Каморскі франк
Каморскі франк | |
Краіна | Каморскія астравы |
---|---|
Падзел | сантым |
Код ISO-4217 | KMF |
Сымбаль | CF |
Цэнтральны банк | Central Bank of the Comoros[d] |
Абменны курс: (31 студзеня 2008) | 330,995 за 1 даляр ЗША |
Каморскі франк (па-француску: franc comorien, па-арабску: فرنك قمري, код ISO 4217: KMF) — афіцыйная валюта Каморскіх астравоў. Франк дзеліцца на 100 сантымаў, але ў наш час яны выйшлі з абарачэньня.
Францускі франк прыйшоў на Каморскія астравы разам з усталяваньнем тут францускага пратэктарату ў 1886 годзе. У 1891 годзе султан Саід Алі Анжуанскі ўвёў уласныя франкі, якія абарачаліся паралельна з францускай валютай. У 1912 годзе Каморы сталі мадагаскарскай правінцыяй, францускія грошы ўжываліся да 1925 году.
1 ліпеня 1925 году францускі ўрад згадзіўся на стварэньне Мадагаскарскага банку са штаб-кватэрай у Парыжы, якому дазвалялася выпусьціць у абарачэньне валюту для Мадагаскарскай калёніі. Малагасійскі франк абарачаўся ў калёніі разам з францускім да 1943 году. З 1945 году малагасійскі франк пачаў называцца «малагасійскі і каморскі франк».
У 1960 годзе Мадагаскар атрымаў незалежнасьць, увёўшы ўласную валюту. У 1979 годзе ўрад Камораў падпісаў грашовае пагадненьне з Францыяй, згодна зь якім каморская валюта мела фіксаваны абменны курс да францускага франку.
У сярэдзіне 1990-х гадоў каморскі франк быў значна дэвальваваны ў адносінах да францускага франку, а пасьля пераходу Францыі на эўра курс каморскага франку да эўра быў зафіксаваны на ўзроўні 491,96775 каморскага франку да 1 эўра.