Перайсьці да зьместу

Магілёўтрансмаш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Магілёўтрансмаш»
Пабудаваны 1982 (42 гады таму)
Разьмяшчэньне Магілёў (Беларусь)
Каардынаты 57°57′51″ пн. ш. 30°20′28″ у. д. / 57.96417° пн. ш. 30.34111° у. д. / 57.96417; 30.34111Каардынаты: 57°57′51″ пн. ш. 30°20′28″ у. д. / 57.96417° пн. ш. 30.34111° у. д. / 57.96417; 30.34111
Галіна машынабудаваньне
Прадукцыя аўтакран, паўпрычэп, прычэп
Адрас Ленінскі раён, вул. Крупскай, д. 232
Тэлефон +375(222)72-86-00

«Магілёўтрансма́ш» («МТМ») — машынабудаўнічы завод Беларусі, заснаваны ў траўні 1982 году пад назвай «Магілёўсельмаш»[1].

На 2022 год выпускаў аўтакраны, а таксама грузавыя паўпрычэпы і прычэпы на шасі «Менскага аўтамабільнага заводу»[2].

У траўні 1982 годзе ў Магілёве (Беларуская ССР) заснавалі завод «Магілёўсельмаш» для вытворчасьці сельскагаспадарчых кормавозаў «ІМ-40»[3]. У 1983 годзе здалі ў дзеяньне 1-ю чаргу завода. У 1987 годзе выпусьцілі 10-тысячную машыну «ПРТ-10-1» і вырабілі 1- ыўзор пагрузчыка «П-4/85» грузападымальнасьцю 4 тоны на шасі трактара «К-700». У 1988 годзе пры заводзе стварылі футбольны клюб «Сельмаш», які ў 1994-м перайменавалі ў «Трансмаш», а ў 1998 злучылі з клюбам «Дняпро» у «Дняпро-Трансмаш», які ў тым годзе стаў чэмпіёнам Беларусі. У 1991 годзе выпусьцілі першыя ўзоры 2-скатных паўпрычэпаў на рысорнай падвесцы 9380 і 9397. У 1993-м вырабілі досьледную партыю аўтакранаў грузападымальнасьцю 15 тонаў. У 1994-м выпусьцілі 1-я ўзоры кантэйнэравозаў[2]. 12 ліпеня 1994 году прадпрыемства атрымала назву «Магілёўтрансмаш» і распачало сэрыйны выпуск пагрузчыкаў на аснове трактара «К-700»[3]. У 1995 годзе вырабілі 1-я ўзоры рэфрыжэратара і асвоілі вытворчасьць 3-восевых аўтапрычэпаў на рысорнай і пнэўматычнай падвесцы. Таксама вырусьцілі 1-ы ўзор аўтакрана грузапыдымальнасьцю 25 тонаў з вышынёй уздыму груза на 28 мэтраў. У 1996-м пачалі сэрыйную вытворчасьць аўтакрана «КС-5479» грузападымальнасьцю 25 тонаў на шасі «МЗКЦ 8006». Таксама выпусьцілі ўсталёвачныя партыі паўпрычэпаў-панэлявозаў «У-230» і цэльнамэталічных паўпрычэпаў з тэнтавым верхаў «МТМ 9330-60». Сярод іншага, вырабілі 1-я ўзоры прычэпа-роспуска лесавоза «МТМ 93308». У 1997-м стварылі вытворчасьць рэфрыжэратараў з абсягам кузава на 82 кубамэтры. У 1998 годзе вырабілі 1-ы ўзор ізатэрмічнага фургона «МТМ-41». У 1999 годзе «Магілёўтрансмаш» атрымаў пасьведчаньне якасьці паводле міжнароднага стандарту 9001[2].

На 1999 год завод вырабляў бартавыя і тэнтавыя паўпрычэпы; 1-, 2- і 3-восевыя прычэпы на рысорнай і пнэўматычнай падвесцы; адмысловы паўпрычэпы — кантэйнэравозы, панэлявозы для жалезабэтонных канструкцыяў і сьмецьцявозы; гідраўлічныя аўтакраны; рэфрыжэратары і ізатэрмічныя фургоны[3]. На жнівень 2002 году на заводзе «Магілёўтрансмаш» працавала 3046 чалавек[4]. 31 ліпеня 2000 году завод пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства. 1 лютага 2004 году прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. 23 лютага 2005 году завод «Магілёўтрансмаш» стаў дачынным прадпрыемствам ААТ «Менскі аўтамабільны завод», які 22 сакавіка ўтварыў холдынг[5]. У чэрвені 2005 году на «Магілёўтрансмаш» зь Менску перанесьлі вытворчасьць самасвальных прычэпаў «МАЗ-8571». У 2006 годзе на шасі «МАЗа» стварылі 16-тонны аўтакран з вылетам аб’ёмнай стралы на 21,2 мэтры. Таксама выраблялі 25-тонныя аўтакраны і паўпрычэпы грузападымальнасьцю ад 25 да 27 тонаў з абсягам да 86 кубамэтраў. Большасьць вырабаў прадавалі ў Расею[6]. 7 верасьня 2006 году «Магілёўтрансмаш» пераўтварылі з ААТ у падразьдзяленьне холдынгу «МАЗ»[7].

