Перайсьці да зьместу

Людвіка Ямант

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Людвіка Ямант
Людвіка Ямант
Людвіка Ямант
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 1833
Вільня, Расейская імпэрыя
Памерла 1914
Вільня, Расейская імпэрыя
Пахаваная
Род Яманты
Бацькі Тадэвуш Ямант
Схаластыка з Макрыцкіх[d]
Рэлігія рыма-каталічка
Дзейнасьць мэмуарыстка
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ямант.

Людві́ка Я́мант (1833, Вільня — 1914, Вільня) — удзельніца паўстаньня 1863—1864 гадоў, мэмуарыстка. Сястра Марыі Ямант і Юзэфа Яманта.

Нарадзілася ў Вільні ў сям’і надворнага саветніка Тадэвуша Яманта і Схаластыкі з Макрыцкіх. Мела чатырох братоў і трох сясьцёр. Атрымала добрае хатняе выхаваньне, закончыла прыватны пансіён[1]. Уваходзіла ў нелегальны Жаночы камітэт у Вільні, які актыўна супрацоўнічаў з рэвалюцыйнай падпольнай арганізацыяй[2]. Яны захоўвалі і распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, нарыхтоўвалі правіянт і зброю для будучых паўстанцаў, хавалі паўстанцкія друкарні, разносілі пошту і клапаціліся аб паўстанцах, якія трапілі ў палон.

Захаваліся зьвесткі, што Людвіка Ямант за сьпяваньне забароненых патрыятычных песьняў заплаціла 30 рублёў штрафу[3].

У сярэдзіне 1850-х выйшла замуж за Людвіка Радзевіча, пазьней жылі асобна ад бацькоў у віленскім доме. У 1865 годзе за ўдзел у паўстаньні сям’я Радзевіча была сасланая ў Разанскую губэрню. Пасьля ссылкі, калі Радзевічы жылі ўжо ў Варшаве, памёр яе муж і Людвіка выхоўвала дзяцей адна[1].

З чэрвеня 1863 году на кватэры Ямантаў у доме Шышкіна на Вялікай вуліцы[4] ў Вільні знаходзілася адна з галоўных кансьпіратыўных явак Канстанціна Каліноўскага[1] і нелегальная друкарня[5], дзе абавязкі сакратара выконваў яе брат — Юзэф Ямант.

У глыбокай старасьці напісала ўласныя мэмуары «Горсьць успамінаў пра 63 год» (польск. Garść wspomnień z 63 roku). Пасьля сьмерці Людвікі некалькі тоўстых сшыткаў яе рукапісных успамінаў, абкладзеныя жоўтай паперай і аздобленыя здымкамі блізкіх і знаёмых людзей, доўгі час зьберагаліся ў прыватных бібліятэках сваякоў і напачатку 1950-х гадоў былі набытыя бібліятэкай імя Асалінскіх ува Ўроцлаве ў сваякоў Людвікі[1]. Менавіта ва ўспамінах Людвікі Ямант сьцьвярджаецца пра той факт, што яе сястра Марыя Ямант была нарачонай Канстанціна Каліноўскага[1].

  • Ludwika z Jamontów Radziewiczowa. Garść wspomnień z 63 roku. Rękopis w Bibliotece Zakladu Narodowego imienia Ossolińskich we Wroclawiu, sygnatura 12 273/I
  1. ^ а б в г д Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая...» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 70.
  2. ^ Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая...» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 73.
  3. ^ Bruchnalska M. Ciche bohaterki. Udział kobiet w powstaniu styczniowym. (Materialy). — Miejsce Piastowe: 1934. — С. 31.
  4. ^ Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая...» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 4. — С. 68.
  5. ^ Леанід Маракоў. Радзевіч [Ямант] Людвіка // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991.. — Мн: 2003 Т. II. — ISBN 985-6374-04-9