Перайсьці да зьместу

Крыстыянсборг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Замак Крыстыянсборг
Christiansborg Slot
Тып палац
Архітэктурны стыль барока, нэаклясыцызм, нэабарока
Месцазнаходжаньне Данія, Капэнгаген
Пачатак будаўніцтва 1907
Сканчэньне будаўніцтва 1928
Памер 250пкс
Архітэктар Эліяс Давід Гаўзэр, Крыстыян Фрэдэрык Гансэн, Торвальд Ёргенсэн
Каардынаты 55° пн. ш. 12° у. д. / 55° пн. ш. 12° у. д. / 55; 12Каардынаты: 55° пн. ш. 12° у. д. / 55° пн. ш. 12° у. д. / 55; 12
Замак Крыстыянсборг на мапе Даніі
Замак Крыстыянсборг
Замак Крыстыянсборг
Замак Крыстыянсборг

Крыстыянсборг (па-дацку: Christiansborg Slot; [kʁesdjænsˈbɔːɐ̯ˀ ˈslʌd]) — палац на востраве Сьлётсгольмэне ў Капэнгагене (Данія), сядзіба парлямэнту Даніі (дац. Folketinget)[1], прэм’ер-міністра[2] і Вярхоўнага суду[1]. Частка палацу выкарыстоўваецца для патрэбаў дацкай манархіі[3].

Такім чынам, Крыстыянсборг — адзіны будынак у сьвеце, у якім месьцяцца ўсе тры галіны ўлады. З гэтай прычыны ягоная назва стала мэтонімам дацкага палітычнага ладу, і часта яго называюць Rigsborgen («замак каралеўства») ці проста Borgen («замак»).

Цяперашні будынак — ужо трэці з гэтай назвай, збудаваны на тым самым месцы (першы замак зьявіўся ў 1167 року). З-за вялікіх пажараў палац уяўляе спалучэньне трох эпохаў дацкай архітэктуры: барокавай (1738—1746), нэаклясычнай (да 1826) і нэабарокавай (асноўная частка палацу, скончаная ў 1928 року).

Першы замак на гэтым месцы — замак Абсалёна — быў збудаваны ў 1167 року біскупам Абсалёнам[1]. Замак быў абаронены мурам, на ўнутраным двары стаяў палац біскупа, капліца і некалькі дробных будынкаў.

Па сьмерці Абсалёна ў 1201 року Капэнгаген перайшоў ва ўласнасьць біскупаў Роскіле. Цягам двух стагодзьдзяў за ўладу над ім спрачаліся карона і царква. Замак пастаянна падвяргаўся нападам з боку вэндзкіх піратаў і Ганзейскіх местаў, а ў 1249—1259 быў захоплены і разрабаваны.

У 1370 кароль Вальдэмар IV атрымаў паразу ад Ганзейскай лігі. Ганзейцы камень за камянём разабралі замак[4], які доўга замінаў іхняму гандлю ў Пратоцы.

У канцы XIV стагодзьдзя на месцы замку Абсалёна паўстаў новы Капэнгагенскі замак[5][4] з абарончым мурам, рвом і вялікай вежай пры браме. У 1417 року ён перайшоў ва ўласнасьць караля Эрыка VII. З тае пары біскупы Роскіле больш не валодалі замкам, і ён становіцца сядзібай дацкай манархіі і ўраду.

У 1720-х роках Фрэдэрык IV цалкам перабудаваў замак, ад чаго ён зрабіўся настолькі цяжкім, што муры не вытрымлівалі і пайшлі трэшчынамі. Наступны ж кароль, Крыстыян VI, неадкладна пасьля ўзыходжаньня на стале зьнёс яго і загадаў пачаць будаўніцтва наноў[4].

У 1733 року архітэктар Эліяс Давід Гаўзэр пачаў працу над першым Крыстыянсборскім замкам у барокавым стылі. Палац, скончаны ў 1745, стаў на той час найбуйнейшым у паўночнай Эўропе[6].

1: Палац, 2: каралеўская брама, 3: палацавая плошча, 4: унутраны двор, 5: уваход у парлямэнт, 6: двор парлямэнту, 7: музэй тэатру, 8: каралеўскія стайні, 9: мармуровы мост, 10: выставачны пляц, 11: школа езьніцтва, 12: музэй Торвальдсэна, 13: уваход у Вярхоўны суд, 14: брама каралевы, уваход у прыёмныя пакоі каралевы, 15 палацавая капліца, 16: двор прынца Ёргэнса

Палац і царква згарэлі ад вагню ў 1794 року[6], захаваліся толькі выставачныя пляцы.

У 1803 року на запрашэньне каралеўскай сям’і архітэктар Крыстыян Фрэдэрык Гансэн пачаў працу над другім Крыстыянсборскім замкам у францускім ампіры. Тым часам каралі пераехалі ў Амаліенборг, і новы замак выкарыстоўваўся толькі дзеля забаваў. Адзіным каралём, які жыў у Крыстыянсборгу, быў Фрэдэрык VII (1852—1863). Пасьля ўсталяваньня канстытуцыйнай манархіі паводле канстытуцыі 1849 року паўднёвае крыло палацу заняў парлямэнт Даніі (Рыгсдаг).

У 1884 згарэў і гэты палац, захаваліся толькі пляцы і капліца[4].

У 1907—1928 року Торвальд Ёргенсэн збудаваў трэці Крыстыянсборг[7] ў нэабарокавым стылі. Паводле праекту ён прадугледжваў памяшканьні для каралеўскай сям’і, парлямэнту і суду. Падчас раскопак былі выяўленыя руіны замку Абсалёна і Капэнгагенскага замку, якія выстаўленыя для публічнага агляду пад сучасным палацам з 1924 року.

У паўднёвым крыле палацу знаходзіцца парлямэнт, у паўночным — прыёмныя пакоі манарха, Вярхоўны суд Даніі і кабінэт прэм’ера. Асобныя памяшканьні палацу даступныя для турыстаў.

  1. ^ а б в Copenhagen (анг.) Encyclopædia Britannica Праверана 24 верасьня 2018 г.
  2. ^ History (анг.) Statsministeriet Праверана 24 верасьня 2018 г.
  3. ^ Lov om dronning Margrethe den Andens civilliste (дацк.) Retsinformation.dk Праверана 24 верасьня 2018 г.
  4. ^ а б в г The History of Christiansborg (анг.). Danish Parliament. Праверана 24 верасьня 2018 г.
  5. ^ Ruins under Christiansborg Palace (анг.) Visit Copenhagen Праверана 24 верасьня 2018 г.
  6. ^ а б Larsen, Jørgen (14 верасьня 2015) Amalienborgs hemmelige gange (дацк.). Berlingske Media. Праверана 24 верасьня 2018 г.
  7. ^ Christiansborg Palace (анг.) Kongehuset Праверана 24 верасьня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыстыянсборгсховішча мультымэдыйных матэрыялаў