Нямецкая Аўстрыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Рэспубліка Нямецкая Аўстрыя
ням. Republik Deutsch-Österreich
Flag of Austria-Hungary (1869-1918).svg
 
Flag of the Habsburg Monarchy.svg
19181919 Flag of Austria.svg
 
Flag of the Czech Republic.svg
 
Flag of Italy (1861–1946).svg
 
Flag of the State of Slovenes, Croats and Serbs.svg
Сьцяг Нямецкай Аўстрыі Герб Нямецкай Аўстрыі
(Сьцяг) (Герб)
Месцазнаходжаньне Нямецкай Аўстрыі
Афіцыйная мова нямецкая
Сталіца Вена
Форма кіраваньня
Прэзыдэнт
Рэспубліка
Карл Зайц
Плошча
 • агульная

118 311 км²
Валюта Аўстрыйская крона
Незалежнасьць
— абвешчаная
— ратыфікацыя
Сэн-Жэрмэнскае
дамовы

12 лістапада 1918
21 кастрычніка 1919
Нямецкамоўныя тэрыторыі на этнаграфічнай мапе Аўстра-Вугоршчыны (ружовым).

Рэспу́бліка Няме́цкая А́ўстрыя (па-нямецку: Republik Deutschösterreich) — дзяржава, створаная па заканчэньні Першае сусьветнае вайны ў рэгіёнах зь пераважна нямецкамоўным насельніцтвам былой Аўстра-Вугорскай імпэрыі.

Нямецкая Аўстрыя абвясьціла пра свой сувэрэнітэт над усімі тэрыторыямі былой Габсбурскай манархіі, дзе большасьць ад насельніцтва складала немцы. Гэтая тэрыторыя склала агулам плошчу ў 118 311 км², яе насельніцтва налічвала 10,4 млн чал., у яе ўваходзілі, апрача ўсёй сучаснай Аўстрыі, сучасныя італьянскія Паўднёвы Тыроль і горад Тарвізіё, цяперашнія славенскія Паўднёвая Карынтыя ды Паўднёвая Штырыя, а таксама Судэты і нямецкія часткі Багеміі, якія ўваходзяць у склад сучаснае Чэхіі. Рэальны кантроль ураду распаўсюджваўся толькі на прыдунайскія і прыальпійскія рэгіёны, якія нацяпер складаюць большасьць тэрыторыі сучаснай Аўстрыі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У часы існаваньня Аўстра-Вугоршчыны тэрмін Нямецкая Аўстрыя быў неафіцыйным вызначэньнем тэрыторыяў, якія ў сваёй большасьці насялялі аўстрыйскія немцы. Па распадзе імпэрыі ў 1918 годзе нямецкая па паходжаньні частка дэпутатаў Райхсрату (парлямэнт Аўстрыі як адной зь дзьвюх фэдэрацыйных частак Аўстра-Вугоршчыны) паставілі спробу стварыць дзяржаву на гэтых тэрыторыях. Яны абвясьцілі аб стварэньні г.зв. Часовага нацыянальнага сходу незалежнай нямецкай аўстрыйскай дязржавы і абралі ў склад яго прэзыдыюму сяброў трох партыяў — Франца Дынггофэра (Нямецкі нацыянальны рух), Ёдака Фінка (Хрысьціянска-сацыялістычная партыя) і Карла Зайца (Сацыял-дэмакратычная працоўная партыя). У склад уласна сходу ўвайшлі прадстаўнікі ад Багеміі, Маравіі і Аўстрыйскай Сылезіі, якія адмовіліся далучыцца да новаўтворанае Чэхаславаччыны 28 кастрычніка 1918 году.

11 лістапада 1918 году ад свайго права на ўдзел у дзяржаўных справах адмовіўся апошні аўстра-вугорскі імпэратар Карл I Габсбург. На наступны дзень таго ж году нацыянальны сход афіцыйна абвясьціў Нямецкую Аўстрыю рэспублікай і часова прызначыў на пасуд канцлера Карла Рэнэра. Была складзеная Канстытуцыя, паводлея якой замацоўваўся рэспубліканскі лад кіраваньня і статус Нямецкай Аўстрыі як часткі Нямецкае Рэспублікі. Апошняе палажэньне было прынятае дэпутатамі з прычыны меркаваньня дэпутатаў пра Нямецкую Аўстрыю як пра нежыцьцяздольную дзяржаву і пра агульны палітычны курс зь Нямеччынай як адзіны актуальны шлях разьвіцьця. Так, пазьнейшыя плебісцыты ў правінцыях Тыроль і Зальцбург далі 98% і 99% выбарцаў за аб’яднаньне зь Нямеччынай. 22 лістапада нацыянальны сход афіцыйна высунуў прэтэнзіі на нямецкія тэрыторыі Цысьлейтаніі. Тым ня менш, супраць падобнай экспансіі выступілі хаўрусьнікі, а сама Нямецкая Аўстрыя ня мела дастатковых моцаў для супрацьстаяньня дязржавам, да якіх былі высунутыя яе тэрытарыяльныя патрабаваньні.

