Перайсьці да зьместу

Кіеўская мітраполія Маскоўскага патрыярхату

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Кіеўская мітраполія — мітраполія Маскоўскага патрыярхату, якая ахоплівала тэрыторыю сучасных Беларусі і Ўкраіны. Фактычна ўтварылася ў 1686 годзе ў выніку захопу Маскоўскай царквой Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату. У 1721 годзе разам з Маскоўскай (Грэцка-Расейскай) царквой перайшла ў падпарадкаваньне «Найсьвяцейшага ўрадавага сыноду» Расейскай імпэрыі. У 1918 годзе ўтварылася Ўкраінская аўтаномная царква Маскоўскага патрыярхату (з 27 кастрычніка 1990 году — Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату).

Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выводзіць сваю гісторыю з 988 году, калі канстанопальскі патрыярхат (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына) утварыў Кіеўскую мітраполію ў выніку хрышчэньня Русі вялікім князем Уладзімерам Сьвятаславічам. У 1299 годзе кіеўскі мітрапаліт Максім перасяліўся ва Ўладзімер-на-Клязьме (цяпер Расея). У 1325 годзе яго наступнік Пятро Ратэнскі пераехаў у Маскву[1] (Вялікае Княства Маскоўскае). Пагатоў паводле 82-га правіла Картагенскага сабору 419 году (Заходняя Рымская імпэрыя; цяпер Туніс), «хай ня будзе дазволена ніякаму япіскапу пакідаць галоўнае места сваёй катэдры і адыходзіць да якойсьці царквы, што ў складзе яго япархіі»[2]. Тым часам у 1317 годзе ў Наваградку (Вялікае Княства Літоўскае; цяпер Беларусь) канстантынопальскі патрыярхат заснаваў Літоўскую мітраполію. 15 сьнежня 1448 году Сабор япіскапаў Вялікага Княства Маскоўскага абраў маскоўскім мітрапалітам Ёну Аднавушава, якога канстантынопальскі патрыярх адмовіўся зацьвердзіць. У 1458 годзе Канстантынопальскі патрыярхат (Асманская імпэрыя) аднавіў Кіеўскую мітраполію (Вялікае Княства Літоўскае; цяпер Украіна) у сувязі з утварэньнем адасобленай Маскоўскай мітраполіі (Вялікае Княства Маскоўскае)[1]. Маскоўскі сабор 1459 году ўтварыў «Маскоўскую царкву»[3], што Канстантынопальская праваслаўная царква (Асманская імпэрыя) палічыла за некананічны раскол (схізму). У 1589 годзе Канстантынопальскі патрыярхат прызнаў самастойнасьць (аўтакефалію) Маскоўскай царквы ў межах Маскоўскага царства.

Пасьля Берасьцейскай уніі 1596 году праваслаўныя япіскапы перападпарадкавалі Кіеўскую мітраполію рымскаму папу ў выглядзе Рускай уніяцкай царквы. У выніку адбыўся раскол праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1620 годзе ерусалімскі патрыярх Тэафан ІІІ на даручэньне канстантынопальскага патрыярха Цімафея II аднавіў Кіеўскую праваслаўную мітраполію і высьвяціў на мітрапаліта Ёва Барэцкага. У ліпені 1685 году кіеўскім мітрапалітам абралі Гедэона Сьвятаполк-Чацьвярцінскага (Гетманшчына), якога 8 лістапада высьвяціў маскоўскі патрыярх Ёакім за прысягу Маскоўскаму патрыярхату[1]. Пагатоў паводле 8-е правіла Эфэскага сабору 431 году (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына) патрабуе, «каб ніхто з богаласкавых япіскапаў не распаўсюджваў сваю ўладу на чужую япархію, якая раней і спачатку не была пад яго рукой, або яго папярэднікаў»[4]. Таксама паводле 2-га правіла 1-га Канстантынопальскага сабору 381 году (Рымская імпэрыя), «Абласныя япіскапы хай не распаўсюджваюць сваёй улады на цэрквы за межамі сваёй вобласьці»[5].

У 1686 годзе маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч прапанаваў Асманскай імпэрыі дамову аб міры з умовай згоды новага канстантынопальскага патрыярха Дыянісія на перадачу Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату[6]. У траўні 1686 году патрыярх Дыянісі выдаў грамату аб перадачы Кіеўскай мітраполіі маскоўскаму патрыярху, за што атрымаў ад маскоўскага пасла Мікіты Аляксеева 400 залатых манэтаў і 120 сабаліных шкурак[7]. У 1687 годзе Канстантынопальскі сабор пазбавіў Дыянісія патрыяршага пасаду за хабарніцтва (грэцк. сыманію), празь якое той адмовіўся ад Кіеўскай мітраполіі на карысьць маскоўскага патрыярха[8].

