Радашкавіцкая беларуская гімназія
Радашкавіцкая беларуская гімназія імя Францішка Скарыны — навучальная ўстанова сярэдняга тыпу ў Радашкавічах, якая існавала ў 1922—1928 гг.
Заснаваньне і дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гімназія заснавана Радашкавіцкім Таварыствам Беларускай школы (ТБШ) па ініцыятыве беларускага грамадзка-палітычнага дзеяча Аляксандра Ўласава і пэдагога А. Крачкоўскага. У пачатку 1922 атрымана канцэсія на ўтрыманьне гімназіі, дырэктарам яе быў ксёндз Фабіян Абрантовіч. Пазьней дырэктарамі гімназіі выбіраліся А. Вернікоўскі і Ф. Стацкевіч.[1]
У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/1926 навучальным годзе ў 1—7-м і падрыхтоўчым клясах займалася 150 вучняў. Меўся інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат, закладзены пры падтрымцы місіі амэрыканскіх і беларускіх мэтадыстаў. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашкавіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе беларускай культуры сярод жыхароў мястэчка і навакольных вёсак. 3 лістапада 1923 вучні пастаянна ладзілі тэатральныя прадстаўленьні, выдавалі рукапісныя часопісы.
На базе гімназіі ў час летніх канікул 1926/27 і 1927/28 навучальных гадох праводзіліся курсы для настаўнікаў беларускіх пачатковых школ. Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х у Заходняй Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў пэдагогаў і вучняў гімназіі, што прывяло да закрыцьця яе ў верасьні 1928 па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небясьпекі публічнага спакою». Большасьць навучэнцаў Радашкавіцкай беларускай гімназіі прадоўжылі вучобу за граніцаю, пераважна ў БССР; некаторыя скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі.
Заняткі пачыналіся 9 верасьня і працягваліся да 22 сьнежня; зімовыя вакацыі доўжыліся да 15 студзеня, каб Каляды адгулялі і праваслаўныя, і католікі. Наступныя вакацыі прыпадалі на Вялікдзень, а яшчэ адны — на лета: з 15 чэрвеня па 31 жніўня. Першы выпуск гімназіі адбыўся ў 1924 годзе — яе скончылі 11 чалавек.
Выкладчыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першым настаўніцкім калектывам кіраваў Аляксандар Вернікоўскі. Язэп Гаўрылік выкладаў геаграфію і сьпевы, Фелікс Стацкевіч — лацінскую мову, Сымон Кароль — беларускую мову і літаратуру, Антон Крачкоўскі — матэматыку і геамэтрыю, Мікалай Ласковіч — фізыку, Валянціна Чаенкава — гісторыю і францускую мову, Валянцін Чаенкаў — лёгіку і псыхалёгію, Браніслаў Тэраевіч — польскую мову, Лідзія Ліманоўская — нямецкую. Адміністратарам гімназіі працаваў беларускі дзеяч прапольскай арыентацыі Тодар Вернікоўскі (стрыечны брат дырэктара)[2]. Мастацкім гуртком кіраваў Язэп Драздовіч.
Навучэнцы і выпускнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пэўны час у гімназіі вучыўся Максім Танк.
Сучасны стан
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ад гімназіі на сёньня захаваўся будынак былога інтэрната, які знаходзіцца па Віленскай, 1. На мясцовых могілках маецца недагледжаная магіла выкладчыка Мікалая Чараняўскага. Помнік з надпісам «Сьветлай памяці вучыцель Радашкаўскае беларускае гімназіі Мікалай Іванавіч Чэрняўскі. Радзіўся 22.05.1883 г., памёр 02.03.1926 г. Вечная памяць дарагому настаўніку і другу» — павалены.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Радашкоўская 8-мі клясов. Беларуская Гімназія імяні Скарыны адчыніла запісь вучняў. // Беларускі звон : тыднёвая часопicь. — 8 верасьня 1922. — № 18 (43). — С. 4.
- ^ Радашкавіцкая беларуская гімназія імя Францішка Скарыны МІХАСЬ КАЗЛОЎСКІ https://web.archive.org/web/20130419072311/http://mgazeta.by/
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кірыл Ананька. Культурна-асветніцкае жыццё беларускіх гімназій у Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.) / галоўны рэдактар Александар Корзюк // Беларускі гістарычны часопіс : навукова-тэарэтычны, навукова-мэтадычны часопіс. — Менск: Адукацыя і выхаваньне, 2023, лістапад. — № 11 (292). — С. 52—57. — ISSN 1993-1999.
- Міхась Казлоўскі. Радашковіцкая беларуская гімназія імя Францішка Скарыны. // Лабірынт : Студэнцкая гістарычная суполка «Аматары Беларускай Гісторыі імя В. Ю. Ластоўскага». — 2011, сьнежань. — № 15. — С. 5—8.