Перайсьці да зьместу

Станіслаў Юндзіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Станіслаў Баніфацы Юндзіл»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Юндзіл.
Станіслаў Юндзіл
лац. Stanisłaŭ Jundził
Станіслаў Юндзіл. Я. Рустэм, 1822
Станіслаў Юндзіл. Я. Рустэм, 1822

Герб Лебедзь
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 6 траўня 1761
Ясянцы Лідзкага павету
Памёр 15 красавіка 1847 (85 гадоў)
Пахаваны
Род Юндзілы
Бацькі Бэнэдыкт Юндзіл
Ружа з Даўгялаў
Дзейнасьць батанік, лектар, філёзаф, заоляг, энтамоляг, арнітоляг, біёляг, каталіцкі сьвятар

Станісла́ў Баніфа́цы Ю́ндзіл (6 траўня 1761, вёска Ясянцы Лідзкага павету — 15 красавіка 1847) — прыродазнаўца, батанік. Доктар філязофіі (1798) і тэалёгіі (1800), сябра шматлікіх навуковых таварыстваў.

Станіслаў Юндзіл — адзін зь першых дасьледнікаў расьліннага і жывёльнага сьвету Беларусі; будучы тэолягам, у ліку першых тлумачыў працэсы жыцьця з матэрыялістычных пазыцыяў[1].

З шляхецкага роду Юндзілаў гербу Лебедзь, сын Бэнэдыкта і Ружы з Даўгялаў.

Пачатковую адукацыю атрымаў у бацькоўскім доме. Уступіў у ордэн піяраў, навучаўся ў піярскіх калегіюмах у Лідзе, Шчучыне, Любяшове і Расейнах. Працягваў адукацыю ў Віленскай акадэміі, дзе яму давялося слухаць лекцыі вядомага францускага навукоўца, біёляга і лекара Жана Эмануэля Жылібэра, які першым пачаў сыстэматычнае вывучэньне флёры і фаўны Вялікага Княства Літоўскага. У 1781—1782 гадох Э. Жылібэр выдаў 5-томную працу «Флёра Літвы», да якой С. Юндзіл неаднойчы зьвяртаўся ў сваіх дасьледаваньнях.

У 1785 годзе перасяліўся ў Шчучын, дзе ўзначаліў мясцовую піярскую школу. Увёў тамака курс батанікі і заклаў батанічны садок, упершыню ў сваім жыцьці пачаў ствараць навуковы гербар мясцовай флёры. У выніку рэформаў, праведзеных С. Юндзілам, Шчучынская школа зрабілася адной з найлепшых піярскіх школаў.

Пазьней перабраўся ў Вільню, дзе выкладаў ў мясцовай піярскай школе лёгіку і мэтафізыку. Неўзабаве ўладальнік Шчучына Сцыпіён запрасіў С. Юндзіла ў свой маёнтак для выхаваньня сыноў. Выконваючы новы абавязок, атрымаў багата вольнага часу, каб займацца самаадукацыяй і навукай, прыступіў да калекцыянаваньня гмызу і птушак.

Партрэты С. Юндзіла
Невядомы мастак, каля 1835
Ю. Азямблоўскі, XIX ст.
А. Аляшчынскі, 1850
А. Аляшчынскі, 1850
Я. Расьлем, 1822
Невядомы мастак, каля 1850
У. Валькевіч, па 1859

У 1790 годзе пачаў чытаць лекцыі ў галіне заалёгіі і гісторыі прыроды ў піярскіх школах. Адсутнасьць неабходнага дыдактычнага матэрыялу і падручнікаў падштурхнула яго да складаньня адпаведных настаўленьняў-дапаможнікаў, у якіх даў зьвесткі пра лекавыя расьліны сучасных Беларусі, Летувы і Польшчы і іхнае выкарыстаньне.

