Перайсьці да зьместу

Курыца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Курыца (птушка)»)
Курыца
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаПтушкі
АтрадКурападобныя
СямействаФазанавыя
РодГрэбенёвыя куры
ВідБанкіўскі певень
Бінамінальная намэнклятура
Gallus gallus

Сво́йская ку́рыца (па-лацінску: Gallus gallus альбо Gallus gallus domesticus) — найбуйнейшы паводле колькасьці і распаўсюджанасьці від свойскай птушкі. За доўгую гісторыю адамашваньня чалавекам выведзена вялікая колькасьць разнастайных пародаў кур, а агульная колькасьць кураў складала больш за 19 млрд жывёлаў па стане на 2011 году. Такім чынам, кураў у сьвеце больш, чым любых іншых дзікіх ці свойскіх птушак[1].

Куры належаць да ліку найбольш карысных і выдатных па сваёй прадукцыйнасьці свойскіх птушак. Разводзяць іх дзеля мяса і яек, акрамя таго ад іх атрымліваюць пяро і пух, радзей кур выкарыстоўваюць наўпрост у якасьці хатніх жывёлаў. Першапачаткова яны выкарыстоўваліся дзеля арганізацыі пеўневых боек або для правядзеньня адмысловых цырымоніяў. Масава ўжывацца ў ежу пачалі толькі ў эліністычны пэрыяд, то бок у IV—II стагодзьдзях да н. э.[2].

Сацыяльныя паводзіны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Кура з сваімі куранятамі.

Куры — статкавыя птушкі, таму жывуць у статках. Гэтыя птушкі маюць супольны падыход да выседжваньня яек і гадаваньня маладняку. Асобныя куры ў зграі дамінуюць над іншымі, усталёўваючы герархію дамінаваньня, пры гэтым дамінантныя асобіны маюць прыярытэт у доступе да ежы і месцах гнездаваньня. Выдаленьне пэўных курэй або пеўняў з статку выклікае часовае парушэньне ладу, пакуль не ўсталюецца новая герархія. Даданьне новых курэй, асабліва маладых птушак, да існуючага статку можа прывесьці да боек.

Куры часам могуць рабіць напады на слабога або неспрактыкаванага драпежніка. Існуе прынамсі адная справаздача, вартая даверу, пра маладую лісу, забітую курамі[3][4][5]. Калі кура знаходзіцца пад пагрозай з боку драпежнікаў, або ў стане стрэсу або хваробы, яна можа выпрастаць пёры[6].

Певень кукарэкае.

Калі певень знаходзіць ежу, ён можа першым паклікаць іншых курэй, каб яны пасілкаваліся. Ён робіць гэта, праразьліва сакатаць, падымаючы і кідаючы ежу. Такія паводзіны таксама могуць назірацца ў курэй, якія квохчуць, каб заклікаць сваіх куранятаў і заахвоціць іх есьці. Сьпяваньне пеўня гучнае, часам суправаджаецца праназаватымі заклікамі, бо такім чынам птушка дасылае сыгналы іншым пеўням[7]. Пеўні таксама могуць кукарэкаць у адказ на раптоўныя хваляваньні ў навакольлі. Куры гучна кудахчуць пасьля таго, як паклалі яйкі, а таксама каб паклікаць сваіх куранятаў. Куры таксама выдаюць розныя папераджальныя крыкі, калі адчуваюць набліжэньне драпежніка[8].

Практычна заўсёды пеўні пачынаюць сьпяваць у веку да чатырох месяцаў. Кура таксама можа кукарэкаць, але гэтая прыкмета найбольш характэрная пеўню. Спаборніцтвы па сьпевах пеўняў ёсьць традыцыйным відам спорту ў некаторых краінах, як то Нямеччына, Нідэрлянды, Бэльгія[9], ЗША, Інданэзія і Японія. У такіх турнірах звычайна выкарыстоўваюць галасістых курэй. У залежнасьці ад заводу вымяраецца альбо працягласьць кукарэканьня, альбо колькасьць разоў, якую певень прасьпявае за пэўны час.

Каб пачаць заляцаньне, некаторыя пеўні могуць танчыць па крузе вакол альбо каля саміцы, часта апускаючы крыло, блізкае да курыцы[10]. Танец мусіць выклікаць адказ курыцы[10], то бок яна можа адысьці у бок або ўцячы ці можа прыняць прыдатную паставу, прысеўшы ля пеўня. Апасьля певень улазіць на курыцу і ўзяцца да злучваньня.

Курыныя яйкі адрозьніваюцца паводле колеру ў залежнасьці ад заводу, а часам і куры. Звычайна колеры вагаюцца ад яскрава-белага да карычневага і нават блакітнага, зялёнага, сьветла-ружовага і фіялетавага.

