Поўнач у Парыжы
«Поўнач у Парыжы» (па-ангельску: Midnight in Paris) — фантастычная камэдыя 2011 году, якую напісаў і зладзіў Ўудзі Ален. Прадусарам выступілі гішпанская група Mediapro і амэрыканская кампанія Gravier Productions. Галоўныя ролі выканалі Оўэн Ўілсан, Рэйчэл Макадамз, Кэці Бэйтс, Эдрыен Броўдзі, Карля Бруні, Том Гідэлстан, Марыён Катыяр і Майкл Шын. Прэм’ера кінастужкі адбылася на Канскім кінафэстывалі 2011 году, а ў ЗША фільм выйшаў 20 траўня 2011 году[14][15]. «Поўнач у Парыжы» атрымала высокую ацэнку крытыкаў і лічыцца адным з найлепшых фільмаў Алена за апошнія гады. У 2012 годзе фільм атрымаў прэмію Оскар за найлепшы арыгінальны сцэнар і Залаты Глёбус за найлепшы сцэнар. Твор быў намінаваны яшчэ на тры ўзнагароды кінаакадэміі, як то як найлепшы фільм, найлепшы рэжысэр і найлепшая мастацкая рэжысура[16].
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2010 годзе Гіл Пэндэр (Оўэн Ўілсан), пасьпяховы, але расчараваны галіўудзкі сцэнарыст, і ягоная нявеста Інэс (Рэйчэл Макадамз) знаходзяцца ў Парыжы на адпачынку зь ейнымі заможнымі бацькамі рэспубліканцамі. Гіл зь цяжкасьцю заканчвае свой дэбютны раман, засяродзіўшы ўвагу на чалавеку, які працуе ў краме настальгіяў. Інэс адкідае ягоныя амбіцыі, мяркуючы што гэта ўсяго толькі зманлівая мара, і заклікае яго прытрымлівацца ягонай бягучай працы. Выпадкова яны сустракаюць сябра Інэс Пола (Майкл Шын), якога часам апісваюць як пэдантычнага псэўдаінтэлектуала, і ягоную жонку Кэрал (Ніна Арыянда). Пол зь вялікім аўтарытэтам, але з сумнеўнай дакладнасьцю гаворыць пра асноўныя моманты гісторыі Парыжу, нават супярэчыць экскурсаводу (Карля Бруні) ў Музэі Радэна, дзе ён настойвае, што ягоная вэрсія асабістага жыцьця Родэна больш дакладная, чым у гіда. Гіл лічыць яго раздражняльным, але Інэс ён падабаецца.
На адной зь вечарынаў, дзе прысутнічалі Гіл і Інэс, а таксама іх сябры і бацькі, галоўны герой дэгустуе зашмат вінаў, і ён вырашае прайсьціся па вуліцах Парыжу. Інэс жа едзе з Полам і Кэрал на таксі, каб патанчыць у клюбе. Гіл шпацыруе па вуліцах і губляецца, прысеўшы на прыступкі, каб разабрацца дзе ён знаходзіцца. Апоўначы побач зь ім праязджае аўтамабіль 1920-х гадоў. Пасажыры, апранутыя ў строі 1920-х гадоў, заклікаюць яго далучыцца да іх. Яны выправіліся на вечарыну, зладжаную дзеля Жана Както, на якую прыехалі вядомыя людзі Парыжу 1920-х гадоў, як то Коўл Портэр, ягоная жонка Лінда Лі Портэр, а таксама Зэльда (Элісан Піл) і Скот Фіцджэральды (Том Гідэлстан). Зэльдзе надакучае вечарына і яна прапануе Скоту і Гілу сысьці зь яе. Спачатку яны накіроўваюцца ў Брыктапс, дзе бачаць танцы Жазэфіны Бэйкер, а потым завітваюць у кавярню, дзе натыкаюцца на Эрнэста Гэмінгўэя (Коры Стол) і Хуана Бэльмонтэ (Даніель Люнд). Зэльда засмучаецца, калі Гэмінгўэй кажа, што ейны раман ёсьць вельмі слабым, таму яна накіроўваецца з Бэльмонтэ ў Сэн-Жэрмэн. У часе размовы Гэмінгўэй прапануе Гілу паказаць ягоны раман Гертрудзе Стайн (Кэці Бэйтс), каб такая ацаніла яго. Пісьменьнік вельмі ўсхваляваны і задавольнены, ён выходзіць з кавярні, каб забраць з гатэлю свае рукапісы, але вяртаецца ў 2010 год. Замест кавярні 1920-х ён бачыць сучасную пральню. Наступнай ноччу Гіл хоча падзяліцца з Інэс сваім досьведам падарожжаў у часе. Аднак, яна кідае жаніха да таго, як гадзіньнік праб’е поўнач. Калі гэта адбываецца, за Гілам вяртаецца той жа самаход, дзе яго сустракае Гэмінгўэя. Наступныя дні Гіл сустракаецца з выбітнымі людзьмі Парыжу 1920-х гадоў. Гертруда Стайн высока ацэньвае ягоны раман, пасьля таго, як Гіл крыху зьмяняе яго пад уплывам апошніх дзён. Акрамя таго, Гіл сустракае Адрыяну, да якой у яго прачынаюцца пачуцьці, што вельмі бянтэжыць героя, бо ён ужо мае нявесту ў 2010 годзе. У сучаснасьці бацька Інэс вельмі заклапочаны зьнікненьнямі жаніха сваёй дачкі, таму наймае дэтэктыва, каб той выявіў, чым займаецца Гіл у Парыжы.
