Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (Гожа)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла
| |
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Гожа |
Каардынаты | 53°32′12.73″ пн. ш. 24°43′56.09″ у. д. / 53.5368694° пн. ш. 24.7322472° у. д.Каардынаты: 53°32′12.73″ пн. ш. 24°43′56.09″ у. д. / 53.5368694° пн. ш. 24.7322472° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | нэаготыка |
Аўтар праекту | Якуб Фардон[d] |
Сайт | nashaparafia.com |
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла | |
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла на Вікісховішчы |
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла — помнік архітэктуры другой паловы XIX стагодзьдзя ў Гожы. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на гістарычным Рынку[a]. Дзее. Твор архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы драўляны касьцёл у Гожы фундаваў вялікі князь Казімер. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў гэты касьцёл спалілі разам зь мястэчкам. У 1662 годзе збудавалі новы драўляны касьцёл.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Гожа апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць.
У 1862—1865 гадох вялося будаваньне мураванага касьцёла паводле праекту архітэктара Якуба Фардона. 30 лістапада 1869 году касьцёл кансэкраваў гарадзенскі дэкан Аляксандар Гінтаўт.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1927 годзе касьцёл кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. За савецкім часам касьцёл не зачыняўся.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Гэта прастакутны ў пляне аб'ём з галоўным фасадам у выглядзе цэнтральнага 2-схільнага шчыпца і шатроў бакавых (васьмярык на чацьверыку) вежаў. Іх гатычныя сьпічастыя завяршэньні надаюць дынамічны сылюэт, вэртыкальную кампазыцыйную накаванасьць. Вось сымэтрыі фасада выразна падкрэсьліваецца высокім і вузкім стральчатым пэрспэктыўным парталам, які аб’ядноўвае сваёй прафіляванай і пабеленай аркай прастакутны ўваходны праём і акно хораў. Над парталам разьмяшчаецца ляпная і пабеленая выява «Усёбачнае вока». Стральчатыя нішы зь сьпічастым абрамленьнем і аркатурны фрыз выклікаюць асацыяцыі з старажытнай готыкай. Спалучэньнем адкрытай ружовай бутавай муроўкі і белых атынкаваных элемэнтаў дэкору дасягаецца калярыстычная выразнасьць.
Шэсьць квадратных у сечыве слупоў падзяляюць малітоўную залю на 3 нэфы. Павялічаны цэнтральны нэф падаўжаецца ў вылучаную бакавымі закрысьціямі апсыду. Сьцены апрацоўваюцца пілястрамі. У інтэр’еры тры алтары, выкананыя ў тэхніцы ілюзорнага нэабарокавага малярства, і 4 алтарныя драўляныя кампазыцыі. Абраз Маці Божай Суцяшэньня ў галоўным алтары засланяецца тытульным абразом Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. Бакавыя алтары — 2-ярусныя, у левым зьмяшчаецца абраз Сьвятога Казімера (у нішы пад абразом стаіць фігура Маці Божай), а над ім — абраз Маці Божай Ружанцовай, у правым алтары — абраз Сьвятога Антонія з абразом Перамяненьня Пана наверсе. Алтарная кампазыцыя пры правай апоры, бліжэйшай да алтара, прысьвячаецца Найсьвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса (пры левай — амбон). У кампазыцыях пры сярэдніх апорах зьмяшчаюцца абразы: Бічаваньня Пана Езуса (налева) і Маці Божай Пераломскай (зь зьнішчанага касьцёла ў Пераломе). На хорах ёсьць арганы на 12 галасоў.
Касьцёл атачаецца нізкай мураванай агароджай з брамай[1].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
Бакавы фасад
-
З боку апсыды
-
Фрагмэнт
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Леніна, 29
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 98.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.