Дом Чорнагаловых (Рыга)
славутасьць | |
Краіна | Латвія |
Месцазнаходжаньне | Рыга |
Каардынаты | 56°56′50″ пн. ш. 24°06′25″ у. д. / 56.94722° пн. ш. 24.10694° у. д.Каардынаты: 56°56′50″ пн. ш. 24°06′25″ у. д. / 56.94722° пн. ш. 24.10694° у. д. |
Архітэктурны стыль | цагляная готыка |
Першае згадваньне | 1334 |
Дата скасаваньня | 1948 |
Сайт | melngalvjunams.lv |
Дом Чорнагаловых | |
Дом Чорнагаловых на Вікісховішчы |
Дом Чорнагало́вых (па-нямецку: Das Schwarzhäupterhaus, па-латыску: Melngalvju nams) — помнік архітэктуры XIV стагодзьдзя, знаходзіцца ў самым цэнтры Рыгі. Будынак неаднаразова перабудоўвалі[1]. Падчас Другой сусьветнай вайны разбураны. Адноўлены ў 1996—2000 гадах з нагоды сьвяткаваньня 800-годзьдзя Рыгі.
Пабудаваны падчас ордэнскай акупацыі (1330—1353 гг.), першы дакумэнтальны ўспамін датуецца 1334 годам (новы дом Вялікай гільдыі).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У канцы XIII стагодзьдзя існавала брацтва Сьв. Георгія, у якое прымалі маладых, нежанатых замежных купцоў. Першапачаткова яго патронам быў Сьвяты Георгі — заступнік рыцараў і воінаў, пазьней — Сьвяты Маўрыкі (яго сымбаль — чорная галава была намалявана на гербе брацтва) і за імі замацавалася імя Чорнагаловых.
Брацтва было цалкам сьвецкім. Заснавальнікамі рыскай кампаніі, самай багатай і ўплывовай, меліся камісіянэры, агенты і прыказчыкі рыскіх і замежных фірмаў. Яны займаліся закупам і дастаўкай тавараў у Рыгу. Занятак гэты быў зьвязаны зь вялікай рызыкай, у адрозьненьне ад пасродніцкага гандлю мясцовых аселых купцоў, чыя рэзыдэнцыя разьмяшчалася ў Вялікай гільдыі. Вандроўныя прыказчыкі і замежныя купцы стварылі ў Рызе сваю процівагу — кампанію Чорнагаловых. Хоць канчаткова пазбавіцца апекі Вялікай гільдыі ўдалося толькі ў канцы XVII стагодзьдзя.
У 1477 г. Чорнагаловыя арандуюць памяшканьне ў верхнім паверсе Новага дому ў Рыскага магістрату. Сам дом быў пабудаваны гільдыяй рамесьнікаў для грамадзкіх патрэбаў. З часам, укладваючы грошы ва ўпрыгажэньне і перабудову будынку, Чорнагаловыя становяцца асноўнымі арандатарамі з шэрагам прывілеяў. У даабедзенны час дом служыць біржай, вечарамі ператвараючыся ў месца для адпачынку і забаваў бюргераў, заляй для правядзеньня ўрачыстых мерапрыемстваў, баляў і канцэртаў.
Да другой паловы XVI стагодзьдзя арганізацыя кіравала грамадзкім жыцьцём Рыгі, нароўні, а часта і сумесна зь Вялікай гільдыяй. Чорнагаловыя актыўна ўдзельнічалі ў абароне гораду, былі дзейнымі прыхільнікамі Рэфармацыі. У 1895 годзе таварыства спыняе сваю дзейнасьць як саслоўная карпарацыя і становіцца нямецкім купецкім клюбам, расфармаваным пасьля рэпатрыяцыі этнічных немцаў у 1939 годзе.
У розны час, на сьвятах у доме Чорнагаловых, афіцыйна й інкогніта, прысутнічалі расейскія цары і царыцы. Залі былі ўпрыгожаны параднымі партрэтамі манархаў Расеі і Швэцыі, у тым ліку, падораным асабіста партрэтам Кацярыны II. У кнізе ганаровых наведвальнікаў можна было ўбачыць аўтограф нямецкага канцлера Ота фон Бісмарка.
