Чаротаўка вяртлявая
Вяртлявая чаротаўка | |
Вяртлявая чаротаўка (Acrocephalus paludicola) | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Птушкі |
Атрад | Вераб’інападобныя |
Падатрад | Пявучыя птушкі |
Сямейства | Чароткавыя |
Род | Чаротаўкі |
Від | Вяртлявая чаротаўка |
Бінамінальная намэнклятура | |
Acrocephalus paludicola | |
Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца законам. |
Вяртля́вая чаро́таўка, вяртлявая чараця́нка[1] (па-лацінску: Acrocephalus paludicola) — дробная пявучая пералётная птушка сямейства чароткавых (па-лацінску: Acrocephalidae), від роду чаротавак (па-лацінску: Acrocephalus).
Распаўсюджаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арэал вяртлявай чаротаўкі даволі шырокі, нягледзячы на яе агульную нешматлікасьць. Яе гнезьдзішчы сустракаюцца па ўсёй Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе: у Францыі, Бэльгіі, Нідэрляндах, Італіі, Нямеччыне, Вугоршчыне, Польшчы, Беларусі, Латвіі, Летуве, Украіне, Даніі, Фінляндыі.
Зімуе ў заходняй Афрыцы, на абодва бакі Ля-Маншу і ў Біскайскай затоцы[2].
Найбуйнейшая папуляцыя ў сьвеце пражывае на Спораўскім балотным масіве ў Беларусі[3]. Тут гняздуе 60% сусьветнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі[4].
Зьнешні выгляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уяўляе сабой невялікую, памерам зь вераб’я птушку. Памер крылаў складае каля 6,5 сантымэтру, хвасту — каля 5 сантымэтраў, дзюбы — крыху болей за сантымэтар. Хвост ступеневы з крыху загостранымі канцамі стырнавых пёраў. Памеры самцоў і саміцаў аднолькавыя[5].
Афарбоўка сьпіны бэжава-аліўкавая зь цёмнымі, амаль чорнымі надствольлямі. Бліжэй да хваста выражаецца рудаватае адценьне. Пасярод галавы праходзяць дзьве чорныя палоскі, падзеленыя вузкай аліўкава-жоўтай палоскай. Брушка афарбаванае ў сьветла-руды колер і становіцца больш сьветлым да сярэдзіны. Ногі жоўтага колеру[5][6].
Увосень у вяртлявых чаротавак адбываецца лінька, пасьля чаго афарбоўка набывае ярчэйшыя адценьні. Маладыя асобіны адрозьніваюцца большай колькасьцю сьветлых участкаў пер’я[5][6].
Экалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вяртлявая чаротаўка адносіцца да стэнатопнага тыпу, то бок пражывае толькі ў нямногіх, вельмі падобных адно на адну мясьцінах. Тыповымі месцамі яе пражываньня зьяўляюцца раўнінавыя вільготныя і забалочаныя ўчасткі з густой травой вышынёй ад 50 сантымэтраў і рэдкім вербалозам. Пераважаюць у поймах рэк, на асаковых і пажарніцавых балотах у разводзьдзях рэк і на зарослых травой сажалках, дзе глыбіня воды не перавышае 10 сантымэтраў. Падчас пералётаў на зімоўлю абірае ўзьбярэжныя раёны сажалак і рэк у зарасьніках травы і хмызьняку[5][6][7][8][9].
Вяртлявая чаротаўка зьяўляецца недастаткова вывучаным відам, працягласьць яе жыцьця і ўзрост полавага высьпяваньня невядомы. У пэрыяд распладненьня назіраецца некаторая перавага самак, што тлумачыцца асаблівасьцямі полігінійных шлюбных зносінаў птушак, калі адзін самец на сваёй тэрыторыі ўтварае адразу некалькі часовых параў з саміцамі.
Месцы гняздоўлі непастаянныя, мяняюцца штогод і пачынаюцца ў пачатку чэрвеня. Будуе гняздо, выседжвае яйкі і корміць птушанят толькі саміца. Месца для гнязда выбірае на сухім месцы ў высокай асацы ці ў зарасьніку ля асновы кустоў вербалозу. Гнёзды маюць шараападобную форму і складаюцца з сухіх сьцяблінаў травы[5][6][7][10].
У кладцы звычайна ад чатырох да шасьці яек памерам 1,6 на 1,2 сантымэтры паўшарападобнай формы аліўкава-жоўтага колеру з бляклымі крапінкамі, сьветлыя ля вострага канцу і цямнейшыя да асновы, на якой можа ўтварацца венца. Шкарупа моцная, гладкая і крыху бліскучая. У выпадку гібелі нявылупленых нашчадкаў звычайна кладкі паўтараюцца. Гняздо птушаняты пакідаюць на 14-ы — 15-ы дзень, пасьля чаго яшчэ каля месяца трымаюцца побач зь ім[5][7][9][10].
Харчуюцца разнастайнымі казуркамі, больш дакладных зьвестак няма ў сувязі з кепскай дасьледаванасьцю віду[5][7].
Напрыканцы лета — у пачатку восені пачынаецца пералёт вяртлявых чаротавак на зімоўлю[6].
Колькасьць і ахоўны статус
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Меркаваная колькасьць папуляцыі вяртлявай чаротаўкі складае каля 15—25 тысячаў. Прычым, сыходзячы са сталых назіраньняў, колькасьць віду стала скарачаецца[7].
Асноўнай прычынай скарачэньня папуляцыі лічыцца супадзеньне арэалу чаротаўкі з выгаднымі для землекарыстаньня надзеламі. Мэліярацыя, выпальваньне травы і стварэньне вадасховішчаў прыводзяць да скарачэньня прыдатных для гэтай птушкі месцаў пражываньня. Акрамя таго, на скарачэньне арэалу ўплывае рост шчыльнасьці вясковага насельніцтва і наступнае засваеньне земляў, упадабаных птушкай. Пашырэньне пустыннай зоны ў Афрыцы таксама зьяўляецца нэгатыўным фактарам праз павелічэньне пералётнай дыстанцыі[6][7][9].
Птушка занесеная ў Чырвоны сьпіс міжнароднага Зьвязу аховы прыроды, у Дадатак 2 Бэрнскай канвэнцыі, Дадаткі 1 і 2 Бонскай канвэнцыі, а таксама ў Чырвоную кнігу Беларусі[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Красная книга Беларуси (рас.)
- ^ Aquatic Warbler (Acrocephalus paludicola) на бачыне Bird Guides (анг.)
- ^ а б Леанід Лахманенка. «Залатыя» яйкі вяртлявай чаротаўкі // «Звязда». — 8 лютага 2011. — № 24 (26888). — С. 3.
- ^ У біялягічным заказьніку «Спораўскі» сёлета для турыстаў пачала дзейнічаць экалягічная сьцежка па Спораўскім балоце Навіны. Радыёстанцыя «Беларусь» (5 ліпеня 2010). Праверана 12 лютага 2011 г.
- ^ а б в г д е ё Энцыкляпэдыя жывёлаў «Зааклюб»
- ^ а б в г д е Лясны атлас(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ а б в г д е Чырвоная кніга Расеі (рас.)
- ^ Чырвоная кніга Чалябінскай вобласьці (рас.)
- ^ а б в Чырвоная кніга Навасыбірскай вобласьці(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ а б Чырвоная кніга Смаленскай вобласьці (рас.)