Перайсьці да зьместу

Капыльскае гета

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Капыльскае гета
Помнік ахвярам Капыльскага гета
Помнік ахвярам Капыльскага гета
Разьмяшчэньне Капыль, Менская вобласьць
Дата зьяўленьня канец чэрвеня 1941
Дата зьнікненьня 22 ліпеня 1942
Тып закрытае
Старшыня юдэнрату Коган і Элькін
Капыльскае гета ў Вікісховішчы

Капыльскае гета — гета для жыдоў мястэчка Капылю і вакольных населеных пунктаў, якое існавала ў пэрыяд між чэрвенем 1941 і 22 ліпеня 1942 року ў часе перасьледу і зьнішчэньня жыдоў у акупаванай Беларусі.

Паводле перапісу насельніцтва 1939 року ў Капылі пражывала 1435 евреев — 27,96% жыхароў[1].

Капыль быў акупаваны нацыстамі 29 чэрвеня 1941 року. Адразу ж, ужо ў канцы чэрвеня[2], жыды Капылю былі сагнаныя акупантамі ў гета[3], утворанае ў цэнтры места, у раёне плошчы Леніна і сучасных вуліц Горкага, Пралятарскай, Трактарнай, Партызанскай[4] — так немцы пачалі зьдзяйсьняць першы этап нацысцкай праграмы зьнішчэньня жыдоў, які заключаўся ў адасабленьні жыдоў ад астатняга насельніцтва. У Капыльскае гета былі таксама сагнаныя жыды зь іншых населеных пунктаў.

Гета было агароджанае плотам з калючага дроту і ахоўвалася нямецкімі жаўнерамі, беларускімі і летувіскімі[5] паліцыянтамі. Абавязкі старосты гета пад прымусам нацыстаў выконвалі Коган і Элькін[1]. У геце знаходзілася каля 2000 жыхароў, і на этапе ягонага стварэньня было забіта 26 жыдоў[3].

Умовы пражываньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дыскрымінацыя жыдоў Капылю праяўлялася ва ўсім — іх абавязвалі насіць на вопратцы зьлева шасьціканцовыя зоркі[1] і нарукаўныя павязкі з шасьцікутнай зоркай[4], ім было забаронена пакідаць гета без дазволу.

Пад пагрозай расстрэлу закладнікаў вязьняў гета вымушалі сплочваць «кантрыбуцыю»[1].

Жыдоў прымушалі выконваць цяжкія фізычныя працы[4] — пад аховай калябарантаў іх выводзілі на пілаваньне лесу, капаньне акопаў, прыборку сутачак[1]. Штодня людзі каналі з голаду і адсутнасьці мэдыцынскай дапамогі.

Усе жыдоўскія дзяўчыны былі згвалтаваныя, шматлікія бязьлеткі былі садысцкім чынам разарваныя акупантамі і паліцыянтамі за ногі[1].

Першае масавае забойства жыдоў адбылося ў раёне цяперашняй СШ № 2, калі былі забітыя 16 чалавек. У далейшым, нягледзячы на папярэджаньні пра падрыхтоўку зьнішчэньня, толькі частка вязьняў пакінула гета[1].

25 сакавіка 1942 року гета было ачэпленае. Тых, каго немцы залічылі да катэгорыі няпрацаздольных (жанчыны, старыя, хворыя мужчыны і дзеці), загналі ў сынагогу, дазволілі рабіну прачытаць малітву, а пасьля часткамі выводзілі на плошчу і расстрэльвалі з кулямётаў. Месца расстрэлу цяпер займае тэрыторыя мескага рынку. Пасьля акупанты прачасалі гета, вышукваючы тых, хто схаваўся. Целы забітых на санях звозілі ў яму, выкапаную на ўкрайку лесу ля вёскі Каменшчыны. У гэты дзень былі забітыя 2500 капыльскіх жыдоў[1] (паводле іншых зьвестак — 1300[3]).

Канчаткова гета было зьнішчанае 22 ліпеня 1942 року[1][5] (паводле іншых зьвестак — 23 ліпеня[3]). Целы забітых зьвезьлі і закапалі ў яме ля вёскі Каменшчыны. У гэты дзень было забіта каля 1000 жыдоў. Агулам у Капылі загінула 3500 жыдоў[1][6] (паводле іншых зьвестак 2915[4]).

Частка вязьняў аказалі збройны супраціў зьнішчальнікам гета[1], забіўшы 3 паліцыянтаў. Яшчэ 200 жыдоў, скарыстаўшыся сытуацыяй, здолелі ўцячы[3]. Сярод дакладна зьбеглых — Янкель Мышкоўскі з жонкай Дворкай і сынам Барысам; Мэйша Намэрка зь сястрой Хіляй; Лотвін з жонкай; Фрыдман з жонкай і сынам Мішай[1]. Шматлікія ўратаваныя з гета здолелі дабрацца да партызанаў: напрыклад, Ядзя Барух. Леў Гільчык стварыў з колішніх вязьняў Нясьвіскага і Новасьвержаньскага гетаў партызанскі аддзел[1].

Абэліск у памяць загінулым жыдом быў усталяваны ў 1965 року на ўсходнім ускрайку Капылю з пазначэньнем ліку забітых — 2965 чалавек[5][7][8][9], і памятны знак — ля вёскі Каменшчыны.

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м Г. Р. Винница Холокост на оккупированной территории Восточной Беларуси в 1941—1945 годах. — Мн.: 2011. — С. 281—284. — ISBN 978-985-6950-96-7
  2. ^ А. Каганович Вопросы и задачи исследования мест принудительного содержания евреев на территории Беларуси в 1941—1944 гг. (рас.) Homo Liber Праверана 16 ліпеня 2017 г.
  3. ^ а б в г д Копыль (рас.) Российская еврейская энциклопедия Праверана 16 ліпеня 2017 г.
  4. ^ а б в г Святский, Святослав г. Копыль (рас.) Достопримечательности Копыльщины Праверана 16 ліпеня 2017 г.
  5. ^ а б в // Слава працы : газэта. — 8 траўня 2015. — № 34 (10322). — С. 3.
  6. ^ Адамушко В. И., Бирюкова О. В., Крюк В. П., Кудрякова Г. А. Справочник о местах принудительного содержания гражданского населения на оккупированной территории Беларуси 1941—1944. — Мн.: Национальный архив Республики Беларусь, Государственный комитет по архивам и делопроизводству Республики Беларусь, 2001. — С. 158. — 2000 ас. — ISBN 985-6372-19-4
  7. ^ Лазовский, Сергей (8 траўня 2015) В память об узниках гетто (рас.). Слава працы. Праверана 16 ліпеня 2017 г.
  8. ^ Kopyl (анг.) Holocaust. Jewish Heritage Research Group in Belarus. Праверана 16 ліпеня 2017 г.
  9. ^ // Слава працы : газэта. — 8 чэрвеня 2015. — № 50 (10338). — С. 8.
  • Ицхак Арад. Уничтожение евреев СССР в годы немецкой оккупации (1941—1944). Сборник документов и материалов, Иерусалим, издательство Яд ва-Шем, 1991, стр. 16. ISBN 9653080105
  • Г. Р. Винница. Холокост на оккупированной территории Восточной Беларуси в 1941—1945 годах. — Мн., 2011, ISBN 978-985-6950-96-7
  • Л. Смиловицкий. «Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 гг.», Тель-Авив, 2000
  • Р. А. Черноглазова, Х. Хеер. Трагедия евреев Белоруссии в 1941—1944 гг.: сборник материалов и документов Мн.: издательство Э. С. Гальперин, 1997, ISBN 985627902X

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]