Звычайны хмель

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Звычайны хмель
Суквецьці
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваРасьліны
ПадцарстваЗялёныя
ГрупаСтрэптафіты
РазьдзелСтрэптафітныя
ТыпВышэйшыя
ПадтыпСасудзістыя
НададдзелНасенныя
АддзелКветкавыя
ПададдзелМэзанганасенныя
КлясаЭўдыкоты
ПадклясаГунэрыды
НадатрадФабіды
АтрадРазідыРужакветныя
СямействаКаноплевыя
РодХмель
ВідЗвычайны хмель
Бінамінальная намэнклятура
Húmulus lúpulus Карл Лінэй

Звычайны хмель — шматгадовы від хмеля, пашыраны ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар’я (у тым ліку ў Беларусі). Трапляецца ў вільготным лесе, хмызьняку і на беразе ракі. Павойнае, рабрыстае і полае сьцябло мае даўжыню да 10 мэтраў і адмірае на зіму. Лісьце супраціўнае, акруглае і лопасьцевае. Кветка дробная і аднаполая. Мужчынская кветка ў мяцельчатым суквецьці. Жаночая — у коласападобным. Прыквецьці жаночага суквецьця пасьля цьвіценьня разрастаюцца і ўтвараюць суплодзьдзі («шышкі»). Плод — арэшак. Суплодзьдзе («шышка») мае дае 22% смалістых рэчываў (лупулін) і выкарыстоўваецца замест дрожджаў у хлебапячэньні, як процігніласны сродак(en) у мэдыцыне, таксама ў піваварэньні. Слабы адвар хмелю выкарыстоўваецца для аднаўленьня сну пры бессані і крывятварэньня ў касе[1]. Сьцябло мае грубае валакно і йдзе на корм жывёле. Вырошчваецца як аздабленчая, алейная, валакністая, лекавая, прыпраўная і сыравінная сельскагаспадарчая культура[2].

Хмеляводзтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Суплодзьдзе («шышка») хмеля зьмяшчае этэрны алей, горкія і дубільныя рэчывы, таму выкарыстоўваецца ў вырабе дрожджаў, касмэтыкі, лака, лекаў, піва і фарбы. Хмеляводзтва ўзьнікла ў 10 стагодзьдзі. На 2003 г. найбольшую плошчу пасеваў мелі Нямеччына (32%), ЗША (24%), Чэхія (10%), Кітай (8%), Японія, Украіна і Расея. У 1999 г. сусьветная плошча хмельнікаў перавышала 570 км², зь іх 64% у Эўропе. Вылучаюць 4 ступені гатункаў хмелю: А — найлепшы араматычны (найкаштоўнейшы), В — араматычны, С — непіваварны, D — горкі[3]. На 2012 г. сярэдняя сусьветная ўраджайнасьць хмелю складала каля 15 цэнтнэраў з гектара[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З атляса «Лекавыя расьліны Кёлера»(de) (1887)

У 1970—80-я гады ў Беларускай ССР плошчы хмельнікаў былі ва ўсіх 6 абласьцях. На Беларусь прыпадала 0,3% сусьветнага вырабу хмеля, як у Канадзе, Карэі і Турэччыне. Унутранае хмеляводзтва забясьпечвала звыш 40% патрэбаў рынку Беларусі. У 1990-я гады працавала адна хмеляводчая гаспадарка, якая забясьпечвала 2% патрэбаў беларускага рынку. На 2003 г. у Беларусі вырошчвалі 5 замежных гатункаў пладаносных хмельнікаў на плошчы 50 га. Найбольшым вытворцам было беларуска-нямецкае прадпрыемства «Бізон» (вёска Замшаны, Маларыцкі раён, Берасьцейская вобласьць), заснаванае ў сакавіку 1993 году[4]. Імпарт пераважна ажыцьцяўляўся з Чувашыі (Прыволская фэдэральная акруга, Расея), дзе засяроджвалася таварная вытворчасьць хмелю ў Расеі (звыш 2,5 тыс. тонаў за год)[3]. На 2012 г. выраб хмелю ў Беларусі вырас да 9% ад патрэбы айчыннага рынку. Сярэдняя цана кіляграма хмелю складала каля $5. Найбольшыя плошчы займаў нямецкі гатунак хмелю(en) «Галертаўэр Магнум», які ўлучылі ў Дзяржаўны рэгістар гатункаў Беларусі. Устаноўка на 1 га слупоў і нацягваньне між імі стужкі для вырошчваньня хмелю каштавала ў сярэднім каля $5-7 тысячаў[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Барыс Пракопчык. Беларускі хмель вяртаецца // Зьвязда : газэта. — 2 сакавіка 2012. — № 42 (27157). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Хмель // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17. — С. 34. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
  3. ^ а б Тацяна Казакова. Хмеляводзтва // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17. — С. 34. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
  4. ^ Надзея Яцура. «Бізон» і яго партнэры // Газэта «Народная трыбуна», 30 сакавіка 2011 г. Праверана 8 ліпеня 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]