Дыяніз Ілкавіч
Дыяніз Ілкавіч | |
Памятная дошка ў Прэшаве | |
Дата нараджэньня | 18 студзеня 1907 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 3 жніўня 1980 (73 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | фізык, пэдагог, прафэсар унівэрсытэту, хімік |
Навуковая сфэра | фізыка[1] і фізычная хімія[1] |
Месца працы | |
Дзеці | Дагмар Гаўлава[d] |
Узнагароды |
Ды́яніз І́лкавіч (па-славацку: Dionýz Ilkovič; 18 студзеня 1907, Шарыскі Шцьяўнік — 3 жніўня 1980, Браціслава) — славацкі фізык і фізыкахімік русінскага паходжаньня[2]. Разам зь Яраславам Гейраўскім заклаў падставы паляраграфіі(d) — аднаго з мэтадаў аналітычнай хіміі. Найбольш вядомы як аўтар базавага раўнаньня паляраграфіі, названага ягоным імем.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і грэка-каталіцкага параха русінскай нацыянальнасьці. Скончыўшы каталіцкую рэальную гімназію ў Прэшаве, паступіў у Тэхнічны ўнівэрсытэт у Празе, але праз год перайшоў на прыродазнаўчы факультэт Карлавага ўнівэрсытэту (1925—1929). У 1932 року на хімічным факультэце КУ абараніў дысэртацыю «Дасьледаваньне ртутнага кропельнага катоду пры электралітычным раскладаньні вады», пасьля чаго атрымаў званьне доктара прыродазнаўчых навук(d).
Выкладаў хімію і фізыку ў розных праскіх гімназіях і рэальных вучэльнях, спалучаючы працу з дасьледаваньнямі ва ўнівэрсытэце, дзе заклаў асновы паляраграфіі. Найбольш значным ягоным дасягненьнем стала вывядзеньне сувязі між паляраграфічным дыфузійным токам, канцэнтрацыяй рашчыны і характарыстыкамі кропельнага ртутнага электрода, вядомай як раўнаньне Ількавіча(d). У праскі пэрыяд апублікаваў 9 самастойных навуковых працаў, яшчэ 4 — у суаўтарстве.
У 1937—1938 навучальным року праходзіў стажыяваньне на фізыка-хімічным факультэце Парыскага ўнівэрсытэту, дзе пад кіраўніцтвам прафэсара Яраслава Гейраўскага займаўся дасьледаваньнем ультрафіялетавага выпраменьваньня з дапамогай фотаэлектрычных кампутараў. Дзеля працягу габілітацыі(d) вярнуўся ў Прагу, аднак гэтым плянам перашкодзіў выбух II сусьветнай вайны.
Дыяніз Ілкавіч прыняў прапанову Славацкага тэхнічнага інстытуту ў Браціславе (СТІ) і ўладкаваўся экстраардынарным прафэсарам тэхнічнай фізыкі, а пазьней прызначаны дэканам факультэту тэхнічнай фізыкі. Пасьля ўтварэньня прыродазнаўчага факультэту Славацкага ўнівэрсытэту (ПФСУ) атрымаў у ім пасаду экстраардынарнага прафэсара фізыкі, а таксама выкладаў на факультэце хімію і фізыкахімію. Падрыхтаваў новае пакаленьне славацкіх выкладчыкаў. З такой колькасьцю абавязкаў не засталося часу на навуковую дзейнасьць. Ягонай апошняй навуковай працай стала публікацыя ў 1940 року манаграфіі «Паляраграфія». У 1942 заняў пасаду дэкана ПФСУ. У 1944 року з утварэньнем фізычнага аддзяленьня ПФСУ стаў ягоным кіраўніком.
Па вайне Дыяніз Ілкавіч, на той час ужо поўны прафэсар фізыкі і СТІ, і ПФСУ, вярнуўся да завяршэньня габілітацыі. 3 траўня 1946 атрымаў званьне дацэнта катэдры фізычнай хіміі ПФСУ. Акрамя ранейшых абавязкаў, стаў выкладаць мэдычную фізыку, узначальваў аддзяленьне мэдычнай фізыкі мэдычнага факультэту Славацкага ўнівэрсытэту. У 1951 року сышоў з прыродазнаўчага факультэту, цалкам прысьвяціўшы сябе працы ў СТІ.
З пачатку 1950-х прыклаў багата намаганьняў дзеля заснаваньня Славацкай (АНС) і Чэхаславацкай (АНЧС) акадэмій навук. Ад заснаваньня ў 1953 року стаў сапраўдным сябрам АНС, а таксама намесьнікам старшыні матэматычна-фізычнага аддзяленьня АНЧС і старшынём камісіі матэматыкі і фізыкі АНС. З апошняй пазьней утвораны Фізычны інстытут АНС, кіраўніком якога да 1961 року быў Ілкавіч.
І пазьней разьвіваў айчынную фізыку: быў загадчыкам катэдры фізыкі электратэхнічнага факультэту СТІ, старшынём Навуковай калегіі фізыкі АНС, старшынём Нацыянальнага камітэту тэарэтычнай і дастасоўнай фізыкі, сябрам прэзыдыюму Славацкай камісіі па наданьні навуковых ступеняў. Ад часу заснаваньня (1957) быў яшчэ галоўным рэдактарам навуковага часопісу АНС.
Падрыхтаваў першы славацкі падручнік па фізыцы для вышэйшых навучальных установаў, які ў 1957—1971 роках выдаваўся ў пяці рэдакцыях агульным накладам 40 000 асобнікаў.
Выйшаў на пэнсію ў 1976 року. Памёр у Браціславе.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бацька: Гіларыён Ілкавіч (1874—1956)
- Маці: Ірэна Ілкавічава, у дзявоцтве Торанская (1881—1963)
- Браты і сёстры: Мікулаш (1904—1978), Аляксей (1910—1944), Марта (1912—1993)
- Жонка: Ленка, у дзявоцтве Сасінкава (1922—?)
- Дзеці: Дагмар Гаўлава (нар. 1951), Эва Потфаёва (нар. 1952)
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Імя Ілкавіча нададзенае вуліцы ў Браціславе. З 2017 року ўручаецца прэмія імя Дыяніза Ілкавіча[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Profesor Dionýz Ilkovič (славацк.). Martinus. Праверана 21 красавіка 2024 г.
- ^ Ocenenie za rozvoj mimoškolskej činnosti (славацк.). Nadácia Dionýza Ilkoviča. Праверана 21 красавіка 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Жыцьцяпіс Дыяніза Ілкавіча (славацк.)
- Жыцьцяпіс Дыяніза Ілкавіча (анг.)
- 100-годзьдзе нараджэньня Дыяніза Ілкавіча (славацк.)
- Матэматычны інстытут АНС (славацк.)
- Нарадзіліся 18 студзеня
- Нарадзіліся ў 1907 годзе
- Нарадзіліся ў Шарыскім Шцьяўніку
- Памерлі 3 жніўня
- Памерлі ў 1980 годзе
- Памерлі ў Браціславе
- Выпускнікі Карлавага ўнівэрсытэту
- Выкладчыкі Карлавага ўнівэрсытэту
- Ганаровыя дактары ўнівэрсытэту Коменскага
- Славацкія фізыкі
- Славацкія хімікі
- Фізыкахімікі
- Чэхаславацкія фізыкі
- Чэхаславацкія хімікі
- Выкладчыкі Ўнівэрсытэту Коменскага
- Выкладчыкі Славацкага тэхнічнага ўнівэрсытэту
- Славацкія русіны