Перайсьці да зьместу

Стэфанас Цыцыпас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Стэфанас Цыцыпас
Краіна
Пражывае ў
Нарадзіўся 12 жніўня 1998(1998-08-12)[1] (28 гадоў)
Рост 193 см[2]
Вага 89 кг[1]
Пачатак кар’еры 2016[1] — цяпер
Прызавыя грошы 37 851 988 $[1]
Адзіночны разрад
Матчаў 383–197[1]
Тытулаў 12
Найвышэйшы рэйтынг 3 (9 жніўня 2021)
Турніры Вялікага шлему
Аўстралія фінал (2023)
Францыя фінал (2021)
Ўімбэлдан 4 раўнд (2018, 2023)
ЗША 3 раўнд (2020, 2021)
Асноўныя турніры
Кубак Мастэрз перамога (2019)
Парны разрад
Матчаў 49–83[1]
Тытулаў 2
Найвышэйшы рэйтынг 64 (29 жніўня 2022)
Турніры Вялікага шлему ў пары
Аўстралія 2 раўнд (2023)
Францыя чвэрцьфінал (2024)
Ўімбэлдан 1 раўнд (2018, 2021, 2023, 2024)
ЗША 2 раўнд (2018, 2023)
Стэфанас Цыцыпас у Вікісховішчы

Стэ́фанас Цыцыпа́с (па-грэцку: Στέφανος Τσιτσιπάς, нар. 12 жніўня 1998, Атэны, Грэцыя) — грэцкі тэнісіст, фіналіст адкрытага чэмпіянату Аўстраліі 2023 году і адкрытага чэмпіянату Францыі 2021 году ў адзінкавым разрадзе, былая трэцяя ракетка сьвету.

Дзяцінства і паходжаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Нарадзіўся ў Атэнах 12 жніўня 1998 года ў сям’і Апосталяса Цыцыпаса і Юліі Апосталі (у дзяцінстве — Сальнікава). Маці Стэфанаса ў мінулым была савецкай тэнісісткай і ўваходзіла ў топ-200, а таксама ўдзельнічала ў Кубку Фэдэрацыяў. Дзед паводле лініі маці таксама быў родам з СССР і быў прафэсійным футбалістам.

Дэбютаваў на турнірах Вялікага шлема на Ралян Гарос 2017 году, дзе саступіў вэтэрану Іва Карлавічу з Харватыі ў першым коле спаборніцтваў. У кастрычніку добра выступіў на турніры ў Бэльгіі European Open. Будучы кваліфаерам дайшоў да паўфіналу. На шляху да паўфіналу ўзяў рэванш у Іва Карлавіча за паразу ў Францыі, а таксама атрымаў сваю першую перамогу над гульцом з топ-10 Давідам Гафэнам, які выступаў на дамашняй пляцоўцы й быў першым сеяным турніру. Гэты пасьпяховы выступ дазволіў Цыцыпасу падняцца ў першую сотню рэйтынгу АТП.

Цыцыпас на турніры ў Вашынгтоне ў 2018 годзе.

На першым турніры Вялікага шлема склаў ракетку ўжо ў першым коле, дзе саступіў Дзянісу Шапавалаву з Канады у трох партыях. На грунтовым турніры ў Барсэлёне выйшаў у свой першы фінал турніру сэрыі АТП-500. На шляху абгуляў трох гульцоў з топ-20, уключна з аўстрыйцам Домінікам Тымам. У фінале анічога ня змог супрацьпаставіць Рафаэлю Надалю — 2-6 1-6. Дзякуючы гэтаму выступу ўвайшоў у топ-50. На адкрытым чэмпіянаце Францыі прайшоў першы раўнд, але ў другім саступіў будучаму фіналісту Домініку Тыму.