10 лютага 2016 году на «Магілёўтрансмашы» сабралі 2 досьледныя ўзоры аўтакранаў грузападымальнасьцю 40 і 60 тонаў на шасі «МАЗа» і з кітайскім падаўжальнікам стралы да 59,5 мэтраў. Габарыты складалі 12 мэтраў, што дазваляла перамяшчацца па дарогах агульнага карыстаньня без адмысловага дазволу. Ад праекту да гатовага вырабу спатрэбілася менш за месяц. Таксама з канвэера сышла сумесная падмятальна-прыбіральная машына для гарадзкіх вуліцаў[8]. У лютым 2017 году на плошчах заводу «Магілёўтрансмаш» стварылі беларуска-кітайскае ТАА «Зумліён-МАЗ», якое разгарнула вытворчасьць аўтакранаў, аўтабэтонапомпаў, аўтамабільных бэтоназьмешвальнікаў і камунальных машынаў. 17 траўня 2017 году выпусьцілі 1-ы аўтакран «ЗМК-25» грузападымальнасьцю 25 тонаў са стралой авоіднага сечыва даўжынёй 33 мэтры для перамяшчэньня кантэйнэраў і будаўнічых грузаў[9]. 15—18 траўня 2019 году на Менскай выставе ўзбраеньняў «Магілёўтрансмаш» прадставіў аўтакран на шасі «МАЗ-631705» з колавай формулай 6х6 для працы з разраднымі грузамі вагой да 20 тонаў[10]. 17—20 сакавіка 2021 году на менскай выставе «Будэкспа» «Магілёўтрансмаш» прадставіў першы аўтакран з тэлескапічнай стралой авоіднага профілю, які мог падымаць груз да 11-га паверха. Аўтакран меў поўнапрывадное 3-восевае шасі, нясучую здольнасьць у 10 тонаў пры дарожным руху і 330-сільны рухавік. Страла аўтакрана дазваляла ўзняць да 32-х тонаў на 10 мэтраў і звыш 4-х тонаў на 33 мэтры[11].

  1. ^ Завод «Магілёўтрансмаш» // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 16 сакавіка 2020 г. Праверана 21 лютага 2022 г.
  2. ^ а б в г Завод «Магілёўтрансмаш» (рас.) // ААТ «Менскі аўтамабільны завод», 2022 г. Праверана 21 лютага 2022 г.
  3. ^ а б в Магілёўскі заво́д тра́нспартнага машынабудава́ньня «Магілёўтрансма́ш» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 466. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9
  4. ^ Алесь Кудрыцкі. Плян маштабнае прыватызацыі // Наша ніва : газэта. — 2 жніўня 2002. — № 29 (291). — С. 7. — ISSN 1819-1614.
  5. ^ Завод «Магілёўтрансмаш» // Інтэрнэт-галерэя «Фотабус», 2007 г. Праверана 21 лютага 2022 г.
  6. ^ а б «Магілёўтрансмаш» // Магілёўская абласная бібліятэка, 2007 г. Праверана 21 лютага 2022 г.
  7. ^ ААТ «Магілёўтрансмаш» (рас.) // Фондавы каталёг дзяржаўных архіваў Беларусі, 2022 г. Праверана 21 лютага 2022 г.
  8. ^ Андрэй Ястрабаў, тэлеканал «Беларусь 1». На магілёўскім прадпрыемстве «Трансмаш» выпушчаны досьледны ўзор аўтакранаў // Белтэлерадыёкампанія, 10 лютага 2016 г. Праверана 21 лютага 2022 г.
  9. ^ Сяргей Кулягін. Першы беларуска-кітайскі аўтакран сабраны ў Магілёве // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 траўня 2017 г. Праверана 21 лютага 2022 г.
  10. ^ МАЗ прадставіў навінкі вытворчасьці на МілЭкс // БелТА, 17 траўня 2019 г. Праверана 21 лютага 2022 г.
  11. ^ Сяргей Куркач. Супэркран для вялікага горада // Зьвязда : газэта. — 18 сакавіка 2021. — № 50 (29419). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  12. ^ Яго iмя ў Кнiзе славы Магiлёўшчыны // Газэта «Чырвоны сьцяг Краснапольля», 9 лютага 2021 г. Праверана 21 лютага 2022 г.