У адзін зь дзён Гіл, Інэс і ейныя бацькі выпраўляюцца на Мон-Сэн-Мішэль, дзе пісьменьнік сустракае Габрыель (Лея Сэйду), гандлярку антыкварыятам і прыхільніцу страчанага пакаленьня. Ён купляе ў яе грамафонную плястынку Коўла Портэра, а потым знаходзіць у кніжным кіёску дзёньнік Адрыяны з 1920-х гадоў, дзк прачытвае, што яна была закаханая ў яго. Прачытаўшы, што яна марыла атрымаць у падарунак завушніцы, а потым заняцца зь ім каханьнем, Гіл спрабуе выкрасьці пару завушніцаў Інэс, каб аддаць іх Адрыяне, але яму замінае раньняе вяртаньне Інэс у нумар гатэлю. Гіл купляе новыя завушніцы Адрыяне ў краме. Вяртаючыся ў мінулае, ён знаходзіць яе на вечарыне і дорыць ёй падарунак. Пакуль яна іх апранае, па вуліцы праходзіць конная брычка, і багата апранутая пара ў экіпажы запрашае Гіла і Адрыяну пакатацца. Карэта перавозіць пасажыраў у Пекную эпоху, эпоху, якую Адрыяна лічыць залатым векам Парыжу. Гіл і Адрыяна выпраўляюцца спачатку ў рэстарацыю Максім, а потым у Мулен Руж, дзе сустракаюцца з Анры дэ Тулюз-Лятрэкам (Вэнсан Мэнжу Картэ), Полем Гагенам (Аліўе Рабурдэн) і Эдгарам Дэга (Франсуа Растэн). Гіл пытаецца ў іх, што яны лічаць найлепшай эпохай, і ўсе трое згодныя, што гэта была эпоха Адраджэньня. Адрыяна прапануе сябру застацца ў Пекнай эпосе, аднак ён заўважае, што розныя людзі прагнуць рознага залатога веку, і разумее, што, не зважаючы на прывабнасьць настальгіі, толькі сучаснасьць чалавека ёсьць самым прывабным часам. Адрыяна, аднак, вырашае застацца ў 1890-х гадох, і яны расстаюцца.
Гіл вяртаецца ў 2010 год і расстаецца з сваёй нявестай Інэс, бо яна ня хоча заставацца ў Парыжы назаўсёды. Ідучы каля Сэны апоўначы, Гіл натыкаецца на Габрыель, ён прапануе правесьці яе дадому. Пачынаецца дождж і высьвятляецца, што яны абодва любяць шпацыраваць па Парыжы ў дождж.
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На Rotten Tomatoes фільм мае рэйтынг ухваленьня 93%, заснаваны на 224 рэцэнзіях, зь сярэднім рэйтынгам 7,81/10. На думку крытыкаў, фільм ня можа пахваліцца глыбінёй клясычных фільмаў Ўудзі Алена, але мілагучная сэнтымэнтальная «Поўнач у Парыжы» ёсьць досыць сьмешнай і чароўнай, каб задаволіць прыхільнікаў рэжысэра[17]. На Metacritic фільм мае 81 пункт з 100 магчымых, заснаваны на 40 рэцэнзіях, што сьведчыць аб усеагульным прызнаньні[18].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://www.nytimes.com/2011/05/20/movies/midnight-in-paris-by-woody-allen-with-owen-wilson-review.html
- ^ http://www.nytimes.com/2011/05/20/movies/midnight-in-paris-by-woody-allen-with-owen-wilson-review.html?ref=movies
- ^ а б http://www.imdb.com/title/tt1605783/
- ^ http://www.tasteofcinema.com/2015/20-great-magical-realism-movies-that-are-worth-your-time/2/
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м http://www.bbfc.co.uk/releases/midnight-paris-2011-2
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у http://www.filmaffinity.com/es/film567174.html
- ^ а б http://www.sinemalar.com/film/83283/pariste-gece-yarisi
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг http://www.imdb.com/title/tt1605783/fullcredits
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т Чэхаславацкая кінабаза (чэс.) — 2001.
- ^ IMDb (анг.) — 1990.
- ^ а б каталёг кінафільмаў АКІ
- ^ а б BFI Film & TV Database
- ^ а б Lexicon of international films (ням.) — Zweitausendeins.
- ^ «Kathy Bates, Michael Sheen join 'Paris'». The Hollywood Reporter.
- ^ «Adrien Brody Enjoys Midnight In Paris». Empire
- ^ «Nominees and Winners for the 84th Academy Awards». Academy of Motion Picture Arts and Sciences.
- ^ «Midnight in Paris (2011)». Rotten Tomatoes.
- ^ «Midnight in Paris». Metacritic.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Поўнач у Парыжы (анг.) на сайце IMDb
- Поўнач у Парыжы на сайце «Rotten Tomatoes» (анг.)
- Поўнач у Парыжы на Metacritic