На Ўімбэлдане ўпершыню за кар’еру ўвайшоў у лік сеяных і атрымаў 31-ы нумар пасеву. Змог дайсьці да 4 кола, на шляху перамог Грэгуара Барэра, Джарэда Дональдсана і Томаша Фабіяна. У 4 раўндзе саступіў амэрыканцу Джону Ізнэру у трох партыях — 4-6 86-7 46-7. Пасьпяхова выступіў на амэрыканскай сэрыі турніраў на гардзе. Выйшаў у паўфінал Вашынгтону, а таксама дайшоў да фіналу спаборніцтваў на Роджэрз Кап у Канадзе. Абгуляў чатырох прадстаўнікоў топ-10, у тым ліку перамог Домініка Тыма ў другім коле 6-3 7-66, Новака Джокавіча ў трэцім 6-3 56-7 6-3, Аляксандра Зьверава ў чвэрцьфінале 3-6 7-611 6-4, Кевіна Андэрсана ў паўфінале 46-7 6-4 7-67. У фінале турніру атрымаў паразу ад першай ракеткі сьвету Рафаэля Надаля 2-6 46-7.

На адкрытым чэмпіянаце ЗША саступіў у другім раўндзе расейцу Даніілу Мядзьведзеву, будучы 15-м сеяным турніру. У кастрычніку 2018 году перамог на турніры ў Стакгольме, пераадолеўшы супраціў Фабіё Фаньіні і Эрнэстса Гулбіса. Напрыканцы сэзону заваяваў тытул на турніры Next Gen ATP Finals і быў названы самым прагрэсуючым гульцом АТП цягам сэзону.

Цыцыпас на аўстралійскім турніры ў 2019 годзе.

На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2019 году здолеў прабіцца да паўфіналу. Цягам турніру змог выбіць свайго куміра Роджэра Фэдэрэра ў чацьвертым коле спаборніцтваў. У паўфінале ізноў саступіў Рафаэлю Надалю. У лютым заваяваў свой другі тытул у кар’ере — адкрытага чэмпіянату Буш-дзю-Рон 2019 году. На наступным тыдні дайшоў да фіналу ў Дубаі, дзе паразу Стэфанасу нанёс Роджэр Фэдэрэр. Гэты посьпех дазволіў Цыцыпасу прарвацца ў першую дзясятку рэйтынгу.

На грунтовым турніры ў Эштарыле здабыў тытул. Праз тыдзень дайшоў да фіналу турніру сэрыі Мастэрз-1000 у Мадрыдзе, дзе перамог Зьверава і Надаля, але саступіў Новаку Джокавічу. Ралян Гарос скончыў на стадыі 4 раўнду, дзе саступіў былому чэмпіёну Станісласу Ваўрынке ў пяці сэтах.

На Ўімбэлдане і US Open скончыў свой выступ ужо ў першым раўндзе, атрымаўшы паразу ад Томаша Фабіяна і Андрэя Рублёва. Але гэтыя няўдачы не перашкодзілі Стэфанасу кваліфікавацца на выніковы турнір ATP Finals. У групавых спаборніцтвах перамог Зьверава і Мядзьведзева, але саступіў Надалю. Гэта не перашкодзіла Цыцыпасу ўвайсьці да паўфіналу турніру, дзе ён разабраўся з Роджэрам Фэдэрэрам і выйшаў у фінал. У фінале ягоным супернікам быў Домінік Тым з Аўстрыі. Стэфанас аддаў першы сэт на тай-брэйку, але ўзяў наступныя дзьве партыі і стаў пераможцам турніру 66-7 6-2 7-64. Скончыў сэзон на шостым месцы рэйтынгу.

На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі дайшоў толькі да 3 раўнду, дзе саступіў Мілашу Раонічу з Канады. Узяў тытул на турніры ў Марсэлі. Таксама ў трэцім раўндзе саступіў на адкрытым чэмпіянаце ЗША, дзе сустркаўся з харватам Борнам Чорычам. адкрыты чэмпіянат Францыі быў пасьпяховым для грэка. Яму ўдалося дасягнуць паўфіналу турніру. У першым коле адгуляўся зь ліку 0-2 паводле партыяў з Хаўмэ Мунарам 4-6 2-6 6-1 6-4 6-4, у наступных 4 раўндах не аддаў ані сэту Паблё Куэвасу, Аляжу Бэдэнэ, Грыгору Дымітраву і Андрэю Рублёву перад тым, як саступіць першаму сеянаму Новаку Джокавічу ў пяці сэтах 3-6 2-6 7-5 6-4 1-6.

