Перайсьці да зьместу

Міхал Крышпін Паўлікоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхал Крышпін Паўлікоўскі
па-польску: Michał Kryspin Pawlikowski
Герб «Холева»
Герб «Холева»
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Michał Kryspin Pawlikowski
Нарадзіўся 25 кастрычніка 1893(1893-10-25)
Памёр 30 траўня 1972(1972-05-30) (78 гадоў)
Род Паўлікоўскія
Бацькі Казімер Міхал Марыян Паўлікоўскі (1860-1936)
Тэкля з Сьвентаржэцкіх гербу «Трубы» (1864—1933)
Жонка Стэфанія Падгайская, Liselotte Avellis
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці журналіст, празаік, мэмуарыст, публіцыст
Жанр раман
Мова польская мова[1]
Значныя творы Дзяцінства й маладосьць Тадэвуша Іртэнскага
Вайна й сэзон
Бруднае неба
Сумленьне Польшчы й іншыя крэсовыя нарысы
Узнагароды
Залаты крыж Заслугі

Міхал Крышпін Паўлікоўскі гербу „Холева“ (па-польску: Michał Kryspin Pawlikowski; 25 кастрычніка 1893, Пуцькава, Ігуменскі павет, Менская губэрня, Расейская імперыя — 30 траўня 1972, Маўі, Гаваі, ЗША) — польскі пісьменьнік, журналіст, празаік, публіцыст і мэмуарыст. Адносіўся да палітычнай групоўкі «віленскіх кансэрватараў». Атрымаў празваньне «храніст Вялікага Княства Літоўскага».

Паходзіў з каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Паўлікоўскіх, які ў XVІІІ ст. меў маёнткі ў Менскім ваяводзтве. Яго бацька Казімер быў адвакатам, старшынёй Крэдытнага таварыства ў Менску. Маці — Тэкля з Сьвентаржэцкіх — паходзіла з двору Маліноўшчына пад Маладэчнам. Стрыечны брат Юзафа Мацкевіча[2].

Першыя гады свайго жыцьця правёў у бацькавым маёнтку Пуцькаў што быў на сумежжы Менскай і Магілёўскай губэрняў, каля Бабруйску, сярод праваслаўных сялянаў і жыхароў каталіцкіх шляхецкіх засьценкаў. Скончыў Менскую гімназыю (1913). У 1913—1917 гадах вучыўся на юрыста ў Пецярбургу.

Пасьля заняцьця Менску польскімі войскамі ў 1919 годзе некаторы час быў сакратаром у камэндатуры горада й супрацоўнікам Грамадзянскага ўпраўленьне Ўсходніх зямель.

Яго малодшы брат Тадэвуш служыў уланам у корпусе ген. Доўбар-Мусьніцкага, быў жорстка закатаваны бальшавікамі і пахаваны ў сутарэньнях Чырвонага касьцёлу ў Менску. У памяць пра яго ён прысьвяціў аўтабіяграфічную аповесьць «Dzieciństwo i młodość Tadeusza Irteńskiego».

У 1920 годзе служыў у якасьці добраахвотніка ў 19-й лётнай эскадры, адкуль быў звольнены па хваробе. Вярнуўся да чыноўніцкай працы, на гэты раз у Берасьці. У 1923 годзе скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Восеньню 1924 году перабраўся ў Вільню, дзе працаваў у ваяводзкім урадзе. Карэспандэнт віленскай ґазэты «Słowo» — галоўнай ґазэты «віленскіх кансэрватараў».

Быў заўзятым паляўнічым, доўгі час быў сакратаром, а потым віцэ-прэзыдэнтам Паляўнічага таварыства Ўсходніх земляў і Паляўнічага таварыства Віленскага ваяводзтва, а ў 1934 увайшоў у склад кіраўніцтва Польскага зьвязу паляўнічых таварыстваў.

З 1938 году працаваў у Торуні, дзе кіраваў адным з аддзелаў у ваяводзкім урадзе. Пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны разам зь іншымі супрацоўнікамі быў эвакуяваны да Дубна. На кароткі час быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Пасьля вызваленьня накіраваўся ў Вільню й там супрацоўнічаў з «Gazeta Codzіenna» Юзафа Мацкевіча.

У траўні 1940 году перабраўся ў Швэцыю, дзе чакаў на францускую візу, але быў вымушаны застацца, паколькі Францыя была акупаваная нацыстоўскімі войскамі. У Швэцыі пачаў выдаваць «Wіadomoścі Polskіe». У 1943 годзе ўжо ў Лёндане, як супрацоўнік Міністэрства адбудовы і публічнай адміністрацыі. У 1949 годзе пераязджае ў ЗША, дзе выкладае польскую і расейскую мову ва Ўнівэрсытэце Бэрклі. У 1962 годзе выходзіць на пэнсыю. У 1966 годзе адзначаны за сваю літаратурную дзейнасьць узнагародай Зьвязу польскіх пісьменьнікаў на чужыне.

