Перайсьці да зьместу

Сьцяпан Булат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьцяпан Булат
Загадчык аддзелу ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі па працы ў вёсцы
1920 — 1921
3-і сакратар ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі
1921 — 1921
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся11 траўня 1894
Слабада, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр24 ліпеня 1921 (27 гадоў)
Масква, РСФСР
ПартыяКП(б)Б
Адукацыя

Сьцяпа́н Гера́сімавіч Була́т (11 траўня 1894, Слабада, цяпер Узьдзенскі раён, Менская вобласьць — 24 ліпеня 1921, Масква) — беларускі палітычны дзяяч, журналіст[1].

Зь сям’і батрака. Скончыў Менскія настаўніцкія курсы, экстэрнам здаў экзамэны за курс настаўніцкай сэмінарыі[1] і з 1913 г. настаўнічаў у Дзешчанскай народнай вучэльні Менскага павету.

У 1915—1916 гг. і 1918—1919 гг. вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце[1]. У 1916 г. мабілізаваны ў армію, скончыў Віленскую народную вучэльню, служыў у 153-м пяхотным палку, прапаршчык. У канцы сьнежня 1917 г. дэмабілізаваны як настаўнік, працаваў у Слабадзкой народнай вучэльні Менскага павету.

Сябра арганізацыі «Маладая Беларусь», якая ў канцы 1919 г. пераўтвораная ў Беларускую камуністычную арганізацыю. У часе акупацыі Беларусі польскімі войскамі сябра Цэнтральнага камітэту Беларускай камуністычнай арганізацыі і Паўстанцкага камітэту[1], займаўся арганізацыяй партызанскага руху ў Менскім павеце, вёў прапаганду ідэяў савецкае ўлады. Прызнаючы бальшавіцкую праграму, Беларуская камуністычная арганізацыя, аднак, стаяла на беларускіх пазыцыях і адстойвала ідэю стварэньня беларускае дзяржаўнасьці[2]. Па вызваленьні Менску ўступіў у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. У ліпені — жніўні 1920 г. працаваў у Менскім губэрнскім аддзеле народнае асьветы[1]. З жніўня 1920 г. загадчык аддзелу Цэнтральнага камітэту КП(б)Б па працы ў вёсцы. Адначасова рэдактар газэты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газэты «Белорусская деревня». Зь лютага 1921 г. сябра Цэнтральнага бюро, з траўня 1921 г. 3-і сакратар Цэнтральнага камітэту КП(б)Б і загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзелу[3]. Адзін з падпісантаў «Заявы 32-х», якая зьяўлялася спробай распрацаваць і прапанаваць партыйнаму кіраўніцтву накід плятформы нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня савецкай Беларусі з улікам становішча па выніках Рыскага міру. Былі зробленыя прапановы пашырыць рэспубліку на ўсход, распачаць беларусізацыю краю, надаць беларускай мове статус дзяржаўнай. У 1930-х гадах група падпісантаў кваліфікавалася як «група, што змагаецца супраць генэральнае лініі камуністычнае партыі, за адкол групы беларусаў (камуністаў) ад КПБ»[4].

Памёр 24 ліпеня 1921 году ў Маскве пасьля другой апэрацыі[5]. Пахаваны 28 ліпеня а 19-й гадзіне вечара на Старажоўскіх могілках у Менску[5]. Старажоўскія могілкі ў 1950-х гадох былі выраўненыя бульдозэрам[6]. Ёсьць зьвесткі, што рэшткі Булата былі перанесеныя на Вайсковыя могілкі, аднак літаратуразнаўца Рыгор Семашкевіч ня змог знайсьці ягонай магілы. Выказваецца думка, што магіла магла быць зьнішчаная ў часе пашырэньня вуліцы Даўгабродзкай, альбо рэшткі ўвогуле не пераносіліся на Вайсковыя могілкі[7].

Ягонай памяці прысьвечаныя вершы Янкі Купалы «На сьмерць Сьцяпана Булата»[1], Міхася Чарота «Дарогай памяці Сьцяпана Булата», Зьмітрака Бядулі «На сьмерць Сьцяпана Булата». Імя Сьцяпана Булата было нададзена 31-й менскай сямігадовай беларускай школе[8].

  1. ^ а б в г д е Булат Степан Герасимович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 89. — 737 с.
  2. ^ Уладзімер Ляхоўскі Беларуская справа падчас польскай акупацыі 1919—1920 гг. Праверана 29 сьнежня 2015 г. Архіўная копія ад 29 сьнежня 2015 г.
  3. ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1996 Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. 328.
  4. ^ Уладзімер Ладысеў, Пётар Брыгадзін Паміж усходам і захадам: станаўленьне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). — Менск: БДУ, 2003. — С. 141—146. — 307 с. — 500 ас. — ISBN 985-445-963-2
  5. ^ а б Тамара Холад (12 студзеня 2011) И дольше века (рас.). Советская БелоруссияПраверана 29 сьнежня 2015 г. Архіўная копія ад 29 сьнежня 2015 г.
  6. ^ Сторожевское кладбище (рас.). minsk-old-new.com. Праверана 22 сьнежня 2015 г. Архіўная копія ад 22 сьнежня 2015 г.
  7. ^ Алесь Жук Любіце паэтаў, любіце // Літаратурная Беларусь. — 2013. — № 1. — С. 3.
  8. ^ Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 313. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3