Перайсьці да зьместу

Мікалай Паўлавіч Круцько

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Паўлавіч Круцько
Дата нараджэньня 20 траўня 1949 (75 гадоў)
Месца нараджэньня Ляскавічы, Рудабельскі раён, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Беларускі тэхналягічны інстытут (1971)
Занятак навуковец, вынаходнік, хімік, прафэсар
Навуковая сфэра хімія
Месца працы Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі
Вядомы як распрацоўнік каталізатараў імклівага выхаду нізкамалекулярных алефінаў пры піролізе
Навуковая ступень доктар навук (1991)
Узнагароды
Дзяржаўная прэмія Беларусі (1990)
Ордэн Пашаны (Беларусь)
Ордэн Пашаны (Беларусь)

Мікалай Паўлавіч Круцько (нар. 1949, Ляскавічы, Рудабельскі раён, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі хімік-вынаходнік.

Дасьледаваў калёідна-хімічныя ўласьцівасьці паверхнева-актыўных рэчываў. Аўтар звыш 300 навуковых працаў. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990) за распрацоўку вытворчасьці калійных угнаеньняў з палепшанымі аграхімічнымі ўласьцівасьцямі. Доктар хімічных навук (1991), прафэсар (2003) і акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009)[2]. Кавалер ордэна Пашаны (2004) і заслужаны дзяяч навукі Беларусі (2014)[3].

У 1971 годзе скончыў Беларускі тэхналягічны інстытут па спэцыяльнасьці «хімічная тэхналёгія перапрацоўкі нафты і газу» з прысваеньнем кваліфікацыі «інжынэр-хімік-тэхноляг»[4]. Уладкаваўся на працу інжынэрам у Інстытут фізыка-арганічнай хіміі Акадэміі навук Беларускай ССР, дзе пазьней стаў старэйшым інжынэрам і малодшым навуковым супрацоўнікам[2]. У 1980 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Дасьледаваньне прыроды дзеяньня аксыдна-індыевага каталізатара ў рэакцыях піролізу ніжэйшых альканаў». У 1981 годзе перайшоў у якасьці старэйшага навуковага супрацоўніка ў Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі (ІАНХ), дзе працаваў у аддзеле паверхнева-актыўных рэчываў і мінэральных угнаеньняў[4].

У 1989 годзе стаў намесьнікам кіраўніка па навуковай працы ІАНХ, а ў 1993 годзе — кіраўніком[2]. Папярэдне, у 1992 годзе абраўся загаднікам лябараторыі канструкцыйнай керамікі і кампазыцыйных матэрыялаў ІАНХ (пераўтвонанай у аддзел кампазыцыйных матэрыялаў у 2004 годзе)[4]. У 1994 годзе абраны сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі[3].

У 2004—2010 гадох быў акадэмікам-сакратаром Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[2]. Адначасна зь 2008 году заняў пасаду кіраўніка дзяржаўнага аб'яднаньня «Хімічныя прадукты і тэхналёгіі»[3].

Напісаў навуковыя працы пра калёідна-хімічныя ўласьцівасьці паверхнева-актыўных рэчываў, поліэлектралітаў і міжпалімэрных спалучэньняў у водна-салявым асяродзьдзі, а таксама пра кінэтыку і мэханізм каталітычнага распаду вуглевадародаў. Распрацаваў каталітычныя сыстэмы, якія павялічваюць выхад нізкамалекулярных алефінаў пры піролізе, і спосабы зьмяненьня дыспэрсіяў соляў і глебы. Таксама распрацаваў спосабы атрыманьня высакаякасных калійных угнаеньняў, якія прымянілі на «Беларуськаліі»[5]. За дадзеную распрацоўку ў 1990 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

Ачоліў беларускую навуковую школу калёіднай хіміі і фізыка-хімічнай мэханікі. Паглыбіў разуменьне пра злучнае, флякулявальнае і гідрафабізавальнае дзеяньне нафтавых, палімэрных і паверхнева-актыўных мадыфікатараў у дыспэрсіях соляў і мінэралаў. Вызначыў спосаб іх узьдзеяньня на ўтварэньне кандэнсацыйна-крышталізацыйнай будовы полікрышталяў лугавых галагенідаў. Загадваў распрацоўкай атрыманьня катыённых бітумных эмульсіяў, што дазволіла ўкараніць рэсурсаашчадны рамонт і ўтрыманьне дарог. Да 2024 году напісаў звыш 380 навуковых працаў, у тым ліку стварыў 87 вынаходніцтваў і 3 манаграфіі, у тым ліку: «Палімэрныя комплексы ў водных і салявых асяродзьдзях» (2010) сумесна з Аленай Вераб'ёвай, «Рэгуляваньне калёідна-хімічных уласьцівасьцяў салявых мінэральных дыспэрсіяў пры атрыманьні грануляваных калійных угнаеньняў» (2010 г., 239 с.) сумесна зь Вячаславам Шаўчуком, Віктарам Прушаком і Уладзімерам Шчэрбай, «Уласьцівасьці і прымяненьне бітумных дыспэрсіяў і бітумна-эмульсійных матэрыялаў» (2014 г., 207 с.) сумесна з Вольгай Апанасенка[3].

  1. ^ Зьвязда (белар.)Выдавецкі дом «Звязда», 2014. — вып. 91 (27701). — С. 8. — ISSN 1990-763X
  2. ^ а б в г Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 20 траўня 2014. — № 91 (27701). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в г Круцько Мікалай Паўлавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2024 г. Праверана 15 чэрвеня 2024 г.
  4. ^ а б в Вынаходнікі Беларусі (Круцько Мікалай Паўлавіч) // Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці, 2019 г. Праверана 15 чэрвеня 2024 г.
  5. ^ Круцько Мікалай Паўлавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 490. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3