Мікалай Вінар
Мікалай Вінар | |
Дата нараджэньня | 2 траўня 1912 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1977 |
Месца сьмерці | Любча, Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларуская ССР |
Месца вучобы | Баранавіцкі дзяржаўны настаўніцкі інстытут (1951) |
Занятак | краязнавец, настаўнік, гісторык |
Навуковая сфэра | Гісторыя |
Месца працы | Сярэдняя школа Любчы |
Мікалай Вінар (1912—1977) — наваградзкі краязнавец, заснавальнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музэю ў мястэчку Любчы (Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь).
Маленства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля асіраценьня (бацька загінуў у 1916 году падчас Брусілаўскага прарыву(en) расейскага войска ў першую сусьветную вайну, маці памерла ў 1920 годзе) сястра маці забрала яго да сябе ў вёску Запольле (Наваградзкі павет, Менская губэрня). Пасьля сканчэньня польскай пачатковай школы ў вёсцы Стараельня (Наваградзкі павет, Польская Рэспубліка) у 1928 годзе паступіў у 4 клясу Наваградзкай беларускай гімназіі. У гімназіі ўступіў у Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. 13 сьнежня 1933 году яго арыштавалі польскія ўлады. У хуткім часе яго выключылі з гімназіі, а 17 студзеня 1934 году асудзілі на год турмы і 2 гады пазбаўленьня грамадзянскіх правоў.
Праца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля ўсталяваньня ў Заходняй Беларусі савецкай улады перад нямецка-савецкай вайной і першыя паваенныя гады настаўнічаў у вёсцы Зенявічы (Наваградзкі раён, Баранавіцкая вобласьць, Беларуская ССР). З 1947 г. загадваў Любчанскім раённым пэдагагічным кабінэтам. З 1949 году выкладаў гісторыю ў Любчанскай сярэдняй школе. У гэты ж час паступіў на завочнае навучаньне ў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, які скончыў у 1951 годзе па спэцыяльнасьці «гісторыя».
У 1961 годзе распачаў збор экспанатаў для стварэньня школьнага гісторыка-краязнаўчага музэю, які адчыніўся ў 1964 годзе ў Брамнай вежы Любчанскага замка. У сярэдзіне 1970-х гадоў музэй перамясьцілі ў новы школьны будынак. Найкаштоўнейшымі экспанатамі былі археалягічныя знаходкі эпохі нэаліту, рэдкія старажытныя манэты, бронзавы флюгер з выявай герба Любчы, датаваны 1581 годам (год узьнікненьня замка), мэтрычная кніга Наваградзкага касьцёла 1601 году і дакумэнты аб дзейнасьці Любчанскай друкарні ХVII ст. У сваіх дасьледаваньнях экспанаты музэю выкарыстоўваў археоляг і доктар гістарычных навук Леанід Побаль.
З канца 1950-х гадоў публікаваў краязнаўчыя артыкулы на старонках наваградзкай раённай газэты «Новае жыццё». У 1977 годзе ў газэце выйшла яго дасьледаваньне «Любча: старонкі гісторыі», што было найпаўнейшым на свой час. У 1961 годзе ў артыкуле «Пасёлку Любча – 700 год» аднёс узьнікненьне мястэчка да 1241 году, бо паводле працы Вацлава Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» ў гэтым годзе «рукою шматгрэшнага дзяка Мікіты з Любчы» быў перапісаны манускрыпт пад назвай «Написания Афанасия мниха к Панкови».
Архіў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Архівы краязнаўцы захоўваюць Любчанская гарпасялковая бібліятэка, Наваградзкі гісторыка-краязнаўчы музэй і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Віктар Сьвякла. Рукапісы не гараць. Мікалай Вінар // Tut.by, 2 траўня 2012 г. Праверана 28 сакавіка 2013 г.