Мікалай Андрэевіч Кавалёў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Кавалёў
Дата нараджэньня 1 чэрвеня 1937 (85 гадоў)
Месца нараджэньня Стары Дзедзін, Клімавіцкі раён, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Віцебскі вэтэрынарны інстытут (1959)
Занятак вэтэрынар
Навуковая сфэра вэтэрынарыя
Месца працы Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага
Вядомы як стваральнік навуковай школы вэтэрынарных імунолягаў і эпізоатолягаў у Беларусі (1972)
Навуковая ступень доктар навук (1977)
Узнагароды

Мікала́й Андрэ́евіч Кавалё́ў (нар. 1937, Стары Дзедзін, Клімавіцкі раён, цяпер Магілёўская вобласьць, Беларусь) — беларускі вэтэрынар-вірусоляг.

Доктар вэтэрынарных навук (1977) і прафэсар (1979). Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994). Кавалер ордэна «Знак Пашаны» (1971). У 1972 годзе стаў сузаснавальнікам вэтэрынарнай вірусалёгіі ў Беларусі і стваральнікам навуковай школы вэтэрынарных імунолягаў і эпізоатолягаў. Распрацаваў звыш 10 прышчэпак супраць вірусных інфэкцыяў у жывёлаў. 8-ы кіраўнік Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі (1988—1999)[2].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1954 годзе скончыў Клімавіцкі зоавэтэрынарны тэхнікум. У 1959 годзе скончыў Віцебскі вэтэрынарны інстытут і заняў пасаду галоўнага вэтэрынарнага лекара ў «Высокаўскім» саўгасе Клімавіцкага раёну[3]. У 1961-м паступіў у асьпірантуру Беларускага навукова-дасьледчага вэтэрынарнага інстытуту (БелНДВІ)[2]. У 1964-м перайшоў на працу малодшым навуковым супрацоўнікам у БелНДВІ[3]. У 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Эпізоаталёгія шаленства ў Беларусі і пытаньні адмысловай прафіляктыкі»[2]. У 1966-м стаў старэйшым навуковым супрацоўнікам, а ў 1968-м заняў пасаду загадніка аддзелу БелНДВІ[4]. У 1971-м узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны»[3] і ўзяў удзел у Міжнароднай нарадзе Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) ў Празе (Чэхаславаччына). У 1972 годзе стаў сузаснавальнікам вэтэрынарнай вірусалёгіі ў Беларусі і стваральнікам навуковай школы вэтэрынарных імунолягаў і эпізоатолягаў. У 1977 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю «Пытаньні патагенэзу і шляхі ўдасканаленьня лябараторнай дыягностыкі і адмысловай прафіляктыкі шаленства». У 1975-м стаў сябрам Усесаюзнай камісіі біяпрэпаратаў Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР і сябрам доктарскай навуковай рады пры Маскоўскай вэтэрынарнай акадэміі (да 1991 году), а таксама навуковым кіраўніком шэрагу заданьняў Дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмаў «Агракомплекс», «Імпартазамяшчэньне» і «Інавацыйныя біятэхналёгіі». Атрымаў некалькі мэдалёў Выставы дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве (Расейская СФСР)[2]. У 1979-м атрымаў навуковую годнасьць прафэсара[3].

