Паранімфус
«Паранімфус» (па-польску: Paranimphus) — віншавальны верш Яна Пратасовіча з нагоды шлюбу Януша Скуміна Тышкевіча з Барбарай Нарушэвіч, выдадзены ў Вільні ў 1595 годзе, дзе паэт выконваў ролю свата (грэц. paranimphus — сват, дружка).
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вершаваная прамова Яна Пратасовіча вылучаецца прадуманай кампазыцыяй і прыгожым, хоць і простым стылем. Нагадаўшы ў невялікай прадмове пра сваю ролю і абавязкі, аўтар-прамоўца просіць гасьцей з прыхільнасьцю выслухаць ягоныя словы. Як сват ён па чарзе зьвяртаецца да бацькоў маладых (просіць, каб яны багаславілі сына і дачку), да жаніха зь нявестай (жадае ім дачакацца ня толькі дзяцей, але ўнукаў ды праўнукаў) і да прысутнае на вясельлі моладзі (тлумачыць мэты хрысьціянскага шлюбу і заклікае хлопцаў хутчэй узяць прыклад Януша).
З гэтага твора відаць, што аўтар добра ведаў Біблію і герояў Старога запавету, «Іліяду» Гамэра, творы Сафокла, Герадота, старажытнагрэцкую міталёгію. Напрыклад, ён прыраўноўвае Фёдара Скуміна Тышкевіча, які аддаў свайго сына ў рукі Барбары, з Аўраамам, які зьбіраўся ахвяраваць свайго сына Богу. У фінальнай частцы верша, запрашаючы гасьцей да сьпеваў і скокаў, Ян Пратасовіч згадвае бога Апалёна і іншых міталягічных пэрсанажаў. Свой заклік узьняць келіхі за здароўе маладых падмацоўвае спасылкаю на аўтарытэт Саламона.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 307.
|