годзе
- Нарадзіліся ў Менску
- Памерлі 25 сьнежня
- Памерлі ў 1980 годзе
- Памерлі ў Менску
- Пахаваныя на Паўночных могілках
- Узнагароджаныя мэдалём «За адвагу»
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускія перакладчыкі
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Сябры Саюзу пісьменьнікаў СССР
- Сябры Саюзу пісьменьнікаў БССР