Перайсьці да зьместу

Рамуальд Ялбжыкоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Рамуальд Ялбжыкоўскі (7 лютага 1876, в. Лентова Домб, цяпер Замброўскі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча19 чэрвеня 1955, Беласток) — рымска-каталіцкі дзеяч 2-е Рэчы Паспалітае, біскуп ломжынскі (1925—1926), арцыбіскуп віленскі (1926—1955).

З шляхецкага роду Ялбжыкоўскіх гербу Ґрабе. У 1901 годзе ў Пецярбургу атрымаў капланскія пасьвячэньні. Выкладчык і віцэ-рэктар Духоўнае сэмінарыі ў Сейнах, канонік катэдральнае капітулы. У 1917 годзе быў змушаны пакінуць Сейны, стаў пробашчам у Радзівіланцах, адначасова генэральны вікар сейненскае (аўгустоўскае) дыяцэзіі.

Ад 29 ліпеня 1918 году біскуп тытулярны Кузэ, суфраган сейненскі (біскупскія сакры прыняў 30 лістапада 1918 году ў Ломжы ў касьцёле сьв. Арханёла Міхала й Яна Хрысьціцеля з рук арцыбіскупа Аляксандра Какоўскага, сукансакратарамі былі арцыбіскуп Станіслаў Ґаль і біскуп Юльлян Нававейскі). Кіраваў польскай часткай аўгустоўскае дыяцэзіі да яе ліквідацыі ў 1925 годзе, калі папа Піюс XI сваёй булай Vixdum Poloniae unitas ад 28 кастрычніка 1925 году злучыў польскую частку дыяцэзіі з навастворанай Ломжынскай дыяцэзіі (4 красавіка 1926 году Піюс XI булай Lituanorum gente зь летувіскае часткі былое дыяцэзіі стварыў новую ў Вілкавішках, на чале якой стаў былы сейненскі біскуп Антоні Карась). 14 сьнежня 1925 году прызначаны першым ломжынскім біскупам, але ўжо 24 чэрвеня 1926 году прызначаны віленскім арцыбіскпам. У 1925—1926 гадах генэральны сакратар Эпіскапату Польшчы.

2 ліпеня 1927 году дапамагаў кардыналу Аляксандру Какоўскаму пры каранацыі Абразу Маці Божай Вастрабрамскай. У 1931 годзе правёў архідыяцэзіяльны сынд. У 1942—1944 гадах зьняволены немцамі. У студзені 1945 году арыштаваны НКУС, але праз тры месяцы выпушчаны з ультыматумам выехаць у Польшчу. Выехаў у Беласток, заставаўся кіраўніком віленскае дыяцэзіі да канца жыцьця. Пахаваны ў Беластоцкай Меншай Базыліцы Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.