10 верасьня 1919 году Карлам Рэнэрам была падпісаная Сэн-Жэрмэнская дамова, 21 кастрычніка яна была ратыфікаваная нацыянальным сходам краіны. Падпісаньнем гэтае дамовы Нямецкая Аўстрыя пагадзілася на прыбраньне са сваёй назвы слова «Нямецкая», а таксама з тым, што незалежнасьць Аўстрыі можа зьмяніцца толькі са згоды Лігі Нацыяў, фактычна адмовіўшыся такім чынам ад спробы аб’яднаньня зь Нямеччынай[1]; гэтае аб’яднаньне было забароненае і для Нямеччыны. Па заканчэньні гэтых зьменаў і стабілізацыі межаў Аўстрыі ў сусьветнай гістарыяграфіі прынята адлічваць пэрыяд Першай Аўстрыйскай Рэспублікі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрыторыі, на якія прэтэндаваў урад Нямецкай Аўстрыі, былі падзеленыя ім на 9 правінцыяў:

  • Верхняя Аўстрыя (па-нямецку: Oberösterreich) — складала тэрыторыю сучаснай аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Верхняя Аўстрыя і г.зв. Шумаўскі край: рэгіён на паўднёвым захадзе Чэхіі, які ўваходзіць у Паўднёвачэскі край Чэхіі.
  • Ніжняя Аўстрыя (па-нямецку: Niederösterreich) — складала тэрыторыю сучаснай аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Ніжняя Аўстрыя, гораду Вена і г.зв. Нямецкую паўднёвую Маравію, якая цяпер уваходзіць у склад чэскіх краёў Паўднёвая Маравія ды Высачына.
  • Нямецкая Багемія (па-нямецку: Deutschböhmen) — складала тэрыторыю Судэтаў, якія ўваходзяць цяпер у склад Чэхіі.
  • Судэты (па-нямецку: Sudetenland) — не адпавядала сучаснаму разуменьню тэрміну «Судэты» і складала поўнач сучаснае Чэхіі.
  • Штырыя (па-нямецку: Steiermark) — знаходзілася на большай частцы гістарычнае Штырыі, уключаючы сучасную аўстрыйскую фэдэральную зямлю Штырыя і паўночны захад славенскага рэгіёну Ніжняя Штырыя.
  • Зальцбург (па-нямецку: Salzburg) — тэрытоыря сучаснай аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Зальцбург.
  • Карынтыя (па-нямецку: Kärnten) — складалася з сучасных тэрыторыяў аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Карынтыя, славенскага рэгіёну Карынтыя, грамады Езэрска ды італьянскіх камунаў Тарвізіё, Мальбаргета-Вальбруна і Пантэба.
  • Нямецкі Тыроль (па-нямецку: Deutschtirol) — складала тэрыторыю сучаснай аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Тырольды італьянскай праінцыі Бальцана.
  • Форарльбэрг (па-нямецку: Vorarlberg) — адпавядала сучаснай аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Форарльбэрг.

Некаторыя нямецкія супольнасьці Маравіі, у тым ліку нямецкія грамады Брно, Іглавы і Оламаўцу таксама спрабавалі ўстанавіць хаўрус зь Нямецкай Аўстрыяй, аднак гэтыя спробы апынуліся няўдалымі. Тэрыторыі па-за сучаснай Аўстрыяй часта мелі значную не-нямецкую меншасьць альбо ўвогуле не-нямецкую большасьць, потым гэтыя тэрыторыі неўзабаве былі ўзятыя войскамі краінаў, унутры якіх яны знаходзіліся. Зь іншага боку, немцы складалі большасьць у рэгіёне на захадзе Вугоршчыны, у выніку чаго чаго яны здолелі ўтварыць зямлю Бургенлянд і далучыцца да Аўстрыі. Тым ня менш, места Эдэнбург (сучасны Шопран) ,які месьціцца побач з Бургенляндам, застаўся ў складзе Вугоршчыны з прычыны вельмі спрэчных вынікаў рэфэрэндуму, што быў праведзены ў горадзе. Іншая частка Бургенлянду, Прэсбург (сучасная Браціслава), адышла ў склад Чэхаславаччыны.

Гімн[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на забарону выкарыстаньня тэрміну Нямецкая Аўстрыя, з 1920 па 1929 году неафіцыйны гімн дзяржавы, Deutschösterreich, du herrliches Land, зьмяшчаў згадку гэтае назвы (бел. Нямецкая Аўстрыя, цудоўная зямля). Словы гімну былі напісаныя Карлам Рэнэрам — чалавекам, які юрыдычна пацьвердзіў адмову Аўстрыі ад слова «Нямецкая».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Treaty of Peace between the Allied and Associated Powers and Austria; Protocol, Declaration and Special Declaration [1920 ATS 3](анг.) Australasian Legal Information Institute Праверана 6 студзеня 2014 г.