Перайсьці да зьместу

Леанарда Сандры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кардынал Леанарда Сандры (2014)

Леана́рда Са́ндры (нарадзіўся 18 лістапада 1943 году, Буэнас-Айрэс, Аргентына) — аргентынскі каталіцкі дзеяч, архібіскуп, кардынал, прэфэкт Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

Навуковыя студыі і сьвятарскі шлях

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў 1943 у сталіцы Аргентыны Буэнас-Айрэсе. Паходзіць зь сям’і італьянскіх эмігрантаў, якія прыехалі ў Аргентыну з правінцыі Трэнта ў Італіі. Пасьля клясычных гуманістычных, філязофскіх і багаслоўскіх студыяў у малой і вышэйшай сэмінарыях Буэнас-Айрэсу, вывучаў тэалёгію ў Каталіцкім унівэрсытэце Аргентыны, дзе атрымаў ліцэнцыят багаслоўя.

2 сьнежня 1967 быў высьвячаны на сьвятара будучым кардыналам архібіскупам Буэнас-Айрэсу Хуанам Карлясам Арамбуру, у якога пазьней быў асабістым сакратаром.

У 1970 выехаў на студыі ў Рым. Атрымаў ступень доктара кананічнага права пасьля студыяў у Папскім грыгарыянскім унівэрсытэце ў Рыме. З 1971 году праходзіў навучаньне ў Папскай царкоўнай акадэміі (Pontificia Accademia Ecclesiastica), якая рыхтуе дыпляматаў Сьвятога Пасаду.

Дыпляматычная праца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1974 прыняты на дыпляматычную працу ў Ватыкан, працаваў у нунцыятуры ў Мадагаскары да 1977, у 19771989 — у Дзяржаўным сакратарыяце Ватыкану. У 19891991 — дарадца Апостальскага нунцыя ў ЗША і ў Арганізацыі Амэрыканскіх дзяржаў.

Праца ў Дзяржсакратарыяце

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

26 жніўня 1991 прызначаны рэгентам Прэфэктуры Папскага дому. 2 красавіка 1992 папа Ян Павал II прызначыў яго асэсарам у Сэкцыю агульных справаў Дзяржаўнага сакратарыяту.

22 ліпеня 1997 Леанарда Сандры быў прызначаны тытулярным архібіскупам Эмонскім і прызначаны Апостальскім нунцыем у Вэнэсуэле. Хіратонія адбылася 11 кастрычніка таго ж году ў базыліцы сьв. Пятра. Яго хіратонію зьдзейсьніў Дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал Анджэла Садана ў саслужэньні з кардыналам Хуанам Карлясам Арамбуру, былым архібіскупам Буэнас-Айрэсу, і Джавані Батыста Рэ, тагачасным намесьнікам Дзяржаўнага сакратара ў агульных справах.

У сакавіку 2000 Леанарда Сандры прызначаны Апостальскім нунцыем у Мэксыцы. 16 верасьня таго ж году яму было прапанавана заняць пасаду намесьніка Дзяржсакратара Ватыкану па агульных пытаньнях, адну з найбольш уплывовых пасадаў у Рымскай курыі.

У апошнія месяцы жыцьця папы Яна Паўла ІІ, які пасьля апэрацыі страціў магчымасьць размаўляць, чытаў вернікам казаньні хворага Рымскага Архірэя, і менавіта ён абвясьціў пра сьмерць папы.

Падчас сваёй службы ў якасьці намесьніка Дзяржсакратара Сьвятога Пасаду браў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы ўсіх апостальскіх падарожжаў папы ў многія краіны сьвету. Асабіста суправаджаў папу Яна Паўла ІІ падчас шэрагу асабліва важных яго апостальскіх падарожжаў: у Грэцыю, Сырыю і Мальту, ва Ўкраіну, у Казахстан і Армэнію, у Азэрбайджан і Баўгарыю, у Таронта на Сусьветны Дзень Моладзі, у Гватэмалу і Мэксыку, у Польшчу, у Гішпанію, у Харватыю, у Босьнію і Герцагавіну, у Славаччыну, у Швайцарыю і ў Люрд. Ён суправаджаў папу Бэнэдыкта XVI падчас яго першых шасьці апостальскіх падарожжаў ў Кёльн на Сусьветны Дзень Моладзі, у Польшчу, у Валенсію, у Баварыю, у Турцыю і ў Бразылію.

Праца ў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 чэрвеня 2007 папа Бэнэдыкт XVI прызначыў архібіскупа Леанарда Сандры Прэфэктам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, а таксама вялікім канцлерам Папскага Ўсходняга інстытуту (Pontificio Istituto Orientale). На кардынальскай кансысторыі, якая адбылася 24 лістапада 2007 году, папа Бэнэдыкт XVI прызначыў архібіскупа Сандры кардыналам дыяконіі Santi Biagio e Carlo ai Catinari.

Кардынал Леанарда Сандры — сябра шэрагу ватыканскіх дыкастэрыяў ды інстытуцыяў:

  • Новы прэфэкт Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. // Царква. № 3 (54), 2007

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]