У натуральных умовах большасьць птушак кладзе яйкі толькі да стварэньня поўнага покладу, якое звычайна складае каля 12 яек. Пасьля гэтага птушка масьціцца на яйках і засяроджваецца на наседжваньні. Яна будзе сядзець на покладзе і абараняцца, адбіваючыся дзюбай, калі яе патурбаваць ці паспрабаваць пратурыць. Кура рэдка пакідае гняздо, толькі дзеля таго, каб паесьці, папіць або пачысьціцца[6]. Падчас выседжваньня кура падтрымлівае ў покладзе сталы ўзровень тэмпэратуры і вільготнасьці, рэгулярна перагортваючы яйкі цягам пачатковага пэрыяду. Каб стымуляваць наседжваньне, уладальнікі птушак могуць зьмяшчаць у гняздо некалькі штучных яек. Наадварот, каб адбіць ахвоту, яны могуць зьмясьціць куру ў клетку з адкрытай драцяной падлогай.

Заводы, штучна выведзеныя дзеля вытворчасьці яек, зрэдку сядзяць на яйках, а тыя, што гэта робяць, часта спыняюцца ў сярэдзіне працэсу наседжваньня. Тым ня менш, іншыя заводы курэй, як то кахінхін, корніш і кітайскія шаўковыя заводы, рэгулярна масьцяцца на яйках, пры гэтым ня толькі курыных. Яны здольныя выседзець яйкі іншых відаў — нават тых, у якіх яйкі значна меншыя або большыя ды з рознымі пэрыядамі інкубацыі, напрыклад, яйкі перапёлкі, фазанаў, качак, індычак або гусей.

Вылупленьне і раньняе жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Купка куранятаў.
Два кураняты заводу орпінгтан.

З аплодненых курыных яек вылупаюцца кураняткі ў канцы наседжваньня, прыкладна праз 21 дзень[10]. Разьвіцьцё птушаня ў яйку пачынаецца толькі з пачаткам наседжваньня, таму ўсе птушаняты вылупаюцца цягам аднаго ці двух дзён, не зважаючы на тое, што кладка, магчыма, фармавалася цягам блізу двух тыдняў. Перад вылупленьнем кура можа пачуць, як кураня ціўкае зь яйка. У адказ кура будзе ціхенька сакатаць, каб заахвоціць малога вырвацца з шкарлупіны. Птушаня дзяўбе дыхальную адтуліну яйцавым грудком з шырэйшага боку яйка. Затым яно адпачывае некалькі гадзінаў, сілкуючыся яечным жаўтком і спыняючы кровазабесьпячэньне праз мэмбрану пад шкарлупінай, якая раней выкарыстоўвалася дзеля дыханьня. Пасьля гэтага птушаня павялічвае адтуліну, паступова паварочваючыся, і ў рэшце рэшт выпаўзае з пакінутай шкарлупіны, а мокры пух высыхае ў цяпле гнязда.

Квахтуха звычайна застаецца на гнязьдзе каля двух дзён пасьля таго, як вылупілася першае птушанё. У гэты час навароджаныя кураняты сілкуюцца зьмесьцівам жаўтковага мяшку. Некаторыя віды курэй часам пачынаюць есьці шкарлупіну[11]. Куры люта ахоўваюць сваіх птушанятаў і працягваюць наседжваць сваю кодлу пры неабходнасьці сагрэць іх, часта вяртаючыся ў гняздо на ноч. Куры клічуць сваіх малых да ежы і вады, але зрэдку будуць карміць іх беспасярэдне. Саміца працягвае даглядаць за куранятамі, пакуль ім ня споўніцца некалькі тыдняў.

Гісторыя адамашненьня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Розныя віды дзікіх птушак у розныя часы былі выяўлены на ўсіх кантынэнтах: глушэц — у Эўропе, цацаркі — у Афрыцы, Турэччыне і Амэрыцы, залаты певень — у Азіі.

Лічыцца, што хатнія куры паходзяць ад дзікіх банкіўскіх пеўняў (Gallus gallus), якія жывуць у Азіі. Дзікая папярэдніца куркі была дробнай, вагой ня больш за кіляграм. Яна кармілася насеньнем, казуркамі, сьлімакамі, умела лётала, гнёзды рабіла на зямлі. Самка адкладала ад 4 да 13 яек. Акрамя банкіўскіх або чырвоных джунглёвых курэй у род грабеністых курэй (Gallus) уваходзяць яшчэ тры віды: шэрая джунглёвая курка (Gallus sonnerati), цэйлонская джунглёвая курка (Gallus lafayettei) і зялёная джунглёвая курка (Gallus varius). Дзікіх прадстаўнікоў роду і сёньня можна сустрэць у Індыі, Індакітаі, Паўднёвым Кітаі, Інданэзіі і на Філіпінах.

Раньнія крыніцы, на якія спасылаўся ў сваіх працах і Чарлз Дарвін[12], сьведчаць, што адамашненьне куркі адбылося ў раёне Індыі каля 2000 гадоў да н. э. Пазьнейшыя дасьледчыкі сьцьвярджалі, што адамашненьне магло адбыцца каля 3200 гадоў да н. э. і нават раней у іншых рэгіёнах Азіі. Зараз існуе шэраг фактаў, якія сьведчаць аб старажытнай гісторыі адамашненьня курэй — 6000—8000 гадоў да н. э. у Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Кітаі[13].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]