Каятан Марашэўскі
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | невядома
|
Памёр | 1811 |
Дзейнасьць | драматург, пісьменьнік, манах |
Каятан Марашэўскі († 1811 у Шумску на Віленшчыне[1]) — драматург канца XVIII стагодзьдзя, манах-дамініканін, прафэсар, выкладнік паэтыкі і рыторыкі Забельскага дамініканскага калегіюму. Аўтар польскамоўнай трагедыі «Свабода ў няволі» і беларуска-польскай п’есы «Камэдыя» — першай беларускай камэдыі, дзе галоўныя пэрсанажы гавораць па-беларуску[2].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1787 годзе выкладаў рыторыку і паэтыку ў Забелах. У 1788 годзе перавёўся выкладаць у школу пры кляштары ў Аглоні. На момант сваёй сьмерці ў 1811 годзе быў прыёрам Шумскага дамініканскага кляштару.
Дзейнасьць драматурга прыпадала на самы канец XVIII ст., у якім Беларусь перажыла сапраўдны тэатральны бум. Каятан Марашэўскі ня мог ня ведаць і пра агромністую папулярнасьць выступленьняў вандроўных артыстаў-блазьнюкоў. Не апошнюю ролю ў станаўленьні драматурга адыграла і асяродзьдзе, у якім яму давялося працаваць. Калектыў выкладнікаў Забельскага калегіюма быў нешматлікім. Прыкладам, у 1802 годзе ў калегіюме працавалі адно толькі шэсьць выкладнікаў і восемдзесят навучэнцаў.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Забэльскім рукапісным зборніку захаваліся толькі два драматургічныя творы Каятана Марашэўскага. У «Камэдыі» паказана цяжкае жыцьцё прыгоннага селяніна Дзёмкі, выказваецца асьветніцкая думка, што шчасьце залежыць не ад лёсу, а ад чалавечых учынкаў. Твор напісаны ў адпаведнасьці з эстэтыкай клясыцызму, аднак адчуваецца ўплыў барочных інтэрмэдый, якія ўпершыню ў беларускай літаратуры сынтэзуюцца ў камэдыю. Ідэі асьветніцтва выявіліся ў трагедыі «Свабода ў няволі», дзе галоўны герой — рымскі палкаводзец Бэлізарыюс — вышэй за асабістыя інтарэсы ставіць інтарэсы радзімы.
Творы Каятана Марашэўскага захаваліся ў рукаіпісным зборніку, які зьберагаецца ў бібліятэцы Летувіскай АН. Сюжэт «Камэдыі» выкарыстоўвалі беларускія драматургі (п’еса Францішка Аляхновіча «Птушка шчасьця», 1920).
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Камедыя // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2-е выд. Менск, 1997. Т. 1.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Брыль А. Звесткі пра Каятана Марашэўскага, Міхала Цяцерскага і Ігнацыя Юрэвіча ў дакументах Дамініканскага ордэна // Роднае Слова. № 4, 2018. С. 3—4.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 299.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 2. Новая літаратура : другая палова XVIII—XIX стагоддзе / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы; навук. рэд. тома У. Мархель, В. Чамярыцкі. — Менск: Беларус. навука, 2007.
- Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. — Менск, 1980. С. 320—335.
- Усікаў Я. Беларуская камедыя. — Менск, 1979. С. 72—110.