У 1691 годзе япіскап перамышальскі прыняў Берасьцейскую унію, у 1700 годзе — япіскап львоўскі, у 1702 годзе — луцкі. Па гэтым у складзе Кіеўскай мітраполіі Маскоўскага патрыярхату на тэрыторыі Рэчы Паспалітай засталася толькі Магілёўская (Беларуская) япархія. З утварэньнем у 1721 годзе «Найсьвяцейшага ўрадавага сыноду», аднаго зь міністэрстваў Расейскай імпэрыі, Кіеўская мітраполія трапіла пад яго фактычную ўладу. «Найсьвяцейшы ўрадавы сынод» узначальвалі прызначаныя маскоўскім гаспадаром сьвецкія обэр-пракуроры. Урад Рэчы Паспалітай разглядаў падпарадкаваньне яму Кіеўскай мітраполіі як парушэньне дзяржаўнага сувэрэнітэту, таму зноў пачаў уціск вернікаў з мэтай далучэньня іх да Уніі. У XVIII ст. рабіліся спробы перадаць Беларускую (Магілеўскую) япархію полацкаму ўніяцкаму япіскапу. Упартае змаганьне за захаваньне Беларускай япархіі ў 2-й палове XVIII ст. вёў магілеўскі япіскап Георгій Каніскі. У 1768 годзе пад націскам замежных дзяржаваў, у тым ліку Расейскай імпэрыі, сойм Рэчы Паспалітай згадзіўся ўраўнаваць правы дысыдэнтаў (пратэстантаў і праваслаўных) з каталікамі.

Зь сярэдзіны 1780-х гадоў уладу над мітрапаліцкая япархіяй у Вялікім Княстве Літоўскім ажыцьцяўляў Віктар (Садкоўскі) з рэзыдэнцыяй у Слуцку, якога аднак неўзабаве зьняволілі паводле зьвінавачваньня ў дзяржаўнай здрадзе. Каб скасаваць залежнасьць Праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай ад уладаў Расейскай імпэрыі Пінская кангрэгацыя ў 1791 годзе і Чатырохгадовы сойм у 1788—1792 гадох пастанавілі стварыць у межах Рэчы Паспалітай асобную праваслаўную мітраполію ў юрысдыкцыі Канстантынопалькага патрыярхату. Ажыцьцявіць гэтую пастанову ня далі падзелы Рэчы Паспалітай[9].

У 1918 годзе ўтварылася Ўкраінская аўтаномная царква Маскоўскага патрыярхату (з 27 кастрычніка 1990 году — Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату).

  • Гедэон (Чацьвярцінскі) (1685[a]—1690)
  • Варлаам (Ясінскі) (1690—1707)
  • Ёасаф (Кракоўскі) (1708—1718)
  • Варлаам (Ванатовіч) (1722—1730), архіяпіскап
  • Рафаіл (Збароўскі) (1731—1747)
  • Цімафей (Шчарбацкі) (1748—1757)
  • Арсень (Магілянскі) (1757—1770)
  • Гаўрыла (Крамянецкі) (1770—1783)
  • Самуіл (Мсьціслаўскі) (1783—1796)
  • Ерафей (Маліцкі) (1796—1799)
  • Гаўрыла (Банулеску-Бадоні) (1799–1803)
  • Серапіён (Аляксандраўскі) (1803—1822)
  • Яўген (Балхавіцінаў) (1822—1837)
  • Філарэт (Амфітэатраў) (1837—1857)
  • Ісідор (Нікольскі) (1858—1860), архіяпіскап
  • Арсень (Масквін) (1860—1876), архіяпіскап
  • Філафей (Усьпенскі) (1876—1882)
  • Платон (Гарадзецкі) (1882—1891)
  • Янікі (Руднеў) (1891—1900)
  • Феагност (Лебедзеў) (1900—1903)
  • Флавіян (Гарадзецкі) (1903—1915)
  • Уладзімер (Богаяўленскі) (1915—1918)
  1. ^ Атрымаў прызначэньне на Кіеўскую мітраполію Канстантынопальскага патрыярхату бяз згоды патрыярха канстантынопальскага
  1. ^ а б в Гісторыя Кіеўскай мітраполіі (укр.) // Сьвята-Ільлінская царква Кіеўскай мітраполіі УПЦ (МП), 2008 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  2. ^ Правілы Картагенскага сабору (рас.) // Бібліятэка Якава Кротава, 2017 г. Праверана 11 верасьня 2017 г.
  3. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни (рэпрынт: Буэнос-Айрес, 1966) — Минск: Белорусский экзархат Русской православной церкви, 1990. С. 116.
  4. ^ Правілы Эфэскага сабору 431 г. (рас.) // Бібліятэка Якава Кротава, 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  5. ^ Правілы 2-га Сусьветнага сабору 381 году ў Канстантынопалі (рас.) // Праваслаўная энцыкляпэдыя «Сядміца», 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  6. ^ Аляксандар Крамар. Патрыярхат-рэйдэр  (укр.) = Патріархат-рейдер // Украінскі тыдзень : часопіс. — 11 лютага 2011. — № 6 (171). — ISSN 1996-1561.
  7. ^ Павал Саладзько. Гісторыя і сучаснасьць украінскага праваслаўя (укр.) // Анлайн-выданьне «Гістарычная праўда» (Кіеў), 25 ліпеня 2013 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  8. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни (рэпрынт: Буэнос-Айрес, 1966). — Минск: Белорусский экзархат Русской православной церкви, 1990. С. 209.
  9. ^ Пазднякоў В. Кіеўская мітраполія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 92.