Канстанцін Сідаровіч
Канстанцін Сідаровіч | |
Дата нараджэньня | 14 верасьня 1906 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 29 траўня 1990 (83 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Сябра ў | Таварыства беларускай школы, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры і Беларускае грамадзка-культурнае таварыства |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Сідаровіч.
Канстанці́н Сідаро́віч (14 верасьня 1906, Беласток — 29 траўня 1990, Беласток) — беларускі грамадзка-культурны дзяяч.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і выхадцаў з малазямельных сялянаў. У 1914—1915 роках навучаўся ў пачатковай школе ў Беластоку. У 1915 сям’я выехала ў бежанства ў Кацярынаслаўскую губэрню, у вёску Саксагань, дзе ён пайшоў у другі кляс пачатковай школы. Пазьней яны пераехалі ў Кацярынаслаў.
У 1922 року сям’я Сідаровічаў вярнулася ў Беласток, які паводле Рыскай мірнай дамовы адышоў да Польшчы. Цяжка захварэў на тыф, а пазьней на ліхаманку. Пасьля выздараўленьня самастойна вучыўся чытаць і пісаць па-польску. Упершыню сутыкнуўся зь беларускім рухам у 1923 року яшчэ падлеткам, калі выпадкова трапіў на «працэс 45-ці». У 1926 року стаў адным з заснавальнікаў Беластоцкага павятовага камітэту Беларускай сялянскай-работніцкай грамады. У 1927 року быў у ліку стваральнікаў і актывістаў гуртка Таварыства беларускай школы ў Беластоку. У 1935 годзе спрабаваў заснаваць у Беластоку гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1937 року ўдзельнічаў у стварэньні Каапэратыўнага таварыства працаўнікоў беларускага тэатру «Полымя», які дзейнічаў на Беласточчыне.
Падчас нямецкай акупацыі быў сябрам Беларускага камітэта ў Беластоку, дзе сьпяваў у хоры і граў у аркестры.
У 1944 року стаў ініцыятарам аднаўленьня дзейнасьці тэатральнага каапэратыву «Полымя», які неўзабаве быў ліквідаваны новай уладай. У 1945 року быў сярод арганізатараў беларускай школы ў Беластоку. Пасьля бараніў яе ад пераўтварэньня ў расейскамоўную. У часы Польскай Народнай Рэспублікі далучыўся да дзейнасьці Беларускага грамадзка-культурнага таварыства і працаваў у тыднёвіку «Ніва». Перадаў БГКТ тэатральныя дэкарацыі, створаныя Язэпам Драздовічам для ТБШ у 1933 року, якія захоўваў на гарышчы свайго дома. Падтрымліваў сувязь зь беларускімі эмігрантамі, сярод якіх Васіль Лукашык і Сяргей Хмара, за што трапіў пад нагляд Службы бясьпекі ПНР. Быў гадзіншчыкам паводле прафэсіі.
Пахаваны на праваслаўных могілках парафіі Ўсіх Сьвятых у Беластоку.
Калекцыя дакумэнтаў Канстанціна Сідаровіча была набытая Беларускім гістарычным таварыствам.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Марыля Базылюк. На жыццёвых сцежках… Успаміны // Беларускі каляндар // Галоўнае праўленне БГКТ, Беласток, 1990. — С. 93—101.
- Яўген Мірановіч. Кастусь Сідаровіч // Ніва. Беларускі гамадска-культурны тыднёвік, Беласток, 1990. — С. 5.
- Aparat Represji w Polsce Ludowej 1944—1989. — 2008. — № 1(6). — С. 232—233.
- Месца пахаваньня