Аўстраліян Оўпэн пачаў з праходу ў паўфінал. На сваім шляху адолеў Жыля Сымона 6-1 6-2 6-1, Танасі Какінакіса 56-7 6-4 6-1 56-7 6-4, Мікаэля Імэра 6-4 6-1 6-1. Італьянец Матэо Берэтыні зьняўся з матчу чацьвертага раўнду і Стэфанас без барацьбы прайшоў у чвэрцьфінал, дзе ягоным супэрнікам стаў Рафаэль Надаль. Пасьля паразы ў першых двух сэтах Цыцыпас здолеў перамагчы ў наступных 3 партыях — 3-6 2-6 7-64 6-4 7-5. Ён стаў толькі другім гульцом пасьля Фабіё Фаньіні, які змог перайграць Надаля пасьля ліку 0-2 паводле сэтаў. У паўфінале ня змог анічога супрацьпаставіць Даніілу Мядзьведзеву 4-6 2-6 5-7.

На адкрытым чэмпіянаце ЗША ён сутыкнуўся з нэгатыўным стаўленьнем празь ягоныя працяглыя перапынкі на прыбіральню. На турніры Мастэрз у Цынцынаці перад адкрытым чэмпіянатам ЗША, падчас матчу супраць Аляксандра Зьверава, Цыцыпас браў перапынак больш чым на 10 хвілінаў, за час якога, паводле словаў нямецкага тэнісіста, грэк па тэлефоне кансультаваўся з бацькам. На адкрытым чэмпіянаце ЗША Цыцыпас двойчы рабіў перапынак на прыбіральню, калі ён прайграваў свой матч першага раўнду супраць Эндзі Марэя, і нават прасіў спыніць матч. Марэй скардзіўся, што занадта доўгія перапынкі Цыцыпаса зьмяняюць імпульс гульні.

Тэнісіст у 2022 годзе.

На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2022 году Цыцыпас у трэці раз дакрочыў да паўфіналу, дзе сустрэўся з Даніілам Мядзьведзевым у матчы-рэваншы леташняга паўфіналу. Грэк зьведаў паразу ў чарговы раз, а таксама атрымаў парушэньне, бо ягоны бацька Апосталяс даваў параду на грэцкай мове[3]. Цыцыпас пасьпяхова абараніў свой тытул на турніры Мастэрз у Монтэ-Карлё, перагуляўшы ў двух сэтах гішпанцам Алехандра Давідовіча Фокіна[4]. На турніры ў Італіі тэнісіст трапіў у чвэрцьфінал, перамогшы ў другім раўндзе Грыгора Дымітрава, выратаваўшы пры гэтым два матчболы[5][6], і перагуляўшы Карэна Хачанава ў 1/8 фіналу[7]. У чвэрцьфінале ён перамог Яніка Сынэра і выйшаў у свой трэці паўфінал запар на ўзроўні Мастэрз, зарабіўшы 30 перамог у сэзоне[8]. У наступным паядынку грэк быў мацней за Аляксандра Зьверава, атрымаўшы другую перамогу запар на грунце, але ў фінале саступіў Новаку Джокавічу[9].

Пасьля некалькіх раньніх паразаў на адкрытым чэмпіянаце Штутгарту і адкрытым чэмпіянаце Гале Цыцыпас здабыў свой першы тытул на травяных кортах пасьля таго, як атрымаў уайлдкард на адкрытым чэмпіянаце Мальёркі, дзе перамог у трох напружаных сэтах гішпаца Рабэрта Баўтысту Агута[10]. На Ўімбэлданскім турніры ў 2022 годзе Цыцыпас прайграў у матчы трэцяга кола Ніку Кірыясу ў чатырох сэтах[11]. На US Open 2022 году Цыцыпас быў пасеяны пад чацьвертым нумарам, але ўжо ў першым раўндзе пацярпеў паразу ад кваліфікаванага Даніеля Эляі Галяна ў чатырох сэтах, не зважаючы на тое, што Цыцыпас выратаваў восем матчболаў[12]. Пазьней браў удзел у турнірах у Астане, Стакгольме, Вене і Парыжу. На выніковых турніры Мастэрз саступіў Новаку Джокавічу[13].

