Партрэт старога чалавека
«Партрэт старога чалавека» (па-польску: Konterfet człowieka starego) — маральна-дыдактычны твор Яна Пратасовіча, выдадзены ў Вільні ў 1597 годзе. Уяўляе сабой вершаванае суцяшэньне, адрасаванае дзядзьку паэта, наваградзкаму кашталяну Аляксандру Палубінскаму, з нагоды яго пажылога ўзросту.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Твор распачынаецца эпіграмай на герб Палубінскіх і вершаваным прысьвячэньнем князю. Вершаванае суцяшэньне падзяляецца на дзьве часткі:
Першая частка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку кнігі зьмешчана гравюра з выяваю нямоглага старца на мыліцах. Ад імя Старца і вядзецца аповед у першай частцы твора, якую аўтар называе «лямантам». Зь ляманту старца паўстае непрывабны малюнак гаротнага існаваньня чалавека на схіле ягоных дзён, ва ўладзе цяжкіх хваробаў і маркотных думак пра хуткую сьмерць. Герой наракае ня толькі на фізычныя, але і на маральныя пакуты з прычыны старасьці, жаліцца на адзіноту і на пагардлівыя адносіны да яго з боку грамадзтва. Выпрабаваньні і крыўды, якія выпалі на долю Старца, прыводзяць яго да расчараваньня ў сэнсе жыцьця, да пэсымістычнага погляду на чалавечае існаваньне як на паступовы працэс распаду і гніеньня арганізму. У разважаньнях старца чуюцца галасы філёзафаў-скептыкаў і сярэднявечных хрысьціянскіх аскетаў, якія апісваюць настроі чалавека на схіле ягоных дзён.
Другая частка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У другой частцы кнігі зьяўляецца Старац-аптыміст, які па просьба аўтара абараняе старасьць ад несправядлівых абвінавачваньняў і ўслаўляе яе прывабныя рысы. Сустрэча двух герояў паказана на гравюры ў пачатку другой частцы кнігі: Старац-аптыміст абапіраецца не на мыліцы, а толькі на кій, трымаецца бадзёра і ўпэўнена.
Спасылаючыся на ўласны жыцьцёвы досьвед, Старац з кіем разьбівае аргумэнты свайго апанэнта:
- 1) здароўе залежыць ня толькі ад узросту, бо неразумны чалавек падрывае яго сабе яшчэ ў маладосьці заганным ладам жыцьця;
- 2) павага да старых бацькоў у дзяцей не зьнікае, калі яна выхавана з маленства;
- 3) сівога чалавека людзі паважаюць за мудрасьць, яму належыць першае слова ў грамадзе;
- 4) доўгае жыцьцё дае магчымасьць пазбыцца грахоўных страсьцей і падрыхтавацца да сустрэчы з Богам.
Свае развагі Старац-аптыміст падмацоўвае выказваньнямі бібілейскіх прарокаў (Давіда, Саламона, Самуіла і інш.), а потым яшчэ сягае і да антычнай мудрасьці: да выказваньняў і прыкладаў з жыцьця Плятона, Салёна, Сафокла.
Канец
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля пераканаўчых аргумэнтаў першаму Старцу-смутнаглядцу застаецца адно падзякаваць сябру за адкрыцьцё шматлікіх радасьцяў старасьці. Твор заканчваецца супольнай малітвай двух герояў да Бога.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 310—311.
- Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 630—632
|