У 1982-м выдаў у суатарстве кнігу «Новыя мэтады дыягностыкі заонозных інфэкцыяў»[5]. У 1988 годзе ўзначаліў Беларускі навукова-дасьледчы інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі (БелНДІЭВ)[3] і выдаў супольную манаграфію «Прафіляктыка інфэкцыйных хваробаў жывёлаў» у выдавецтве «Ураджай»[4]. У 1990-м выпусьціў разам з П.П. Кузьняцовым і Міхаілам Таршысам манаграфію «Шаленства жывёлаў», а таксама «Слоўнік хваробаў сельскагаспадарчых жывёлаў»[5]. У 1990 і 1992 гадох паўторна браў удзел у Міжнародных нарадах СААЗ у Парыжы (Францыя) і Жэнэве (Швайцарыя). Таксама ўдзельнічаў у Міжнародных вэтэрынарных зьездах у Мэксыцы, Аўстраліі і Расеі. У 1991-м удзельнічаў у паседжаньні Міжнароднага эпізоатычнага бюро ў Парыжы[2]. У 1992-м быў абраны сябрам-карэспандэнтам Акадэміі аграрных навук Беларусі (ААНБ) і стаў акадэмікам-сакратаром Аддзяленьня жывёлагадоўлі і вэтэрынарнай мэдыцыны ААНБ. Напісаў навуковыя працы аб прыродна-ачаговых хваробах дзікай і свойскай жывёлы ў Беларусі. Распрацаваў спосабы хуткай дыягностыкі, папярэджаньня і лячэньня інфэкцыяў у жывёлаў[5]. У 1994-м стаў акадэмікам Акадэміі аграрных навук Беларусі[3].

У 1993 і 1995 гадох паўторна браў удзел у паседжаньнях Міжнароднага эпізоатычнага бюро[2]. У 1997-м стаў намесьнікам старшыні ААНБ[5]. У 1999-м стаў загаднікам лябараторыі БелНДІЭВ. У 2002-м заняў пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка БелНДІЭВ[3]. У 2006-м стаў суаўтарам кнігі «Клясычная і сучасная імуналёгія». У 2010-м выдаў у суатарстве працу «Генэтычная і вузавая інжынэрыя». У 2012-м выдаў сумесную манаграфію «Вірусы і прыёны ў паталёгіі жывёлаў і чалавека»[2]. На 2013 год напісаў звыш 360 навуковых працаў, у тым ліку 8 манаграфіяў. Меў 19 патэнтаў і вынаходзтваў[3]. У 2014 годзе выпусьціў супольную працу «Сьвет мікраарганізмаў у біясфэры»[2].

Навуковая праца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правёў навуковыя дасьледаваньні ў галіне распрацоўкі сродкаў і спосабаў дыягностыкі, лячэньня і папярэджаньня вірусных хваробаў жывёлаў. Стварыў монапрышчэпкі супраць шаленства, парагрыпу-3 і рынатрахеіту ў кароваў, супраць ротавіруснай хваробы ў сьвіней і чумы сабакаў, парвавіруснага энтэрыту сьвіней і пастэрэлёзу коней. Таксама стварыў 2-валентныя прышчэпкі супраць парагрыпу-3 і рынатрахеіту, рынатрахеіту і віруснага паносу кароваў, гастраэнэтрыту і ротавіруснай хваробы сьвіней, чумы і шаленства сабакаў. Сярод іншага, распрацаваў шматвалентныя прышчэпкі і сыроватачныя лекі супраць пастэрэлёзу, калібактэрыёзу, адэнавіруснай і ротавіруснай хваробаў у цялятаў і парсючкоў, а таксама пастэрэлёзу, хлямідозу і адэнавіруснай хваробы ў кароваў. Агулам распрацаваў звыш 35 біясродкаў і спосабаў выяўленьня і папярэджаньня заражэньняў у жывёлаў[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://catalog.library.mogilev.by/kray/Znak_new/klimovichi/r10p5_4.htm
  2. ^ а б в г д е ё ж Кавалёў Мікалай Андрэевіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 12 студзеня 2021 г. Праверана 7 лютага 2022 г.
  3. ^ а б в г д е ё ж Кавалёў Мікалай Андрэевіч (1937) // Магілёўская абласная бібліятэка, 2013 г. Праверана 7 лютага 2022 г.
  4. ^ а б в Кавалёў Мікалай Андрэевіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 7 лютага 2022 г.
  5. ^ а б в г Кавалёў Мікалай Андрэевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — С. 395. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3