Дзеці Гурына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзеці Гурына
The Children of Húrin
Жанр: фэнтэзі
Аўтар: Дж. Р. Р. Толкін, К. Р. Толкін
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: 2007
Выдавецтва: HarperCollins
Колькасьць старонак: 317
Папярэдні твор: Narn i Hîn Húrin[d] і Равэрандам[d]
Наступны твор: The Legend of Sigurd and Gudrún[d]
ISBN: 978-0-618-89464-2

Дзе́ці Гу́рына (па-ангельску: The Children of Húrin) — рэканструкцыя незавершанага раману Дж. Р. Р. Толкіна, выкананая ягоным сынам Крыстафэрам. Джон Рональд Руэл пачаў пісаць гэты твор яшчэ ў 1918 року, калі яму было 26 гадоў, і на працягу ўсяго свайго жыцьця ён вяртаўся да яе, аднак так і не пасьпеў скончыць. Крыстафэр перапрацаваў шматлікія чарнавікі, і з уласнымі стылістычнымі праўкамі падрыхтаваў кнігу да друку.

Кніга выйшла ў продаж 16 красавіка 2007.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кніга распавядае пра трагічны лёс Турына Турамбара і ягонае сястры Ніэнор, а таксама й іншых сваякоў (маці — Морвэн і сястры — Урвэн), на якіх трапіла частка праклёну, накладзенага Марготам за адмову выдаць месцазнаходжаньне Гондаліну на іхняга бацьку і мужа Морвэн — Гурына Таліёна, сына Галдара Высокага. Яна ахоплівае пэрыяд ад нараджэньня Турына і да ягонага самагубства пасьля перамогі над цмокам Гляўрунгам.

У першых разьдзелах падрабязна апісанае дзяцінства Турына, сьмерць ягонай сястры Урвэн, уцёкі хлопчыка з захопленага істэрлінгамі Дор-Ламін] ў Дорыят, выхаваньне пры двары караля Тынгала і абставіны, што змусілі яго пакінуць Зачараванае каралеўства. Пасьля — падпарадкаваньне ватагі разбойнікаў і працяг ягонай безнадзейнай вайны з Марготам, шлях, які прывёў ваяра ў Наргатронд і зьнішчыў вялікае каралеўства Нолдар.

Далей Турын прыходзіць у лес Брэтыль, прыстанак трэцяга дому эдайн — Дому Халет, сустракае там сваю сястру Ніэнор, якая страціла памяць з-за чараўніцтва цмока Гляўрунга. Турын закахаўся і ажаніўся зь ёй, ня ведаючы, хто яна на самой справе. Пасьля ён зьдзейсьніў адзін з найвялікшых подзьвігаў даўніх гадоў — мечам забіў Гляўрунга, які напаў на Брэтыль. Перад сьмерцю той вяртае памяць Ніэнор, і тая, усьвядоміўшы, за каго выйшла замуж, у адчаі скокнула са стромы ў раку. Турын, ачуняўшы ад забыцьця і даведаўшыся пра гэта, забівае весьніка і сам кідаецца на меч.

Кніга сканчаецца эпізодам, у якім на іхняй магіле, на руках у мужа (Гурына Таліёна), як вярнуўся з палонуа Маргота, памірае ад гора іхняя маці — Морвэн Эледвэн.