У канцы чэрвеня 1941 году дом стаў адной з ахвяраў абстрэлу жылых кварталаў гораду нямецкімі войскамі. Пасьля вайны аднаўленьне было прызнана нерацыянальным і разваліны, якія прастаялі да 1948 году, былі разабраныя.
На месцы зьнішчанага вайной жылога кварталу і невялікага Ратушнага пляцу зьявіўся вялікі пляц Латыскіх чырвоных стралкоў. Быў пабудаваны прысьвечаны ім музэй і пастаўлены помнік. Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Латвіі пляц стаў называцца Ратушным (па-латыску: Rātslaukums), а музэй стаў Музэем акупацыі Латвіі.
Дом Чорнагаловых быў адноўлены на ранейшым месцы ў 1996—2000 гадах да сьвяткаваньня 800-годзьдзя Рыгі[2]. Выдаткі на будаўніцтва ўсяго комплексу склалі 3 мільёна 952 780 латаў[3].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Не захавалася выяваў першапачатковага выгляду будынку Дому Чорнагаловых, які меў памеры, якія прыкладна супадаюць зь цяперашнім збудаваньнем (17×25 м.). У цэнтральнай частцы была заля з разьмешчаным пад ёй невялікім паверхам, разьбітым на памяшканьні, а яшчэ ніжэй — сутарэньнямі. На гарышчы разьмяшчаліся складзкія памяшканьні. Пры ўсіх шматлікіх пераробках і перабудовах захавалася ядро будынку, адноўленае і ў сёньняшняй пабудове.
Фасад набыў звыклы выгляд у пачатку XVII стагодзьдзя, ён быў выкананы ў стылі паўночнаэўрапейскага маньерызму. Імя майстра невядомае, але прафэсар Барыс Віпер паказваў на падобныя архітэктурныя прыёмы, выкарыстаныя майстрамі пры будаўніцтве гарадзкой ратушы ганзейскага Брэмэна (1612) і рыскага дому Чорнагаловых. Ён лічыў, што аўтараў трэба шукаць сярод нідэрляндзкіх майстроў, якія працавалі ў Брэмэне, Данцыгу або Даніі. Цяпер, меркавана, называюць імёны Б. Бодэкера ці А. і Л. Янсэнаў. Гатычныя ступені шчыта былі запоўнены высечаным з каменя стужкападобным дэкорам, на фасадзе зьявіліся скульптуры, мастацкая коўка, гадзіньнік. Захаваныя фрагмэнты арыгінальнага аздабленьня і часткі ўбраньня дому захоўваюцца ў Музэі гісторыі Рыгі і мараходзтва і Архітэктурным музэі.
У 1684 годзе быў пабудаваны ганак, які вядзе ад плошчы на другі паверх. Дом быў пашкоджаны падчас Вялікай Паўночнай вайны, але даволі хутка адноўлены. У 1794 г. была ўзьведзена вялікая двухпавярховая прыбудова, а ў 1816 г. — прыбудова з боку Дзьвіны, адкрыты ганак замянілі на крыты ўваход з боку Ратушнага пляцу. Апошняя значная зьмена фасаду адбылася ў 1886 годзе, калі былі пастаўлены цынкавыя статуі Нэптуну, Мэркурыя, Адзінства і Сьвету. У такім выглядзе ён прастаяў да канца чэрвеня 1941 году, калі стаў адной з ахвяраў абстрэлу жылых кварталаў гораду нямецкімі войскамі.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Дом Чорнагаловых на афіцыйным турыстычным партале Латвіі
- ^ Партал Рыскага самакіраваньня
- ^ Rīga. Pilsētas attīstība, 1997—2001. — Riga. City Development, 1997—2001. — Rīga. Rīgas dome, 2001. — 239 стр. ISBN 9984-592-93-6 (лат.), (анг.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- J. Straubergs. «Rīgas vēsture»; Rīga, 1932
- А. К. Круминь. «Сокровища зодчества народов СССР. Рига». Издательство Академии архитектуры СССР. Москва, 1947
- Энциклопедия «Рига». Рига: Главная редакция энциклопедий, 1989. ISBN 5-89960-002-0 Стр. 306
- Андрис Колбергс. «Книга о Риге»; Полиграфическая фирма Яня сета, Рига 1998
- Janis Krastins, Ivars Strautmanis «Riga. The Complete Guide to Architecture»; Riga, Projekts 2004