На турніры Мастэрз у Монтэ-Карлё.

Сваю 250-ю перамогу тэнісіст запісаў свой рахунак на розыгрышы Аб’яднанага кубка 2023 году, калі перамог баўгара Грыгора Дымітрава[14]. На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2023 году Цыцыпас перамог Кентана Аліса, Рынкі Хідзікату, Таляна Грыкспоора, Яніка Сынэра, Іржы Лэгечку і Карэна Хачанава на шляху да фіналу. Гэты фінал стаў для яго другім на турнірах Вялікага шлема пасьля галоўнага матчу адкрытага чэмпіянату Францыі ў 2021 годзе. Як і некалькі гадоў таму, Цыцыпас трываў паразу ў фінале ад сэрба Новака Джокавіча. На Мастэрз у Індыян-Ўэлзе ён прайграў Джордану Томпсану ў першым раўндзе ў трох сэтах, а крыху пазьней выбыў з турніру ў Маямі пасьля паразы ад Карэна Хачанава ў двух сэтах у чацьвертым раўндзе. Пасьля грэк выбыў у чацьвертым раўндзе на турніры ў Монтэ-Карлё.

У лістападзе ў Парыжы ён, перагуляўшы Аляксандра Зьверава, зафіксаваў сваю 50-ю перамогу ў кар’еры за сэзон, стаўшы за апошнія тры гады найлепшым паводле колькасьці перамог поруч з Андрэем Рублёвым. Гэта таксама была ягоная першая перамога над гульцом зь першай дзясяткі ў сэзоне[15]. З гэтай перамогай ён кваліфікаваўся ў свой пяты запар фінал ATP. Гулец перамог Карэна Хачанава, пасеянага пад 16-м нумарам, зафіксаваўшы 300-ю перамогу ў сваёй кар’еры, аднак у паўфінале саступіў Грыгору Дымітраву.

Пасьля павольнага пачатку сэзона грэк пачаў сэзон на грунтавых кортах турніру Мастэрз у Монтэ-Карлё, дзе быў сеяным з нумарам 12. Тэнісіст перамог Томаса Мартына Этчэвэры, Аляксандра Зьверава і Карэна Хачанава. Пры гэтым спатрэбілася на гэта яму ўсяго два сэты ў кожнай гульні. У паўфінале ў трох сэтах спартовец перамог Яніка Сынэра, пасьля чаго ў фінале сустрэўся з Каспэрам Руўдам. У выніку Цыцыпас здабыў сваю трэцюю перамогу ў Монтэ-Карлё. Крыху пазьней, у тым жа красавіку, гулец дакрочыў да фіналу адкрытага чэмпіянату Барсэлёны, дзе, аднак, саступіў Руўду.

На апошнім турніры Мастэрз-1000 у сэзоне Цыцыпас дакрочыў да чвэрцьфіналу, дзе саступіў Зьвераву[16]. У выніку грэку ўпершыню за шэсьць гадоў не зарабіў дастаткова пунктаў, каб кваліфікавацца на выніковы турніру АТП наўпрост, стаўшы другім запасным пасьля Грыгора Дымітрава. Ён завяршыў год на 11-м радку рэйтынгу, што было ягонай найніжэйшай пазыцыяй на канец сэзону з 2018 году.

На Аўстраліян-Оўпэн ён пацярпеў паразу ўжо ў першым раўндзе. У выніку ён выбыў зь першай дзясяткі сусьветнага рэйтынгу. Па ад’езьдзе з Аўстраліі ён атрымаў ўайлд-кард на турнір у Ратэрдаме[17], дзе прабіўся да чвэрцьфіналу. У Дубаі, дзякуючы перамозе ў другім раўндзе над Карэнам Хачанавым, Цыцыпас здабыў сваю 350-ю перамогу ў кар’еры, стаўшы 13-м дзейным гульцом, які дасягнуў гэтай адзнакі[18]. Спартовец разжыўся перамогаў у тытулы, вярнуўшыся ў топ-10, заняўшы ў рэйтынгу 9-ы радок. Такім чынам ён перапыніў сваю сэрыю з адзінаццаці паразаў у фіналах АТП-500 і заваяваў свой дванаццаты тытул на ўзроўні тура і першы на пакрыцьцях гард з 2019 году[19].

