Перайсьці да зьместу

Касьцёл Сьвятога Тадэвуша (Прывалкі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Тадэвуша
Касьцёл Сьвятога Тадэвуша
Касьцёл Сьвятога Тадэвуша
Краіна Беларусь
Вёска Прывалкі
Каардынаты 53°56′45.59″ пн. ш. 23°55′21.30″ у. д. / 53.9459972° пн. ш. 23.9225833° у. д. / 53.9459972; 23.9225833Каардынаты: 53°56′45.59″ пн. ш. 23°55′21.30″ у. д. / 53.9459972° пн. ш. 23.9225833° у. д. / 53.9459972; 23.9225833
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Гарадзенская дыяцэзія 
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Касьцёл Сьвятога Тадэвуша на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Тадэвуша
Касьцёл Сьвятога Тадэвуша
Касьцёл Сьвятога Тадэвуша
Касьцёл Сьвятога Тадэвуша на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Тадэвуша — помнік архітэктуры першай чвэрці XX стагодзьдзя ў Прывалках. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка. Дзее. Твор драўлянай архітэктуры нэаготыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Стары касьцёл, каля 1900 г.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы драўляны касьцёл у Прывалках збудавалі ў 1609 годзе з фундацыі караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы. У 1777 годзе князь Францішак Ксавэры Агінскі, уладальнік маёнтку, аднавіў стары драўляны касьцёл.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Прывалкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады зачынілі касьцёл, а ў 1869 годзе перадалі яго ў валоданьне Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве).

У 1913 годзе будынак касьцёла, які доўгі час стаяў зачынены і струхнеў, перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду, у якой адбылося толькі адно набажэнства. За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе касьцёл згарэў.

У 1918—1919 гадох мясцовыя каталікі збудавалі новы драўляны касьцёл. 16 ліпеня 1920 году яго кансэкраваў ксёндз Францішак Бернат. У 1962 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога занядбалі. У 1990 годзе касьцёл вярнулі каталікам.

Касьцёл з боку апсыды

Помнік драўлянай архітэктуры нэаготыкі. Гэта магутны прастакутны ў пляне аб’ём, алтарную групу якога складаюць бакавыя крылы трансэпта і 5-гранная апсыда. Над фасадам узвышаюцца высокія 4-гранныя вежы-званіцы зь сьпічастымі шпілямі, паміж якімі трыкутны франтон на прастакутным атыку. На званіцы два званы: стары з датай «1870» і новы, 1996 году. Сьпічастымі трыкутнымі франтонамі завяршаюцца крылы трансэпта. Бакавыя сьцены праразаюцца высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ўмацоўваюцца ў прасьценках брусамі-сьцяжкамі[1].

Унутраная прастора перакрываецца пад­шыўной стольлю, роўнай уздоўж бакавых сьцен і паўцыліндрычнай у цэнтры. У інтэр’еры тры нэабарокавыя алтары, аптычна намаляваныя на сьценах. У першым ярусе галоўнага алтара Маці Божая зь Дзіцяткам Езус, у другім — трыфорыюм з выявамі Сьвятога Аўгустына, Сьвятога Францішка і Сьвятога Казімера, на конхавым скляпеньні апсыды — сюжэт Перамяненьня Пана. Вокны прэзьбітэрыюму атачаюць выявы Сьвятых Яна Хрысьціцеля і Сымона (налева), а таксама Сьвятых Тадэвуша і Марка Эвангеліста. Над вокнамі надпіс «Pod Twoją obronę ucekamy sіę». Бакавыя алтары 2-ярусныя: левы прысьвячаецца Сьвятому Язэпу (наверсе абраз Сьвятога Антонія), правы — Укрыжаваньню, наверсе абраз Сьвятой Ганны. Над нартэксам месьцяцца балькон арганных хораў, які абапіраецца на дзьве калёны.

  1. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 305.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  413В000203