Марко
Тып | таварыства з абмежаванай адказнасьцю |
---|---|
Дэвіз | Якасьць, традыцыі, камфорт |
Заснаваная | 18 верасьня 1991 (33 гады таму) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Віцебск |
Адрас | прасп. Фрунзэ, д. 85 |
Ключавыя фігуры | Мікалай Мартынаў |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | абутак, сумка, футра |
Абарачэньне | 1,2 трлн рублёў (2012; $143,4 млн)[1] |
Чысты прыбытак | 290 млрд руб ($34,7 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 4500 (2015) |
Даччыныя кампаніі | «ВітМа», «Віцебскі футравы камбінат», «Сан Марко», «Чырвоны кастрычнік» |
«Марко» — гарбарна-абутковае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў верасьні 1991 году ў Віцебску[2].
На 2015 г. мела ў Віцебску 4 даччыныя вытворчасьці, сетку з 48 уласных крамаў у 24 гарадах Беларусі, замежныя прадстаўніцтвы і крамы ў Казахстане (Алматы), Латвіі (Рыга) і Расеі (Екацярынбург, Краснадар, Масква, Санкт-Пецярбург, Смаленск). За 2014 г. выпуск абутку перавысіў 4 млн параў, звыш паловы якога прадалі за мяжу.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У верасьні 1991 г. былы экспэрт камэрцыйнага аддзелу абутковага прадпрыемства «Белвэст» Мікалай Мартынаў (нар. 1 жніўня 1957 г., в. Гудава, Дубровенскі раён) заснаваў гандлёва-закупачнае прадпрыемства «ЛМ+МК» разам з трыма іншымі ўдзельнікамі. Пазьней назоў прадпрыемства зьмянілі на сучасны, што паходзіць ад прозьвішча ўласьніка Мартынаў і слова кампанія. У 1993 г. запусьцілі лінію вытворчасьці мужчынскага абутку з натуральнай скуры на поліўрэтанавай падэшве. Першай вырабленай парай абутку сталі мужчынскія паўчаравікі мадэлі 4351, што працягвалі выпускацца на 2011 год. 4 лістапада 1995 г. пачалі выраб падлеткавага і дзіцячага абутку. У красавіку 1996 г. адзначылі выпуск мільёна параў абутку з таварным знакам «Марко». Пачалося адкрыцьцё ўласных крамаў. У верасьні адбыўся пераход у новазбудаваны асноўны корпус фабрыкі. На пачатку 1997 г. асвоілі клеявы спосаб мацаваньня, што дазволіла пачаць вытворчасьць жаночага абутку. У лютым адчынілася даччынае прадпрыемства «ВітМа», дзе пачалі вырабляць кашалькі, паясы, рамяні і сумкі. У лістападзе 1999 г. заснавалі сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства «Вікоп-Фагус» для выпуску абутковых калодак. У красавіку 2003 г. адзначылі выпуск 10-мільённай пары абутку. У ліпені адчынілася даччынае прадпрыемства «Сан Марко», якое пазьней узначаліў сын уласьніка Павал Мартынаў. Пачалася вытворчасьць зімовых ботаў з футра. У сакавіку 2005 г. пачаўся выпуск спартовага і прагулачнага абутку. У 2008 г. «Марко» пераняло вытворчасьць фабрыкі «Чырвоны кастрычнік». У 2009 г. вытворчасьць дасягнула 4 млн параў абутку, у тым ліку 1 млн на набытым ААТ «Чырвоны кастрычнік»[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2012 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2013 г. Праверана 8 красавіка 2015 г.
- ^ Уладзімер Здановіч. Мы ніколі пад чужое імя не падстройваліся // Зьвязда : газэта. — 1 жніўня 2007. — № 142 (26007). — ISSN 1990-763x.
- ^ Уладзімер Здановіч. 20 гадоў стабільнасці на айчынным рынку // Зьвязда : газэта. — 30 ліпеня 2011. — № 143 (27007). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Марко - крок па-беларуску // Кампанія «Марко», 27 сакавіка 2015 г. Праверана 7 красавіка 2015 г.
- Віцебскі футравы камбінат (рас.)
- Гандлёва-забаўляльны цэнтар «Марко-Сіці» (рас.)
Гэта — накід артыкула пра Віцебск. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |