Канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага
Канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага | |
Дата заснаваньня | 1915 год |
---|---|
Распушчаная | 1917 год |
Ідэалёгія | краёвасьць |
Канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага — блёк беларускіх, летувіскіх, польскіх і жыдоўскіх арганізацыяў у 1915—17 гадох, што выпрацоўваў мадэлі беларуска-летувіска-латвійскай дзяржавы, якую меркавалася адрадзіць на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.
Створаная на тэрыторыі Беларусі й Летувы, акупаванай нямецкімі войскамі. 9 сьнежня 1915 году апублікаваны ўнівэрсал канфэдэрацыі, у якім паведамлялася, што асноўная мэта яе ў тым, каб «летувіскія і беларускія землі, каторыя здаўна прыналежалі да Вялікага Княства Літоўскага, а цяпер апанаваны нямецкімі войскамі, станавілі пры новых варунках гістарычных нераздзельнае цела на фундамэнце незалежнасьці Летувы і Беларусі, як суцэльнай дзяржавы, засьцерагаючы ўсім нацыям у яе межах усе правы». Канфэдэраты зьвярнуліся да ўсіх нацыяў, арганізацыяў і грамадзян з заклікам далучыцца да іх. Унутраны лад будучай Беларуска-Летувіскай дзяржавы павінен быў вызначыць Устаноўчы сойм. У склад адроджанай дзяржавы павінны былі ўвайсьці тэрыторыі, занятыя нямецкімі войскамі: Ковенская і Віленская губэрні, беларуская і летувіская часткі Гарадзенскай і Сувальскай губэрняў, частка Менскай і летувіская частка Курляндзкай губэрні.
Тым часам 6 студзеня 1916 у Коўне адбылася канфэрэнцыя летувіскіх і латыскіх арганізацыяў, якія стварылі Галоўны летувіскі народны камітэт. У дэклярацыі канфэрэнцыі гаварылася, што летувісы і латышы, добраахвотна аб’яднаўшыся, утвараюць незалежную дзяржаву — ВКЛ — з 2 аўтаномнымі тэрыторыямі. Канфэрэнцыя прапанавала беларусам далучыцца да новай дзяржавы ў якасьці трэцяй аўтаномнай часткі.
Канцэпцыя больш шырокай канфэдэрацыі была распрацаваная ў ліпені 1916 Беларускім народным камітэтам. Ягоны старшыня Антон Луцкевіч абгрунтаваў ідэю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. У гэтую канфэдэрацыю павінны былі ўвайсьці Беларусь, Летува, Латвія і Украіна.
На зьмену ідэі аб незалежнай дзяржаве з аўтаномнымі тэрыторыямі прыйшла ідэя канфэдэрацыі незалежных дзяржаваў. Гэта ідэя ўпершыню адлюстравана ў мэмарыяле беларускай дэлегацыі Лазанскай канфэрэнцыі народаў Расеі (1916). Незалежніцкія ідэі ўсё больш авалодвалі і летувіскім рухам. У пачатку 1917 створаная Летувіская Тарыба, якая выказала прэтэнзіі на беларускія землі.
Тым ня менш беларускія арганізацыі ў 1917 неаднойчы выказваліся аб мэтазгоднасьці стварэньня Беларуска-Летувіскай дзяржавы. У дэклярацыях, заявах і іншых дакумэнтах гаворка ўжо ішла пра ўсе беларускія землі — і акупаваныя немцамі, і падуладныя Расеі. Перамена пазыцыяў адбылася пад уплывам ідэяў арганізацыі Сувязі незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі. Ідэю Беларуска-Летувіскай дзяржавы падтрымаў Беларускі нацыянальны камітэт у Менску. У верасьні 1917 канфэрэнцыя Беларускага народнага камітэту, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы (БСДРГ) і Віленскага камітэту Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) прыняла ўнівэрсал, у якім выказвалася пажаданьне, каб Беларусь і Летува сталі незалежнымі і непадзельнымі, усе беларускія і летувіскія землі ўвайшлі ў склад Беларуска-Летувіскай дзяржавы разам з Курляндыяй, а ў пэрспэктыве і з Украінай. 11 сьнежня 1917 году была абвешчаная Летувіская Рэспубліка. БСДРГ і Віленскі камітэт БСГ разам зь іншымі арганізацыямі апублікавалі супольную дэклярацыю, у якой настойвалі на скліканьні Ўстаноўчага сойму, які павінен быў вырашыць пытаньне аб лёсе Беларусі і Летувы, іх межах, дзяржаўным ладзе і адносінах да суседніх дзяржаваў. Ад імя беларускіх арганізацыў была накіравана тэлеграма райхсканцлеру Нямеччыны з пажаданьнем, каб «беларуска-летувіскія землі акупацыі станавілі незалежную сувэрэнную дэмакратычную дзяржаву, зложаную зь дзьвюх асноўных нацыянальных тэрыторыяў: беларускай і летувіскай, у найцясьнейшай еднасьці з Курляндыяй». На Беларускай канфэрэнцыі 1918 у Вільні была прынята адпаведная рэзалюцыя.
Імкненьне беларускіх арганізацыяў да дзяржаўнага адзінства зь Летувой, Латвіяй і Ўкраінай тлумачылася найперш эканамічнымі матывамі і жаданьнем мець выхад Беларусі да Балтыйскага і Чорнага мораў.
Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Летувы (16 лютага 1918) і Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918) ідэя канфэдэрацыі не ўзьнімалася. У 1919 бальшавікі стварылі Летувіска-Беларускую ССР, якая неўзабаве спыніла сваё існаваньне ў сувязі з польскай акупацыяй.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Луцкевіч А. Злучаныя Штаты ад Балтыкі да Чорнага мора // Свабода. — № 2. — 1990.
- Луцкевіч А. Палітычныя лозунгі беларускага руху // Зборнік «Наша Ніва». — Вільня: 1920.
- Луцкевіч А. Эканамічная эвалюцыя і беларускі рух // Гоман. — 1917. 6 і 9 лістапада.
- Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення // . — Вільня: 1934 (на вокл. 1935).
- Сідарэвіч А. Беларускі шлях // ЛіМ. — 1990. 23 лістапада.
- Сідарэвіч А. Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4.