Нэрвовая анарэксія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Нэрвовая анарэксія (лац. nervus — жыла + грэц. ανορεξία — без апэтыту) — душэўнае парушэньне апэтыту, што вядзе да зьніжэньня вагі цела больш як на 15% ад ніжняй мяжы нормы (паказьнік масы цела < 16). Уяўляе сьмяротную пагрозу ў выніку зьнясіленьня ад парушэньня абмену электралітаў. Выклікаецца наўпроставай залежнасьцю самаадзнакі ад зьнешняга выгляду і вагі цела, адчуваньнем упэўненасьці ў выніку хударлявасьці і боязьзю насьмешак над залішняй вагой. Пераважна сустракаецца сярод дзяўчынаў падлеткавага ўзросту (12—18 гадоў) і незамужніх маладзіцаў ва ўзросьце да 25 гадоў[1]. Мужчыны складаць каля 10% захварэлых, сярод якіх найчасьцей трапляюцца непаўналетнія хлопцы з разладам асобы і сэксуальнай тоеснасьці[2]. У 1873 г. ангельскі лекар Ўільям Гал(en) (1816—1890) упершыню даў хваробе найменьне пры яе апісаньні.

Сьпіна хворай на анарэксію (паводле: Люі Батай. Два выпадкі гістэрычнай анарэксіі // Новая іканаграфія Селітроўні(fr). — Парыж: 1892)

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадухіленьню хваробы спрыяе разуменьне другараднасьці зьнешняга выгляду і вагі цела для дасягненьня прызнаньня, прыязнасьці і пашаны. З боку бацькоў, асабліва таты, карысна штодзень выяўляць увагу і прыязнасьць да дзяцей і выказваць гонар імі без увязкі да іх вагі і выгляду. Таксама варта пазьбягаць штодзённага высьмейваньня памылак і залішняй патрабавальнасьці да дзяцей[1].

Пацярпелая перад лячэньнем у 1866 г. (уверсе) і пасьля вылячэньня у 1870 г. (доктар Ўільям Гал(en), 1873 г.)

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнікненьню хваробы спрыяе ўстойлівае цкаваньне з боку аднагодкаў і бацькоў, упэўненасьць у нялюбасьці празь нягожы выгляд і штодзённае насьміханьне зь нязграбнасьці[1]. Таксама шкодзіць спалучэньне дакучлівага страху перад залішняй вагой і нізкай самаадзнакі[3]. Часта выклікаецца заўвагамі навакольных людзей адносна поўнасьці падлетка і гутаркамі аб выродлівасьці поўнай фігуры цела[4].

Праявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хвароба выяўляецца праз валявое абмежаваньне харчаваньня і галаданьне, выкліканьне ванітаў і прыём слабільніка(en), клізмы (прамываньне страўніка) і мачагоннага прэпарата пасьля ежы. Часта адзначаюцца празьмерныя і зьнясільвальныя цялесныя нагрузкі. Суправаджаецца прыгнечанасьцю і эндакрынным парушэньнем, якое ўлучае: выпадзеньне валасоў, высыханьне скуры, ломкасьць пазногцяў і зьнікненьне плоцевага жаданьня. У жанчынаў таксама спыняюцца месячныя[1] на больш за 3 месяцы. У выніку істотнай страты вагі трывога адносна магчымай папраўкі толькі ўзрастае. Адмова ўжываць ежу ўтойваецца шляхам яе выкіданьня, адмовы наведваць грамадзкія страўні і есьці за агульным сталом[3]. Урэшце выяўляюцца прыкметы нястачы вітамінаў. Скура пачынае лупіцца і набывае бледна-зямлістае адценьне. Канцавіны становяцца халоднымі. Сэрцабіцьцё прыглушаецца (брадыкардыя). Адзначаюцца гіпатанія, запоры і боль у жываце пасьля ежы. У юнакоў можа выклікаць недаразьвітасьць плоцевых органаў[4].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2011 г. ад хваробы пакутаваў 1% дзяўчынаў падлеткавага ўзросту (12—18 гадоў). Мужчыны складалі 18-ю частку (1/18; 5,6%) захварэлых[1]. На 2015 г. мужчыны сталі складаць 10-ю частку захварэлых[3], сярод якіх сьмяротны зыход дасягаў 20%[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Вольга Кулінковіч. Пахудзець цаной жыцьця // Краіна здароўя. — 25 чэрвеня 2012. — № 35 (271). — С. 6.
  2. ^ Мужчынская анарэксія // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 20 чэрвеня 2015 г. Архіўная копія ад 20 чэрвеня 2015 г. Праверана 16 кастрычніка 2016 г.
  3. ^ а б в Сьвятлана Барысенка. Пераяданьне як адсутнасць любові да сябе (частка 1) // Зьвязда : газэта. — 4 красавіка 2012. — № 65 (27180). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б в Інга Сьвятошчык. Што такое нэрвовая анарэксія i як з гэтым змагацца // Газэта «Унівэрсытэт», 14 жніўня 2015 г. Праверана 16 кастрычніка 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]