Баявыя дзеяньні адбываліся на тэрыторыі сучаснай Латвіі. У апэрацыі адзін адной супрацьстаялі часткі 8-й нямецкай і 12-й расейскай арміяў. Пасьля фарсіраваньня Заходняй Дзьвіны нямецкімі часткамі завязаліся ўпартыя баі, у якіх актыўны ўдзел прынялі брыгады латыскіх стралкоў. Да 3 верасьня расейскія войскі былі вымушаныя пакінуць Рыгу і адступіць на паўночны ўсход да Вэндэну. Страты немцаў склалі каля 4000—5000 салдат і афіцэраў забітымі, параненымі, палоннымі і зьніклымі безь вестак. У ходзе Рыскай апэрацыі расейскія войскі страцілі да 25 000 чалавек, зь іх да 15 000 палоннымі і зьніклымі безь вестак. Нямецкія падразьдзяленьні здолелі захапіць 273 гарматы, 256 кулямётаў, 185 бамбамётаў, 48 мінамётаў, а таксама значную колькасьць іншай ваеннай маёмасьці. Аднак цалкам зьнішчыць 12-ю армію нямецкім войскам не ўдалося.