3 1792 году віцэ-прафэсар Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага. Як найвыдатнейшаму з айчынных батанікаў Станіславу Юндзілу выдаткавалі сродкі на паездку за мяжу з мэтай удасканаленьня ў навуках: слухаў лекцыі ў Кракаве і Вене, пабываў у навакольлі Карпатаў, азнаёміўся з акадэмічным батанічным садам у Вене і шэрагам іншых добраўпарадкаваных садоў, вывучаў мінэралёгію Саксоніі, дзе таксама знаёміўся зь мясцовымі горна-мэталюргічнымі заводамі, наведаў Прагу, Дрэздэн і інш. У 1793 годзе наведаў руднікі і горнымі заводы ў Вугоршычне, вывучаў досьвед Вугорскай вэтэрынарнай школы, на ўзор якой меў намер стварыць школу ў Вільні[1].

У зьвязку з трэцім падзелам Рэчы Паспалітай (1795) ня здолеў учасна вярнуцца ў Вільню, застаўся ў Вене, дзе даваў прыватныя ўрокі і паралельна вывучаў вэтэрынарыю. Заклаў у аўстрыйскай сталіцы сад лекавых расьлінаў[1].

У кастрычніку 1797 году вярнуўся на пасаду экстраардынатарнага прафэсара на катэдры натуральнай гісторыі ў Віленскай акадэміі, дзе і заставаўся да канца жыцьця. 3 1799 году ўзначальваў кабінэт натуральнай гісторыі ўнівэрсытэту і батанічны сад, з 1802 году прафэсар натуральнай гісторыі і батанікі (да 1824 году).

На схіле сваіх дзён цалкам страціў зрок. Спачыў на Бэрнардынскіх могілках у Вільні.

Надмагільле С. Юндзіла на Бэрнардынскіх могілках у Вільні

Аўтар працаў у галінах батанікі, заалёгіі, мінэралёгіі, геалёгіі, вэтэрынарыі, сельскай гаспадаркі.

За кнігі «Апісаньне расьлінаў у правінцыі ВКЛ…» (1791) і «Пра салёныя крыніцы і стакліскую соль» (1792) кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў С. Юндзіла залатымі мэдалямі «Merentibus» (быў першым, каго ўзнагародзілі гэтым мэдалём[1]).

У 1799 годзе выдаў кнігу, карысную ня толькі для аматараў батанікі, але і для эканомікі: «Прыкладная батаніка, ці зьвесткі пра ўласьцівасьці і ўжытак расьлінаў у гандлі, эканоміцы, рукадзельлі, пра іх радзіму, размнажэньне і догляд». У зьвязку з нашэсьцем саранчы ў 1801 годзе распрацаваў мэтады зьнішчэньня гэтага шкодніка, якія, размножаныя друкам, разаслалі ва ўсе паветы. Пазьней выдаў гэтыя матэрыялы пад назвай «Дысэртацыя пра саранчу і спосабы яе зьнішчэньня».

У 1804—1805 гадох у Варшаве выйшлі «Асновы батанікі» ў 2-х частках (2-е выданьне ў 1818 годзе, 3-е — у 1829 годзе), а ў 1807 годзе — «Кароткі курс заалёгіі» ў 4-х частках (2-е выданьне — 1827 год). Гэтая праца ўжывалася ў якасьці падручніка ўва ўсіх школах, падпарадкаваных Віленскаму ўнівэрсытэту, а таксама ў Варшаўскім герцагстве.

Пад псэўданімам Ваўрынец Кастрыца выдаваў сатырычны часопіс «Bibliafobia» («Бібліяфобія»). Пакінуў мэмуары — каштоўную крыніцу з гісторыі Віленскага ўнівэрсытэту і культурнага жыцьця Вялікага Княства Літоўскага[2].

  1. ^ а б в г Савук А. Паслядоўнік Лінэя: 240 год з дня нараджэння С. Б. Юндзіла // Лідскі летапісец. № 14, 2000.
  2. ^ Пазднякоў В. Юндзілы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 771.