Перайсьці да зьместу

Міканор Ярашэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міканор Ярашэвіч
Дата нараджэньня 11 (23) ліпеня 1885
Месца нараджэньня
Дата сьмерці не раней за 1937
Месца вучобы
Занятак палітык
Месца працы

Міканор Ярашэвіч (11 ліпеня 1885, Новы Сьвержань, Менскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — пам. не раней за 1937) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, аграном, пэдагог.

Нарадзіўся 11 ліпеня 1885 году ў в. Новы Сьвержань Менскага павету Менскай губэрні. Скончыў Глухаўскі настаўніцкі (1910) і Маскоўскі сельскагаспадарчы (1912) інстытуты. Падчас вучобы ў Маскве ўваходзіў у склад беларускага студэнцкага гуртка, дасылаў лісты ў газэту «Наша ніва». Працаваў аграномам, чытаў лекцыі па аграноміі ў навучальных установах Менскай, Смаленскай і Харкаўскай губэрняў. Удзельнік Першай сусьветнай вайны з 1915 году.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году — адзін з кіраўнікоў Менскай губэрнскай земскай управы і лідэраў мясцовай філіі расейскіх эсэраў (пазьней т.зв. абласьнікоў). У пачатку сакавіка 1918 году — у складзе менскай земскай групы кааптаваны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, аднак 25 сакавіка 1918 году разам зь іншымі прадстаўнікамі земстваў, гарадзкога самакіраваньня і нацыянальных меншасьцяў выйшаў зь яе складу ў знак нязгоды з прыняцьцем Трэцяй Устаўнай граматы. Адзін з аўтараў праекту стварэньня ў Менску ўнівэрсытэту. Падчас польска-савецкай вайны (1919—1920) узначаліў Менскую губэрнскую земскую ўправу, выкладаў у Менскім політэхнічным вучылішчы. 18 верасьня 1919 году падчас прыезду ў Менск Юзэфа Пілсудзкага пры сустрэчы апошняга з грамадзкасьцю ў памяшканьні былога Менскага дваранскага сходу адзіны, хто выступіў з публічным пратэстам супраць польскай акупацыі краю, заявіў, што «палякам няма чаго шукаць у Беларусі». Ва ўмовах польскай акупацыі і фактычнай перамогі бальшавікоў у грамадзянскай вайне падтрымліваў стварэньне сувэрэннай Беларускай рэспублікі. У пачатку 1920 году — у складзе «расейскай сацыялістычнай групы» беспасьпяхова ўдзельнічаў у выбарах у Менскі гарадзкі магістрат.

3 аднаўленьнем савецкай улады ў лістападзе 1920 году прызначаны першым дырэктарам новаўтворанага Беларускага дзяржаўнага палітэхнікуму, адначасова выкладаў у Менскім інстытуце народнай адукацыі, Беларускім рабочым тэхнікуме, выконваў абавязкі загадчыка аддзелу Наркамату асьветы БССР па прафэсійна-тэхнічнай адукацыі. Ініцыятар стварэньня і першы старшыня Беларускага вольна-эканамічнага таварыства. Выступаў супраць прымусовай беларусізацыі, быў прыхільнікам паступовага пераводу выкладаньня ў навучальных установах Беларусі на беларускую мову. У канцы 1920 — пачатку 1921 гадоў намагаўся аднавіць дзейнасьць эсэраўскай арганізацыі «абласьнікоў».

У сакавіку 1921 году арыштаваны ДПУ БССР па абвінавачаньні ў антысавецкай дзейнасьці і зьняволены ў менскі Пішчалаўскі замак. Дзякуючы заступніцтву 38 выкладчыкаў Беларускага політэхнічнага інстытуту, Менскага інстытуту народнай адукацыі і Беларускага рабочага тэхнікума праз два месяцы вызвалены. У студзені 1923 году паводле загаду ДПУ БССР высланы ў Ташкент.

У 1920-я гады працаваў у Сярэднеазіяцкім унівэрсытэце, Інстытуце ірыгацыі і мэханізацыі сельскай гаспадаркі Узбэцкай ССР. Пасьля чарговага арышту ў 1930 годзе выселены разам зь сям’ёй з Ташкенту ў сельскую мясцовасьць, але ў 1933 годзе зноў дазволена вярнуцца назад. У 1937 годзе арыштаваны «за шпіянаж на карысьць замежных разведак» і асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў без права перапіскі. Па словах жонкі, знаходзіўся ў адным зь лягераў у Краснаярскім краі, дзе быў расстраляны.