Спораўскае балота
Спораўскае балота — адзін з буйнейшых у Эўропе комплекс пойменных нізінных балот, якія захаваліся ў натуральным стане. Дзякуючы сваім памерам балотны масіў застаецца стабільнай экасыстэмай, якая ў пэўнай ступені не залежыць ад зьмен на прылягаючых тэрыторыях.
Водныя рэсурсы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У цэнтры заказьніка працякае рака Ясельда зь вельмі зьвілістым і зарослым воднай расьліннасьцю рэчышчам. Пойма шырынёй ад 0,5 да 2 кілямэтраў з абодвух бакоў рэчышча ўяўляе сабой тыповае нізіннае балота. У цэнтры заказьніка знаходзіцца Спораўскае возера. Асноўная частка тэрыторыі заказьніка занята адкрытымі нізіннымі балотамі (43,2%), нізінныя балоты з мазаічна разьмешчанымі хмызьнякамі займаюць 17,9% плошчы, на долю балот, парослых хмызьнякамі, прыходзіцца 4,1%. Сярод балот раскіданы шматлікія невысокія пагоркі і ўзвышшы (мінэральныя выспы). У мінулым мінэральныя выспы былі пакрыты дубова-хваёвымі лясамі, але пазьней іх высеклі і гэтыя ўчасткі сталі выкарыстоўваць у якасьці выганаў і пашаў. У цяперашні час большая частка сельскагаспадарчых тэрыторыяў закінута і на іх аднаўляецца натуральная расьліннасьць.
Да мэліярацыі гідралягічны рэжым ракі Ясельда быў тыповым для раўнінных рэк: кожную вясну бывала высокая паводка, якая зьмянялася летней межаньню. На працягу ўсяго году здараліся рэдкія навадненьні, выкліканыя ападкамі. У цяперашні час увесь участак ракі Ясельда вышэй заказьніка выпрамлены і зарэгуляваны. На рацэ створаны вадасховішча і рыбгас «Сялец», ад дзейнасьці якіх залежыць гідралягічны рэжым на тэрыторыі заказьніка. У апошнія гады веснавыя паводкі адсутнічаюць, затое пачасьціліся летнія навадненьні. Парушэньне гідралягічнага рэжыму прыводзіць да інтэнсіўнага зарастаньня рэчышча ракі і возера, да штогодніх затапленьняў поймы ці, наадварот, моцных засух і пажараў.
Флёра і фаўна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэрыторыя зьяўляецца вызначальным месцам гнездаваньня віда, які знаходзіцца пад глябальнай пагрозай зьнікненьня вяртлявай чаротаўкі (Acrocephalus paludicola). Тут гняздуецца каля 9% сусьветнай папуляцыі і адзначана самая высокая ў сьвеце шчыльнасьць гэтага віду. Заказьнік забясьпечвае існаваньне папуляцыяў цэлага шэрагу рэдкіх і зьнікаючых відаў птушак, сярод якіх два віды (драч Crex crex і дубальт Gallinago media) таксама знаходзяцца пад глябальнай пагрозай зьнікненьня, а 20 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Акрамя гэтага, тэрыторыя заказьніка падтрымлівае папуляцыю чаплі-бугая (Botaurus stellaris), якая мае міжнародную значнасьць, і папуляцыю чорнага бусла (Сісоnia nigra) нацыянальнай значнасьці. Усяго на гнездаваньні ў заказьніку адзначана 123 віды птушак.
Забалочаная пойма характарызуецца ўнікальным, хаця і ня вельмі багатым складам расьлінаў. Зьвязана гэта з тым, што нешматлікія ўзвышэньні рэльефу (мінэральныя выспы), якія робяць больш разнастайнай бедную флёру балот, у значнай ступені трансфармаваныя. На тэрыторыі заказьніка налічваецца 18 відаў расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, і 13 відаў, якія маюць рэгіянальную значнасьць. Акрамя гэтага, тут адзначаны ўнікальныя супольнасьці травяністай расьліны булаваносца сівога (Corynephoretum canescentis), якія прыстасаваліся да росту на сухіх пяшчаных выспах ва ўмовах, неспрыяльных для выжываньня іншых відаў расьлінаў.
Зь іншых рэдкіх прадстаўнікоў нашай фаўны, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у заказьніку адзначаны 1 від паўзуноў (балотная чарапаха Emys orbicularis) і 18 відаў насякомых, 2 зь якіх уключаны яшчэ й ў Эўрапейскую Чырвоную кнігу.
Іншае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэрыторыя заказьніка выкарыстоўваецца для наступных відаў гаспадарчай дзейнасьці: сенакашэньня і выпасу жывёлы (10—15% плошчы), лясной гаспадаркі, паляваньня і рыбнай лоўлі. На прылягаючых да ўгодзя, у асноўным мэліяраваных, землях вырошчваюцца прапашныя і зерневыя культуры.
Неспрыяльныя фактары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Парушэньне гідралягічнага рэжыму ракі Ясельда зьяўляецца найважнейшым фактарам, які вызначае стан экасыстэмы балота і яго біялягічнай разнастайнасьці. Эксплюатацыя вадасховішча і рыбгаса «Сялец» зьяўляецца прычынай паводак і засух на балоце, якія, у сваю чаргу, прыводзяць да затапленьня гнёздаў птушак, паскарэньня расьлінных сукцэсіяў, зарастаньня рэчышча ракі і возера, веснавых пажараў і, як вынік, да зьмены відавога складу флёры і фаўны.
- Забруджваньне вады цяжкімі мэталамі, пэстыцыдамі, арганічнымі рэчывамі.
- Узворваньне глебы на мінэральных выспах, дзе растуць рэдкія віды расьлінаў.
- Скарачэньне сенакашэньня зьяўляецца асноўнай прычынай зарастаньня адкрытых нізінных балот хмызьнякамі.
- Штогадовае веснавое выпальваньне расьліннасьці практыкуецца мясцовым насельніцтвам і наносіць істотную страту біялягічнай разнастайнасьці. Асабліва буйныя пашкоджаньні адбываюцца ва ўмовах сухой вясны і адсутнасьці паводак, калі разам з расьліннасьцю выпальваецца верхні пласт глебы, карэньні расьлінаў і гінуць усе насякомыя. На такіх выпаленых балотах і лугах большасьць відаў птушак перастае гнездавацца.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял. разнастайнасці. 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с