Перайсьці да зьместу

Мхінічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мхінічы
трансьліт. Mchiničy
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Краснапольскі
Сельсавет: Мхініцкі
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2238
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°11′47.609″ пн. ш. 31°20′41.471″ у. д. / 53.19655806° пн. ш. 31.34485306° у. д. / 53.19655806; 31.34485306Каардынаты: 53°11′47.609″ пн. ш. 31°20′41.471″ у. д. / 53.19655806° пн. ш. 31.34485306° у. д. / 53.19655806; 31.34485306
Мхінічы на мапе Беларусі ±
Мхінічы
Мхінічы
Мхінічы
Мхінічы
Мхінічы
Мхінічы

Мхі́нічы — былая вёска ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласьці. Былы цэнтар Мхініцкага сельсавету.

Разьмяшчалася за 17 км на паўднёвы захад ад Краснапольля, за 126 км ад Магілёва, за 68 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі КрычаўСураж (Расея). Рэльеф раўнінны. На поўначы і паўднёвым захадзе межавала зь лесам. Празь вёску цячэ р. Каўпіта (прыток р. Беседзь). Транспартныя сувязі па шашы ВыдранкаКраснапольле, якая праходзіць празь вёску.

На паўднёвай ускраіне вёскі, на левым беразе р. Каўпіта захаваўся археалягічны помнік — старажытны курган (мясцовая назва «Швэдзкі курган»), што сьведчыць аб засяленьні гэтых месцаў у далёкай старажытнасьці.

Паводле пісьмовых крыніцаў вёска вядома з XVI стагодзьдзя. У 1563 г. сяло ў Прапойскай воласьці, дзяржаўная ўласнасьць.

У 1777 г. сяло Мхінічы ў Рагачоўскай акрузе Магілёўскай губэрні. У 1816 г. сяло Амхінічы ў Чэрыкаўскім павеце, уласнасьць памешчыка. У 1864 г. адкрыта школа (народнае вучылішча), у якой у 1889 г. навучаліся 33 хлопчыкі і 1 дзяўчынка. У 1885 г. цэнтар воласьці Чэрыкаўскага павету. Меліся школа, мураваная царква. У 1897 годзе працавалі 2 ветраныя млыны, хлебазапасны магазін, крама. Раз у год праводзіўся кірмаш. Частка вяскоўцаў займалася кравецкім, бандарным і кавальскім промысламі.

У 1909 г. пачала дзейнічаць казённая вінная крама. У 1918 г. арганізаваны камітэт беднаты. З 20 жніўня 1924 году цэнтар Мхініцкага сельсавету. У склад сельсавету ўваходзілі 13 вёсак. У 1925 г. дзейнічала працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 г. было 65 вучняў. У 1930-я гады вяскоўцы ўступілі ў калгас. У канцы 1930-х гадоў на тэрыторыі сучаснага Мхініцкага с/с былі вёска Пакацкая (да 1982) і пасёлак Шамаўшчына (да 1980).

У Нямецка-савецкую вайну з жніўня 1941 г. да 30 верасня 1943 г. акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1943 г. гітлераўцы спалілі вёску. 99 вяскоўцаў змагаліся на фронце, 64 зь іх загінулі.

У 1986 годзе ў складзе саўгаса «Халмянскі» (цэнтар — в. Халмы), разьмяшчаліся 2 фэрмы буйной рагатай жывёлы, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўваньня насельніцтва, фэльчарска-акушэрскі пункт, аптэка, аддзяленьне сувязі, крама.

Пасьля катастрофы 1986 году на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаньнем.

Рака падзяляла вёску на паўднёва-ўсходнюю (просталінейная з завулкамі вуліца — адрэзак шашы, арыентаваны з паўднёвага захаду на паўночны ўсход) і паўночна-заходнюю (дугападобная вуліца з завулкамі, арыентаваная з паўднёвага захаду на паўночны ўсход) часткі; вытворчы сектар быў на паўночным усходзе.

  • XIX стагодзьдзе:
    • 1816 — 41 двор, 290 жыхароў;
    • 1885 — 100 двароў 728 жыхароў;
    • 1897 — 139 двароў, 973 жыхары;
  • XX стагодзьдзе:
    • 1909 — 148 двароў, 980 жыхароў;
    • 1926 — 159 двароў, 892 жыхары;
    • 1986 — 94 гаспадаркі, 227 жыхароў
  • Мхінічы // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / У. Д. Будзько і інш. — Мн.: БелЭн, 2009. — 591 с. ISBN 978-985-11-0440-2.