Стратэгічны плян Расейскай імпэрыі (Першая сусьветная вайна)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Стратэгі́чны плян Расе́йскай імпэ́рыі напярэ́дадні Пе́ршай сусьве́тнай вайны́ — стратэгічны плян камандаваньня ўзброеных сілаў Расейскай імпэрыі на выпадак пачатку вялікай эўрапейскай вайны.

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейская імпэрыя, як і іншыя буйныя эўрапейскія дзяржавы, пачала распрацоўваць плян вайны з канца XIX стагодзьдзя. У выніку аб’яднаньня Нямеччыны пад вяршэнствам Прусіі пасьля франка-прускай вайны 1870—1871 гадоў на заходніх межах Расеі зьявіўся моцны праціўнік. З прычыны гэтага мерапрыемствы па абароне заходніх межаў набывалі для расейскага ўраду важнае значэньне. Ужо ў 1873 годзе вайсковы міністар генэрал Мілюцін распрацаваў праект дзеяньняў Расеі на эўрапейскім тэатры супраць магчымай кааліцыі[1].

Першая сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На момант пачатку вайны дзейнічаў Мабілізацыйны расклад № 19. Ён быў распрацаваны ў двух варыянтах. Плян «А» набываў моц, калі б немцы нанесьлі галоўны ўдар на Захадзе. Плян «Г» — калі б немцы нанесьлі галоўны ўдар супраць Расеі.

На практыцы ажыцьцявіўся плян «А». Плян прадугледжваў правядзеньне неадкладных актыўных дзеяньняў супраць Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны адначасова. І гэта нягледзячы на тое, што ў сілу слабаразьвітай транспартнай сыстэмы Расеі ўсеагульная мабілізацыя ў войска не магла быць праведзена менш, чым за 3 месяцы. Але стратэгічная абстаноўка патрабавала менавіта такіх тэрміновых дзеяньняў. Лёгіка нямецкага стратэгічнага пляну складалася ў пачарговым зьнішчэньні сваіх праціўнікаў, спачатку Францыі, а пасьля Расеі. Гэтага нельга было дапусьціць, і саюзьнікі павінны былі імкнуцца дзейнічаць адначасова, каб войскі Траістага саюзу былі максымальна распыленыя па франтах, а не канцэнтраваліся на адным стратэгічным кірунку.

Раньні наступ расейскіх войскаў супраць нямецкай арміі, якая пакінула невялікае прыкрыцьцё на Вісьле і зьдзяйсьняла наступ на Парыж, гарантавала большы посьпех, чым тыя ж дзеяньні празь некалькі месяцаў супраць нямецкай арміі, якая зруйнуе Францыю і накіруе ўсе свае сілы супраць усходняга праціўніка. Плян, распрацаваны расейскім камандаваньнем, быў абсалютна правільны з пункту гледжаньня агульнай стратэгіі Антанты, аднак рызыкоўны з пункту гледжаньня толькі інтарэсаў Расеі, прымушаючы яе дзейнічаць насуперак уласным геапалітычным мэтам.

Па пляне «А» асноўны ўдар наносіўся па аўстра-вугорскіх войсках. Супраць Аўстра-Вугоршчыны засяроджваліся чатыры арміі, якія сваім наступам у кірунку ЛьвоўПерамышль павінны былі акружыць і зьнішчыць асноўную частку аўстра-вугорскіх войскаў. Адначасова павінен быў пачацца дапаможны наступ сіламі дзьвюх армій на Ўсходнюю Прусію[2], якія таксама павінны былі правесьці апэрацыю па акружэньні войскаў праціўніка. Войскі зь левабярэжнай Польшчы павінны былі быць эвакуяваныя. Такім чынам расейскае камандаваньне плянавала разграміць войскі праціўніка яшчэ да засяроджваньня ўсіх яго сіл і выйсьці на лінію рэк Вісла і Сан. У далейшым плянавалася правесьці наступ альбо на Бэрлін, альбо на Будапэшт, у залежнасьці ад стратэгічнай абстаноўкі.

Пасьля пачатку Першай сусьветнай вайны камандуючы расейскай арміяй вялікі князь Мікалай Мікалаевіч пачаў неадкладна ажыцьцяўляць даваенны плян «А», ініцыяваўшы наступальныя дзеяньні супраць аўстра-нямецкіх войскаў. Супраць Нямеччыны на рубяжы Шаўлоў, Коўна, ракі Нёман, Нараў і Заходні Буг разгортваўся Паўночна-Заходні фронт у складзе 1-й і 2-й арміяў (19 пяхотных палявых, 11 другачарговых пяхотных і 9,5 кавалерыйскай дывізіі). Супраць Аўстра-Вугоршчыны на лініі ІвангарадЛюблінХолмДубнаПраскураў разгортваўся Паўднёва-Заходні фронт у складзе 3-й, 4-й, 5-й і 8-й арміяў (33,5 пяхотных палявых, 13 пяхотных другачарговых і 18,5 кавалерыйскай дывізіяў).

Плян, распрацаваны расейскім камандаваньнем, варты высокай ацэнкі, паколькі асноўны намер ваеннай кампаніі 1914 году збольшага ажыцьцявіўся.

Крытыка пляну[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Называюцца два асноўныя слабыя месцы пляну:

  1. Неабходнасьць пачаць наступ да завяршэньня мабілізацыі і канцэнтрацыі сіл. На 15-ы дзень мабілізацыі Расея магла засяродзіць толькі каля траціны сваіх сіл, гэта прыводзіла да таго, што Расейскай імпэратарскай арміі прыходзілася весьці наступ ў стане частковай гатоўнасьці.
  2. Неабходнасьць весьці наступальныя дзеяньні супраць двух моцных праціўнікаў, нельга было сканцэнтраваць асноўныя сілы супраць аднаго зь іх.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ А. А. Строкаў. Гісторыя ваеннага мастацтва. Капіталістычнае грамадзтва пэрыяду імпэрыялізму (да канца першай сусьветнай вайны 1914—1918гг.). М., 1967.
  2. ^ М. Т. Цароў. Ад Шліфэна да Гіндэнбурга (Аб правале ваеннай дактрыны кайзераўскай Германіі ў 1914-1918 гг.). М., 1956.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]