Перайсьці да зьместу

Каталектыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Катале́ктыка (па-старажытнагрэцку: κατάληκτος — усечаны) — тэрмін традыцыйнай стопнай мэтрыкі, які абазначае супадзеньне або несупадзеньне заканчэньня вершаванага радка са стапой. Калі апошняя стапа карацейшая за астатнія стопы вершаванага радка на адзін ці два ненаціскныя склады — гэта каталектычны верш, або ўласна каталектыка. У ямбе ці анапесьце каталектыка немагчымая, бо радок тут завяршаецца націскным складам. Але ў амфібрахіі ці харэі можа быць каталектыка на адзін склад, у дактылі — на адзін ці два склады. Калі апошняя стапа мае на адзін ці некалькі ненаціскных складоў больш, чым папярэднія стопы вершаванага радка, утвараецца гіпэркаталектычны верш, або гіпэркаталектыка. У сучасным вершазнаўстве такой клясыфікацыяй заключных стопаў карыстаюцца рэдка. Звычайна гавораць пра характар кляўзулаў у вершы (мужчынскія, жаночыя, дактылічныя ці гіпэрдактылічныя).