Перайсьці да зьместу

Помнік Гедзіміну (Вільня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Славутасьць
Помнік Гедзіміну
Краіна
Месцазнаходжаньне Вільня
Дата заснаваньня 1996
Помнік Гедзіміну на Вікісховішчы

По́мнік Гедзімі́ну — конны помнік вялікаму князю літоўскаму Гедзіміну ў Вільні, легендарным заснавальнікам якой ён зьяўляецца. Разьмешчаны на Катэдральнай плошчы, справа ад касьцёла Сьвятых Станіслава й Уладыслава.

Помнік выкананы скульптарам Міндаўгасам Шнінасам паводле праекту амэрыканскага скульптара летувіскага паходжаньня Вітаўтаса Кашубы. Адліты ў Беларусі з бронзы, канфіскаванай летувіскімі мытнікамі на мяжы й перададзенай гораду. Граніт для пастамэнту падораны прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам. Урачыстае адкрыцьцё адбылося 22 верасьня 1996 году.

У аснову праекту лёг міт аб заснаваньні гораду, які апісваецца ў Хроніцы Быхаўца, паводле якога Гедзімін паехаў са сваёй сталіцы Трокаў на паляваньне каля ракі Вяльлі. На адной з гор ён забіў магутнага тура, за што тая атрымала назву Туравай. Гедзімін спыніўся на ноч каля сьвяцілішча Швінтарога, дзе спальвалі літоўскіх князёў, пры сутоку Вяльлі і Вільні. У сьне яму зьявіўся вялікі жалезны воўк, які стаяў на Туравай гары і выў як сотня ваўкоў. Сон уразіў князя, і, каб даведацца аб яго значэньні, быў выкліканы вярхоўны паганскі сьвятар крывэ-крывайціс Лізьдзейка, які і растлумачыў князю, што на гэтым месцы трэба закласьці горад, слава якога, як сьведчыць выцьцё ваўка, разыдзецца па ўсім сьвеце. Гедзімін прыносіць ахвяры ў сьвяцілішчы й намерваецца перанесьці сваю сталіцу.

Манумэнт адлюстроўвае самога князя Гедзіміна, які трымае ў левай руцэ аголены меч, і яго жарабца, які стаіць ззаду. Помнік Гедзіміну зьяўляецца адным зь нешматлікіх, дзе вершнік знаходзіцца не на кані, а побач зь ім. Воўк выкананы з граніту, хоць паводле легенды быў жалезным.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік Гедзіміну (Вільня)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў