Перайсьці да зьместу

Сучасная філязофія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі


Суча́сная эўрапе́йская філязо́фія (філязофія сучаснасьці эўрапейскай культурнай традыцыі) — філязофія XX стагодзьдзя.

Адрозьніваюць аналітычную і кантынэнтальную філязофію.

Некаторыя не пагаджаюцца з такім падзелам сучаснай філязофіі па геаграфічнай прыкмеце.

Аналіты́чная філязо́фія (англасаксонская філязофія, англа-амэрыканская філязофія) — кірунак у філязофскай думцы XX ст., які разьвіваецца пераважна ў англамоўных краінах і аб’ядноўвае вялікую колькасьць рознабаковых канцэпцыяў і школ.

Агульнымі для аналітычнай філязофіі зьяўляюцца наступныя моманты:

  • лінгвістычны паварот — філязофскія праблемы вызначаюцца як тыя, што палягаюць у вобласьці мовы, таму іх рашэньне зьвязана з аналізам гукавых выразаў;
  • сэмантычны акцэнт — засяроджаньне ўвагі на праблемах значэньня;
  • аналітычны мэтад — перавага аналізу ўсім астатнім адменам філязофскай рэфлексіі.

Заснавальнікамі аналітычнай філязофіі зьяўляюцца Готлёб Фрэге, Джордж Мур, Бэртран Расэл і Людвіг Вітгенштайн. Акрамя таго, падобная праблематыка распрацоўвалася ў нэапазытывізьме Венскага кружка і ў нямецкай крытыцы мовы.

Кантынэнта́льная філязо́фія — тэрмін, які выкарыстоўваецца для вызначэньня адной зь дзьвюх галоўных традыцыяў сучаснай заходняй філязофіі. Такая назва выкарыстоўваецца, каб адрозьніць гэтую традыцыю ад англа-амэрыканскай альбо аналітычнай філязофіі, бо, у той час, калі адрозьненьне было ўпершыню заўважана (у сярэдзіне дваццатага стагодзьдзя), кантынэнтальная філязофія была дамінуючым стылем філязофіі ў кантынэнтальнай Эўропе, у той час як аналітычная філязофія была пануючым стылем ў англамоўным сьвеце.

Агульнапрынята, што кантынэнтальная філязофія ўключае фэнамэналёгію, экзыстэнцыялізм, гермэнэўтыку, структуралізм, постструктуралізм і постмадэрнізм, дэканструкцыі, францускі фэмінізм, крытычную тэорыю ў сэнсе Франкфурцкай школы, псыхааналіз, работы Фрыдрыха Ніцшэ і Сёрэна Керкегора, большасьць галінаў марксізму і марксісцкай філязофіі (хоць варта адзначыць, што існуе аналітычны марксізм, які прыпісвае сябе да аналітычнай традыцыі).

Сучасная сацыяльная філязофія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Посьпехі навукова-тэхнічнага прагрэсу, разам з узьвядзеньнем розуму ў ранг абсалюту (працэс, кульмінацыяй якога становіцца эпоха асьветніцтва) пры яго татальнай інструмэнталізацыі[1], меў сваім наступствам таталітарызм, адказам на выклікі якога і зьяўляецца сучасная сацыяльная філязофія. Пры гэтым пад таталітарызмам у гэтым сэнсе варта разумець ня толькі той, што быў у СССР, але і нацызм Гітлера, і «таталітарызм спажываньня»[2] заходняй Эўропы і ЗША.

  1. ^ Хоркхаймер М. Затмение разума. Критика инструментального разума (1947)  (рас.)
  2. ^ Марков Б. В. После оргии. Предисловие // Бодрийяр Ж. Америка. СПб., 2000.  (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасная філязофіясховішча мультымэдыйных матэрыялаў