Касьцёл Сьвятой Ганны (Мосар)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл сьвятой Ганны
| |
Касьцёл Сьвятой Ганны
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Мосар |
Каардынаты | 55°13′34″ пн. ш. 27°28′1″ у. д. / 55.22611° пн. ш. 27.46694° у. д.Каардынаты: 55°13′34″ пн. ш. 27°28′1″ у. д. / 55.22611° пн. ш. 27.46694° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Віцебская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | клясыцызм |
Дата заснаваньня | 1792 |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Стан | дзейны |
Сайт | mosar.vickyblog.com |
Касьцёл сьвятой Ганны | |
Касьцёл сьвятой Ганны на Вікісховішчы |
Касьцё́л сьвято́й Га́нны — помнік архітэктуры канца XVIII стагодзьдзя ў Мосары. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на Цэнтральнай вуліцы. Дзее. Твор архітэктуры клясыцызму[1]. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мураваны касьцёл у Мосары збудавалі ў 1792 року з фундацыі Робэрта і Ганны Бжастоўскіх, якія валодалі мястэчкам у канцы XVIII стагодзьдзя[3].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 рок), калі Мосар апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, зацягнулася асьвячэньне новазбудаванага касьцёла, толькі ў 1851 року яго кансэкраваў віленскі біскуп Вацлаў Жылінскі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У міжваенны час, калі Мосар уваходзіў у склад Польскай Рэспублікі, парафія дасягнула найбольшай колькасьці вернікаў (у 1929 року больш за 5700[4]). У 1926—1931 роках вялося будаваньне мураванай званіцы замест ранейшай драўлянай.
У Другую сусьветную вайну касьцёл дзеяў. Па вайне, нягледзячы на спробы савецкіх уладаў зачыніць касьцёла, у ім служыў па вяртаньні з сыбірскай высылкі а. Міхал Сухарэвіч усутыч да сьмерці ў 1961 року. У 1961—1988 роках парафія ня мела сьвятара, але вернікі працягвалі зьбірацца ў касьцёле і маліцца[5].
З 1990 усутыч да сьмерці ў 2010 року парафіяльным сьвятаром служыў а. Юзэф Булька. За ім будынак касьцёла аднавілі, перад касьцёлам заклалі парк, збудавалі этапы Крыжовага шляху. Юзэф Булька заснаваў таксама антыалькагольны музэй пры касьцёле і заклаў у парку «Алею цьвярозасьці»[6]. У 1997 року сярод мураванай агароджы зь левага боку збудавалі 2-павярховую капліцу Маці Божай Вастрабрамскай. 15 жніўня 2005 року каля касьцельнага муру ўрачыста адкрылі помнік Яну Паўлу II[4]. У 2006 року за сваю дзейнасьць а. Юзэф Булька атрымаў мэдаль Францішка Скарыны[7].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры клясыцызм. Гэта прастакутны ў пляне аб’ём, накрыты 2-схільным дахам. Галоўны і бакавыя фасады завяршаюцца высокімі трыкутнымі франтонамі, падзеленымі на 3 часткі пілястрамі і прарэзанымі ў цэнтры прастакутным дзьвярным і аркавым ваконным праёмамі, з бакоў дэкаруюцца квадратнымі эксэдрамі з скульптурамі сьвятых. Бакавыя роўныя фасады рытмічна падзяляюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах.
Унутраная прастора перакрываецца люстраным скляпеньнем. Сьцены падзяляюцца канэлюраванымі пілястрамі і апярэзваюцца магутным антаблемэнтам з карнізам з сухарыкамі і фрызам, дэкараваным трыгліфамі і вытанчаным стукавым расьлінным арнамэнтам. Роўная алтарная сьцяна падзяляецца канэлюраванымі пілястрамі, паміж якімі вялікі абраз «Укрыжаваньне». Бакавы алтар мае выгляд 4-калённага портыка з антаблемэнтам з анёламі, у цэнтры абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (XVIII стагодзьдзе). Пэрымэтрам малітоўная заля аздабляецца 14 гарэльефных панно з стацыямі Крыжовага шляху (канец XVIII — пачатак XIX стагодзьдзяў). На кансольным бальконе-хорах з трэльяжным парапэтам стаіць арган.
У касьцёле захоўваецца фрагмэнт мошчаў Сьвятога Юстына, прывезены ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя старостам Антоніем Кошчыцам з Рыму ў якасьці асабістага падарунку Папы Бэнэдыкта XIV[5]. Пачаткова мошчы знаходзіліся ў Мядзеле, у кармэліцкім касьцёле. Па яго закрыцьці іх у 1838 року перанесьлі ў Мосар[4]. Цяпер яны захоўваюцца ў бакавой каплічцы ля алтару Божай Маці.
Касьцельны пляц атачаецца мураванай аркатурнай агароджай-сьцяной з брамай і 3-яруснай шатровай званіцай, якая мае шатровае завяршэньне з крыжам. Першы ярус званіцы з бутавай муроўкі, верхні — цагляны, атынкаваны, з аркавымі прасьветамі. Касьцельная брама завяршаецца прыступкавым атыкам, падзяляецца пілястрамі і прафіляваным карнізам.
У парку перад касьцёлам намаганьнямі а. Юзэфа Булькі паставілі скульптуру П’ета, грот Божай Маці і 14 стацыяў Крыжовага шляху.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Парк і скульптура «П’ета» перад галоўным фасадам
-
Касьцёл, алтар
-
Хоры
-
Амбон
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Мосарскі касцёл Ганны // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993.
- ^ Касцёл Ганны // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць. — Менск, 1985. С. 235.
- ^ в. Мосар, Касцёл св. Ганны // Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001.
- ^ а б в Касьцёл Сьвятой Ганны Радзіма майго духу Праверана 20 верасьня 2015 г.
- ^ а б Мосар — парафія Сьв. Ганны. Рыма-Каталіцкі касьцёл у Беларусі. Праверана 20 верасьня 2015 г.
- ^ Сотни прихожан-католиков, католические епископы из Беларуси, Литвы, Польши приехали в Мосар попрощаться с ксендзом Юозасом Булькой (рас.). БТ (11 студзеня 2010). Праверана 20 верасьня 2015 г.
- ^ Загад прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «Аб узнагароджаньні Ю.В. Булькі мэдалём Францішка Скарыны» Праверана 20 верасьня 2015 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Менск: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1985. — 496 с.: іл.
- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 212Г000397 |