Дыямэнтавая ліга
Дыямэнтавая ліга | |
Актуальны сэзон: Дыямэнтавая ліга 2024 году | |
Дысцыпліна | лёгкая атлетыка |
---|---|
Дата зьяўленьня | 2010 |
Кантынэнты | Эўропа, Азія, Паўночная Амэрыка і Афрыка |
Дыямэ́нтавая лі́га (па-ангельску: Diamond League) — штогадовая сэрыя элітных лёгкаатлетычных спаборніцтваў, якая ўлучае пятнаццаць лёгкаатлетычных этапаў паводле запрашэньня. Ліга зважаецца галоўным легкаатлетычным турнірам, які ладзіцца арганізацыяй Сусьветнай лёгкай атлетыкі. Галоўным спонсарам лігі ў сьнежні 2019 году стала кітайская карпарацыя Wanda Group[1].
Першы сэзон лігі ладзіўся ў 2010 годзе[2]. Ён быў распрацаваны, каб замяніць Залатую лігу, якая таксама ладзілася штогод з 1998 году[3]. У той час як Залатая ліга была створаная, каб павысіць вядомасьць вядучых эўрапейскіх лёгкаатлетычных спаборніцтваў, Дыямэнтавая ліга ставіць на мэце павышэньне сусьветнай прывабнасьці лёгкай атлетыкі, упершыню выйшаўшы па-за межы Эўропы[2]. Гэтак, у дадатак да традыцыйных этапаў Залатой лігі сэрыя цяпер улучае этапі ў Кітаі, Катары, Марока і ЗША.
Пачынаючы з сакавіка 2022 году, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, Дыямэнтавая ліга выкрэсьліла зь сьпісу ўдзельнікаў расейскіх і беларускіх спартоўцаў з усіх сваіх лёгкаатлетычных этапаў[4].
Сыстэма падліку пунктаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першапачатковая сыстэма падліку пунктаў у Дыямэнтавай лізе, якая выкарыстоўвалася з 2010 па 2015 гады, надавала на рахунак атлетаў пункты тром найлепшым спартоўцам на кожным этапе. Гэтак пераможца атрымліваў 4 пункты, за другое месца вылучаліся 2 пункты і 1 пункт атрымліваў атлет, які фінішаваў на трэцім радку. Кожная з трыццаці дзьвюх дысцыплінаў (па шаснаццаць для спартоўцаў і спартовак) ладзілася агулам сем разоў цягам сэзону. Пункты ж, набраныя ў фінальным этапе ў кожнай з дысцыплінаў (у Цюрыху ці Брусэлі), падвойваліся. Пераможцамі Дыямэнтавай гонкі станавіліся спартоўцы, якія завяршылі сэзон з найбольшай колькасьцю пунктаў у сваёй дысцыпліне. У выпадку роўнасьці паводле пунктаў у якасьці першага паказьніку бралася колькасьць перамогаў, а затым вынікі фіналу. У 2016 годзе колькасьць пунктаў, прызначаных спартоўцам за этапы, крыху зьмянілася. Гэтак пункты атрымлівалі ўжо шэсьць найлепшых атлетаў з разьмеркаваньнем 10-6-4-3-2-1. Падвойныя пункты па-ранейшаму налічваліся ў фінале спаборніцтваў[5].
Зусім новая сыстэма была ўведзеная ў 2017 годзе. Восем найлепшых спартоўцаў на кожным этапе цяпер атрымліваюць пункты паводле разьмеркаваньня 8-7-6-5-4-3-2-1, але гэтыя пункты цяпер толькі вызначаюць на тое, ці будзе атлет браць удзел у фінальным этапе сваёй дысцыпліны ў Цюрыху ці Брусэлі. Спартоўцы, якія перамаглі ў фінале, аб’яўляюцца чэмпіёнамі Дыямэнтавай лігі. Разьмеркаваньне агульных прызавых таксама вызначаецца выключна паводле вынікаў фіналу[6]. Гэтая сыстэма, у якой пераможца фіналу аўтаматычна выйграе агульны чэмпіянат, ёсьць падобнай да былой сыстэмы гран-пры Міжнароднай асацыяцыі легкаатлетычных фэдэрацыяў[7] . У рамках зьмяненьняў у падліку пунктаў тэрмін Дыямэнтавая гонка больш не выкарыстоўваецца. Замест гэтага спартоўцы спаборнічаюць у Дыямэнтавых дысцыплінах, каб стаць чэмпіёнам лігі.
Этапы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каляндар зь пятнаццаці этапаў лігі на 2024 год[8].
Дата | Этап | Стадыён | Места | Краіна |
---|---|---|---|---|
20 красавіка | Сямынь Дыямэнтавая ліга | Сямынь Эгрэт | Сямынь | Кітай |
27 красавіка | Дыямэнтавы гала-атлетычны турнір дэльты Янцзы | Сучжоўскі алімпійскі спартовы цэнтар | Сучжоў | Кітай |
10 траўня | Доха Дыямэнтавая ліга | Сугаім бін Гамад | Доха | Катар |
19 траўня | Міжнародны атлетычны этап Магамэда VI | Маракеш | Маракеш | Марока |
25 траўня | Прыфантэйн клясык | Гэйўард-філд | Юджын | ЗША |
30 траўня | Бісьлецкія гульні | Бісьлет | Осьлё | Нарвэгія |
2 чэрвеня | Баўгаўс-галян | Алімпійскі | Стакгольм | Швэцыя |
7 ліпеня | Мітынг Парыжу | імя Сэбаст’ена Шарлеці | Парыж | Францыя |
12 ліпеня | Эрклюліс | Люі II | Фанвіей | Манака |
20 ліпеня | Лёнданскі атлетычны мітынг | Алімпійскі | Лёндан | Вялікабрытанія |
22 жніўня | Атлетысыма | Алімпік дэ ля Пантэз | Лязана | Швайцарыя |
25 жніўня | Мэмарыял Камілы Скалімоўскай | Сылескі | Хожаў | Польшча |
30 жніўня | Залатая гала | Стадыё Алімпіка | Рым | Італія |
5 верасьня | Сусьветная кляса Цюрыху | Лецыгрунд | Цюрых | Швайцарыя |
13—14 верасьня | Мэмарыял ван Дамэ | імя караля Бадуэна | Брусэль | Бэльгія |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «The Wanda Diamond League is here!». Diamond League.
- ^ а б «IAAF to launch global Diamond League of 1 Day Meetings». IAAF.
- ^ «IAAF secures future of Diamond League». SportBusiness Group.
- ^ «Russian and Belarusian athletes banned from Diamond League meetings». Inside The Games.
- ^ «Informationen zum Thema omriyadat». Omriyadat.com.
- ^ «IAAF announces Diamond League changes to offer „dramatic showdown“». Athletics Weekly.
- ^ «Pitkämäki Timanttiliigan uudistuksista: Minulle sopii». MTV3.
- ^ «Calendar». Diamond League.