Рэспубліка (дэпутацкая група)
Дэпутацкая група «Рэспубліка» — аб’яднаньне дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ 2 скліканьня (2002—2004 гг.). Налічвала ад 6 да 12 дэпутатаў, уяўляла зь сябе адзіную апазыцыйную сілу ў беларускім парлямэнце (ДГ «СЭР» мела апрычоны ад ураду погляд толькі ў эканамічных пытаньнях).
Утварэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя «Рэспублікі» пачалася ў чэрвені 2002 г.[1] Тады яна налічвала 12 чалавек. Кіраўніком групы стаў генэрал Валер Фралоў. Як вядома, рэглямэнт ПП НС не дазваляе стварэньня фракцыяў у парлямэнце, а паўнамоцтвы дэпутацкіх груп істотна абмежаваныя. Фактычна, дэпутацкія групы існавалі толькі дзеля таго, каб у канцы парлямэнцкіх спрэчак можна было агучыць калектыўную пазыцыю той ці іншай групы.
Галоўны чыньнік, які судзейнічаў утварэньню ў парлямэнце апазыцыі — адносна свабодныя выбары 2000 г. Улада дазволіла ўнутраную канкурэнцыю ў асяродзьдзі намэнклятуры, больш за тое, у палату трапілі два прадстаўнікі АГП (што праўда, ім давялося прыпыніць сяброўства ў партыі, паколькі тая трымалася тады тактыкі байкоту).
Парлямэнцкая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку лідэры групы абвесьцілі, што мэта «Рэспублікі» — судзейнічаць кантактам паміж выбарцамі і ўладамі. Але з восені 2002 г. Фралоў пачаў рабіць выразна неляяльныя ў дачыненьні да ўраду заявы: у прыватнасьці, генэрал зацікавіўся лёсам зьніклых у канцы 90-х гг. палітыкаў. Гэткія заявы амаль адразу выклікалі рэакцыю з боку ўладаў. На чальцоў групы пачаўся ціск, у лістападзе пра выхад зь яе абвесьцілі 4 дэпутаты, што стварала мажлівасьць для ліквідацыі ДГ як ня маючай патрэбных 10 сяброў. Аднак група тады захавалася: зь яе выйшлі адно 3 дэпутаты й далучыліся 2. Тады ж кіраўніцтва групай пакінуў Фралоў, а на ягонае месца заступіў Уладзімер Парфяновіч.
У сакавіку 2003 г. у прэсе была надрукавана праграмная заява групы, што можна лічыць завяршэньнем ейнага фармаваньня. Тады ж на лідэра быў абраны Сяргей Скрабец. Група налічвала 10 дэпутатаў (9,09% ад усяго дэпутацкага корпусу).
У траўні 2003 г. супроць Скрабца распачынаецца крымінальная справа, у чым зазвычай бачаць працяг ціску на найбольш радыкальную парлямэнцкую фракцыю.
Да жніўня 2003 г. групу пакінулі яшчэ 4 дэпутаты, што пазбавіла яе легітымнасьці. Уладзімер Канаплёў (намесьнік старшыні палаты) лічыў патрэбным пазбавіць групу рэгістрацыі, што не ўдалося аджыцьцявіць праз праблемы з рэглямэнтам[2].
Улетку 2004 г., у зьвязку з падрыхтоўкай да чарговых парлямэнцкіх выбараў, ДГ унесла ў Палату прадстаўнікоў законпраект пра зьмены ў выбарчае заканадаўства (супольна з прадстаўніком Партыі свабоды і прагрэсу У. Навасядам), але Прэзыдыюм адмовіўся ўносіць іх на абмеркаваньне. У адказ Парфяновіч, Скрабец і Фралоў абвесьцілі галадаваньне, цалкам праігнараванае дзяржаўнымі мэдыямі.
Па-запарлямэнцкая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 2002 г. «Рэспубліка» завязала кантакты з прадстаўнікамі парлямэнтаў іншых краінаў. У якасьці прадстаўнікоў сыстэмнай апазыцыі на Беларусі, чальцы групы ў пачатку 2004 г. наведалі ЗША, Чэхію, Вялікабрытанію і Швэцыю[3], дзе зь імі сустракаліся дэпутаты парлямэнтаў.
Унутры краіны сябры групы рабілі намаганьні ў справе аб’яднаньня з пазасыстэмнай апазыцыяй (перадусім — кааліцыяй «5+»). У студзені 2004 г., напрыклад, было дамоўлена ўзгадніць пазыцыі на выбарах[4]. Пасьля, аднак, гэтае пагадненьне фактычна не працавала.
Улетку 2003 г. чальцы «Рэспублікі» выступілі зь ініцыятывай стварэньня Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы з удзелам чальцоў мясцовых саветаў[5], дзе на мясцовых выбарах было абрана 0,7% апазыцыйных дэпутатаў (174 з 24000). Дарэчы, з нагоды парушэньняў на мясцовых выбарах 2003 г. зьвярталася ў Канстытуцыйны суд РБ[6].
Ацэны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нягледзячы на тое, што практычных вынікаў дзейнасьць ДГ «Рэспубліка» не прынесла, ейнае існаваньне мела вялікае сымбалічнае значэньне. Яна шмат у чым адрозьнівалася ад папярэдніх парлямэнцкіх апазыцый (Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» ў 1990—1996 гг. і АГП у 1996 г.), сутыкалася зь іншымі праблемамі і перашкодамі з боку ўладаў.
Існаваньне і дзейнасьць групы выклікала рэзка нэгатыўную ацэну з боку традыцыйных парлямэнцкіх структур, асабліва БСДП Статкевіча, на электарат якой шмат дзе прэтэндавалі рэспубліканцы. Сацыялягічныя апыты ўлетку 2003 г. паказвалі, што 33,1%[7] беларусаў станоўча ставяцца да дзейнасьці «Рэспублікі». Аднак патрапіць у ПП НС 3 скліканьня з рэспубліканцаў ніхто так і ня здолеў. Амбіцыі Фралова і Скрабца засталіся незадаволенымі і на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Многія чальцы групы пасьля пацярпелі ад рэпрэсыяў.
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У розны час ДГ «Рэспубліку» ачольвалі:
- Валер Фралоў (чэрвень — сьнежань 2002 г.)
- Уладзімер Парфяновіч (сьнежань 2002 — сакавік 2003 гг.)
- Сяргей Скрабец (сакавік 2003 — восень 2004 гг.)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://web.archive.org/web/20090330054408/http://naviny.by/rubrics/politic/2002/11/15/ic_articles_112_145568/
- ^ http://naviny.by/rubrics/politic/2003/08/29/ic_articles_112_142818/(недаступная спасылка)
- ^ Глеб Хмяльніцкі. «Рэспубліка» гуляе сама па сабе // Беларускія навіны, 31 сакавіка 2004 г. Праверана 19 жніўня 2014 г.
- ^ http://naviny.by/rubrics/elections/2004/01/19/ic_news_623_347284/(недаступная спасылка)
- ^ http://afn.by/news/i/30342; Гэтым самым рэспубліканцы спаддзяваліся паўплываць у будучыні на выбары ў Раду Рэспубліку
- ^ Уладзімер Глод. Дэпутацкая група «Рэспубліка» просіць Канстытуцыйны суд ініцыяваць зьмяненьне Выбарчага кодэксу // Радыё «Свабода», 24 ліпеня 2003 г. Праверана 19 жніўня 2014 г.
- ^ https://web.archive.org/web/20160305040824/http://news.tut.by/society/33411.html