Перайсьці да зьместу

Марыя Ямант

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Марыя Ямант
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 1842(1842)
Вільня, Расейская імпэрыя
Памерла 3 верасьня 1908
Варшава, Расейская імпэрыя
Пахаваная
Род Яманты
Бацькі Тадэвуш Ямант
Схаластыка з Макрыцкіх[d]
Муж Войцех Дмахоўскі
Рэлігія рыма-каталічка
Сям’я Ямантаў. Паміж бацькамі стаяць Марыя (зьлева) і Алена. Фатаздымак зроблены ў часе знаходжаньня ў сыбірскай ссылцы.

Мары́я Я́мант (1842, Вільня — 3 верасьня 1908, Варшава) — удзельніца паўстаньня 1863—1864 гадоў, нарачоная Канстанціна Каліноўскага. Сястра Юзэфа Яманта і Людвікі Ямант.

Нарадзілася ў Вільні ў сям’і надворнага саветніка Тадэвуша Яманта і Схаластыкі з Макрыцкіх. Марыя мела чатырох братоў (сярод іх Юзэф Ямант — паплечнік К. Каліноўскага) і трох сясьцёр (Людвіка, Алена, Схаластыка). Тадэвуш Ямант меў вышэйшую юрыдычную адукацыю і дзяржаўны чын надворнага саветніка. Узначальваў адміністрацыю маёнткаў князя Пятра Сайн-Вітгенштайна[1].

Атрымала добрае хатняе выхаваньне, закончыла прыватны пансіён, валодала некалькімі мовамі, мела глыбокія веды ў галіне гісторыі і літаратуры[1]. Уваходзіла ў нелегальны Жаночы камітэт у Вільні[2]. Вучылася ў вядомага пэдагога Аляксандра Здановіча.

У 1861 годзе праз брата Юзэфа Яманта ў Вільні адбылося яе знаёмства з кіраўніком нацыянальнага паўстаньня Канстанцінам Каліноўскім[1]. На рубяжы 1861—1862 гадоў адбыліся іхнія заручыны[3]. Пазьней К. Каліноўскі напіша ёй з-пад варты славуты верш «Марыська чарнабрэва, галубка мая».

З чэрвеня 1863 году на кватэры Ямантаў у доме Шышкіна на Вялікай вуліцы[4] ў Вільні знаходзілася адна з галоўных кансьпіратыўных явак Канстанціна Каліноўскага[1] і нелегальная друкарня[5], дзе абавязкі сакратара выконваў яе брат — Юзэф Ямант.

Напачатку 1864 году Марыя была арыштаваная, зьняволеная ў былым віленскім кляштары місіянэраў, пасьля чаго сасланая разам з роднымі ў Табольск.

Каля 1874 году вярнулася з Сыбіры і пасялілася ў Варшаве, дзе на схіле жыцьця пабралася шлюбам з былым паўстанцам Войцехам Дмахоўскім, пляменьнікам вядомага мастака і ўдзельніка нацыянальна-вызваленчага руху Генрыха Дмахоўскага[6]. Пахаваная на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве.

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Дзякуючы Ядвізе Макрыцкай, цётцы Марыі Ямант, Каліноўскаму ўдалося перадаць на волю «Лісты з-пад шыбеніцы».
  • Шырокай грамадзкасьці месца пахаваньня Марыі Ямант доўгі час заставалася невядомым, яно было адшукана арганізацыяй «Беларуская нацыянальная памяць» 6 лютага 2008 году.
  1. ^ а б в г Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая…» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 70.
  2. ^ Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая…» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 73.
  3. ^ Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая…» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 71.
  4. ^ Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая…» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 4. — С. 68.
  5. ^ Леанід Маракоў. Радзевіч [Ямант] Людвіка // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991.. — Мн: 2003 Т. II. — ISBN 985-6374-04-9
  6. ^ Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая…» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 4. — С. 75.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]