У вясновым грунтовым сэзоне Цыцыпас ня здолеў абараніць тытул у Монтэ-Карлё, прайграўшы ў чвэрцьфінале Лярэнца Музэцьці ў трох сэтах з наступствам чарговага вылету з топ-10[20]. Пасьля паразы ў другім раўндзе на адкрытым чэмпіянаце Канады грэк абвесьціў, што вяртае свайго бацьку на пасаду трэнэра[21]. Пазьней ён зьняўся з астатняй часткі сэзону праз траўму нагі[22].

2026 год стаў для спартоўца няўдалым. У Дубаі Цыцыпас зазнаў паразу ў першым раўндзе Юго Юмбэру, выбыўшы з топ-40 пасьля таго, як ня здолеў абараніць свае пункты ў чэмпіянаце[23]. Пасьля паразы ў Індыян-Ўэлзе ён ненадоўга апусьціўся ніжэй за 50-ы радок рэйтынгу. На турніры Мастэрз Монтэ-Карлё Цыцыпас займеў свой найгоршы вынік на турніры, саступіўшы ў першым раўндзе Франсіска Сэрундалё ў двух сэтах, у выніку зноў выбыўшы з топ-50[24]. Да 20 красавіка 2026 году грэк апусьціўся на 80-е месца ў рэйтынгу АТП.

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 Association of Tennis Professionals website
  2. https://www.atptour.com/en/players/wikidata/TE51/overview
  3. «Australian Open: Daniil Medvedev and Stefanos Tsitsipas rivalry continues in Melbourne». BBC.
  4. «Tsitsipas Defeats Davidovich Fokina, Defends Monte Carlo title». ATP Tour.
  5. «Stefanos Tsitsipas edges out Grigor Dimitrov at Italian Open in Rome after see-saw three-setter». Eurosport.
  6. «Stefanos Tsitsipas Denies Grigor Dimitrov's Fightback with 2 MP Saves». ATP Tour.
  7. «Stefanos Tsitsipas Defeats Karen Khachanov in Rome». ATP Tour.
  8. «Stefanos Tsitsipas Sinks Jannik Sinner in Rome». ATP Tour.
  9. «Djokovic enters French defense with Italian title». ESPN.
  10. «Stefanos Tsitsipas Edges Roberto Bautista Agut for Maiden Grass Crown». ATP Tour.
  11. «'He has an evil side' — Tsitsipas & Kyrgios continue row off-court». BBC Sport.
  12. «Daniel Elahi Galan Stuns Stefanos Tsitsipas On 9th Match Point At US Open». ATP Tour.
  13. «Stat of the Day: Novak Djokovic defeats Stefanos Tsitsipas for 60th career win over a Top 3 player». Tennis.com.
  14. «Stat of the Day: Stefanos Tsitsipas records 250th win of career». Tennis.com.
  15. «Stefanos Tsitsipas downs Alexander Zverev for 50th win of the year, qualifies for ATP Finals». Tennis.com.
  16. Paris Masters: Alexander Zverev beats Stefanos Tsitsipas to reach semi-finals. BBC Sport (01.11.2024).
  17. Stefanos Tsitsipas receives Rotterdam wild card. ATP Tour.
  18. Stefanos Tsitsipas captures 350th win, advances to Dubai QFs. ATP Tour.
  19. Dubai Tennis Championships: Stefanos Tsitsipas beats Felix Auger-Aliassime to claim maiden title. BBC Sport (01.03.2025).
  20. Jacot, Sam (11.04.2025) Tsitsipas: 'I was playing with just one serve'. Rolex Monte-Carlo Masters.
  21. Kearns, Sean (31.07.2025) Tsitsipas reappoints father after Ivanisevic split. BBC Sport.
  22. Stefanos Tsitsipas withdraws from Rolex Shanghai Masters. ATP Tour.
  23. Ugo Humbert ends Stefanos Tsitsipas' title defence in Dubai. ATP Tour.
  24. Tennis.com Francisco Cerundolo hands Stefanos Tsitsipas first opening Monte Carlo defeat, Greek to exit Top 60. Tennis.com.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]