Памёр у 1972 годзе падчас адпачынку на Гавайскіх астравах, дзе і быў пахаваны.

Аўтар кніг «Sumіenіe Polskі: rzecz o Wіlnіe і kraju wіleńskіm» (Лёндан, 1946), «Dwa śwіaty» (Лёндан, 1952), «Dzіecіństwo і młodość Tadeusza Іrteńskіego» (Лёндан, 1959)[3]. У сваіх успамінах Паўлікоўскі піша: Маёнтак быў, як правіла, прыхільны да беларушчыны. Зь селянінам размаўлялі па-беларуску. Правільная і беглая беларуская гаворка была як бы своеасаблівым стылем. Заахвочваньне беларускай мовы, фальклёру і звычаю ды клопат пра іх лічыліся адзіным плённым, і прытым легальным, спосабам змаганьня з русіфікацыяй[4]. Успаміны Паўлікоўскага былі ня толькі заўважаныя, але й неадназначна ацэненыя беларускай эміграцыяй. Так, Вітаўт Тумаш пісаў Юрку Віцьбічу, што там народу беларускага, сялянства наагул няма, ён [Паўлікоўскі] ’’яго быццам і ня бачыў… апісвае толькі польскія маёнткі ды менскія публічныя дамы[5].

  • Залаты Крыж Заслугі (13 чэрвеня 1930) «за заслугі ў галіне ўдасканаленьня дзяржаўнага кіраваньня».
  • Dzieciństwo i młodość Tadeusza Irteńskiego. Powieść, Londyn 1959, Łomianki 2010
  • Wojna i sezon. Powieść, Paryż 1965, Warszawa 1989 (drugi obieg), Wilno 2008, Łomianki 2011
  • Brudne niebo, Londyn 1971, Wilno 2010
  • Sumienie Polski i inne szkice kresowe, Łomianki 2014
  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ ’’Юрэвіч Л.’’ Мэмуары… С. 22.
  3. ^ ’’Юрэвіч Л.’’ Мэмуары… С. 87.
  4. ^ ’’Pawlіkowskі, M.K.’’ Mіńszczyzna… С. 301.
  5. ^ ’’Юрэвіч Л.’’ Мэмуары… С. 24—25.
  • Pawlikowski, M.K. Mińszczyzna, Pamiętnik Wileński / M.K. Pawlikowski; Polska Fundacja Kulturalna. — Londyn, 1972.
  • Юрэвіч, Л. Мэмуары на эміграцыі: крыніцазнаўчае дасьледаваньне. ― Мінск, 2005.
  • Leonard Drożdżewicz, Świętowanie  z Michałem Kryspinem Pawlikowskim, «Znad Wilii», nr 2 (62) z 2015 r., s. 150.
  • Józef Mackiewicz, Ostatnie dni Wielkiego Księstwa, «Kultura» 1960, nr 4 (160).
  • Józef Mackiewicz, Michał K. Pawlikowski, «Wiadomości» 1972, nr 34 (1377).
  • Krzysztof Ćwikliński, Twórczość, której nie znamy. Kilka uwag o pisarstwie Michała K. Pawlikowskiego, [w:] Powroty w zapomnienie. Dekada literatury emigracyjnej 1989—1999, red. B. Klimaszewski, W. Ligęza, Kraków 2001.
  • Piotr Rambowicz, Ostatni myśliwy Wielkiego Xięstwa Litewskiego, «Kresy» 2005, nr 4 (64).
  • Piotr Zychowicz, Niepoprawny kronikarz Wielkiego Księstwa, «Rzeczpospolita — PlusMinus» 2010, nr 33 (914).
  • Piotr Rambowicz, Wobec gawędy. O emigracyjnej twórczości Michała K. Pawlikowskiego, Łomianki 2016.
  • Leonard Drożdżewicz, Świętowanie  z Michałem Kryspinem Pawlikowskim, «Znad Wilii», nr 2 (62) z 2015 r., s. 150.
  • Piotr Bojarski, Mińsk przełomu XIX I XX wieku oczami Michała Krystyna Pawlikowskiego / Życie prywatne Polaków w XIX wieku. O mężczyźnie (nie)zwyczajnie. Tom 8. Kita J., Korybut-Marciniak M. (red.), Wydawnictwo Uniwersytetu Łódzkiego, Instytut Historii i Stosunków Międzynarodowych UWM, Łódź-Olsztyn 2019, s. 221-233.