Эпіцэдыюм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

«Эпіцэдыюм» (па-польску: Epicedium) — фунэральная паэма Яна Пратасовіча, выдадзеная ў Вільні ў 1597 годзе. Прысьвечаная жалобнай цырымоніі з нагоды сьмерці швагеркі паэта, жонкі наваградзкага шляхціча Яна Калантая, Марусі. Паэма адрасаваная бацьку нябожчыцы, берасьцейскаму кашталяну Рыгору Войну.

На адвароце тытульнай старонкі кнігі зьмешчаны герб Войнаў і верш, у якім тлумачыцца мэта напісаньня: суцешыць няшчаснага бацьку ў ягоным горы.

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая частка твору — суцяшэньне філязофіяй Геракліта, Дэмакрыта, Сакрата, Сэнэкі, Цыцэрона ды іншых антычных мысьляроў. Прыводзяцца іхнія выказваньні пра нетрываласьць чалавечага існаваньня і непазьбежнасьць сьмерці, пра неабходнасьць падрыхтоўкі да скону яшчэ пры жыцьці, пра неразумнасьць скрухі па нябожчыку і г. д.

Другая частка твору — суцяшэньне рэлігіяй, прыкладамі зь Бібліі, выказваньнямі прарокаў і сьвятых айцоў пра марнасьць усяго зямнога, пра сьмерць як пачатак вечнага жыцьця і г. д. Аўтар падкрэсьлівае перавагу хрысьціянскіх багасловаў над паганскімі філёзафамі і салідарызуецца з думкаю сьвятога Гераніма, што Арыстотэль зь ягонай мудрасьцю трапіў у пекла, бо ня ведаў Бога. Антычная топіка ў другой частцы твору саступае месца хрысьціянскім ідэям.

У паэме аўтар выказвае і свае дэмакратычныя погляды, па-свойму выкрывае няроўнасьць людзей у тагачасным грамадзтве, крытыкуе грамадзтва, у якім «аднаму дастаецца ўсякага дабра і багацьця, а ў другога і хлеба няма!»[1].

Заканчваецца паэма ўяўным маналёгам нябожчыцы, якая заклікае свайго бацьку ня плакаць над яе магілай, а радавацца з прычыны ўзьяднаньня дачкі з Богам.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 308.